С творчеством — по жизни

dsc_0038 Ёсць людзі, пры сустрэчы з якімі адразу ўзнімаецца настрой. Мая гераіня менавіта з той катэгорыі. Жыццярадасная, прыгожая, заўсёды з усмешкай, з аптымізмам ідзе па жыцці і вучыць сваіх выхаванцаў рабіць таксама.

dsc_0041 dsc_0054 dsc_0061Ірына Трубека, педагог дадатковай адукацыі студыі “Яркія фарбы” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, — жанчына, з якой хочацца браць прыклад. Творчая натура, адкрытая душа, якая адорвае акружаючых сваёй цеплынёй. Слухаю яе і думаю, як пашанцавала яе навучэнцам.
У выставачнай зале Цэнтра рамёстваў адкрылася выстава выпускнікоў Ірыны Мікалаеўны.
З уступным словам да ўсіх прысутных звярнулася Алена Барадзейка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якая павіншавала выпускнікоў і іх педагога.
Алёна Дабрыднева, педагог дадатковай адукацыі раённага ЦДіМ, кажа:
— Мы ганарымся нашымі выпускнікамі. Многія займаюцца ў цэнтры дзяцей і моладзі шмат гадоў. Некаторыя змянілі свой напрамак творчасці, але засталіся займацца ва ўстанове. Пра Ірыну Мікалаеўну можна казаць толькі самыя цёплыя словы. Яна заўсёды з усмешкай на вуснах, якой радуе сваіх калег і выхаванцаў кожны дзень.
Было вельмі цікава паглядзець на першыя карціны выпускнікоў і параўнаць іх з тымі, якія на выставе. Трэба адзначыць, што пройдзены вялікі творчы шлях, дзякуючы выдатнаму педагогу і прафесіяналу. На выставе прадстаўлены сапраўдныя шэдэўры.
У адрас кожнага з навучэнцаў былі сказаны асаблівыя радкі ад педагога.
Анастасія Міхно не змагла прыйсці на выставу, аднак педагог ахарактарызавала дзяўчынку толькі добрымі словамі. Па першай рабоце можна сказаць, што мае здольнасці, якія з часам развіліся ў разы. Яе карціна “Карабель” уражвае эмоцыямі. Хвалі бушуюць, а карабель ідзе. Напэўна, і Анастасія не баіцца перашкод на шляху і ідзе да сваёй мэты.
“Паліна Каваленка — добрая, мудрая, чулая дзяўчынка”, — кажа Ірына Мікалаеўна. Першы раз прыйшла на заняткі ў трэцім класе. Шэсць гадоў займалася любімай справай. Падабаецца пісаць акварэллю. Менавіта мяне ўразіла яе карціна “Ірысы”, на якой бачу багацце фарбаў. Кветкі выглядаюць як сапраўдныя, толькі не маюць паху, бо на паперы.
Анастасія Лебедзева — стыльная, зычлівая і вельмі адказная. Яе работы напісаны пастэллю і масленымі фарбамі. Таксама займалася ў свайго любімага педагога шэсць гадоў. Быў перыяд, калі хацела пакінуць мастацтва, аднак цікавасць да любімай справы перамагла.
Дар’я Клундук — спакойная, сціплая, далікатная і ласкавая. Яе карціна “Вадаспад кветак” кажа пра характар аўтара. Гледзячы на спакойныя колеры, адчуваеш раўнавагу і цішыню. Як быццам намаляваныя кветкі запрашаюць паразважаць. Больш любіць працаваць з гуашшу.
Цімафей Клопаў — высокі, статны хлопец, ростам вышэй за свайго педагога. Таленавітая, творчая асоба, у якой ужо выпрацаваўся ўласны стыль. Чалавек, які разумее ў мастацтве, адразу зможа пазнаць аўтара. Працуе ў асноўным з гуашшу. “Райскае месца”, “Lips” — карціны, якія ўразілі ўсіх гледачоў. А модульныя пейзажы “Асенні парк”, думаю, многія б хацелі мець у сябе дома. Збіраецца працягнуць вучобу ў мастацкім накірунку.
Лізавета Броўкіна прыйшла займацца мастацтвам да Ірыны Трубека ў другім класе. Мае валявы шматгранны характар. Неардынарна падыходзіць да любой справы. Калі ўсе малявалі мост, яна вырашыла пайсці крыху ў іншым напрамку — і атрымалася карціна “Пад мостам”. Акрамя гэтага, піша гуашшу і акварэллю. А нядаўна з’явілася і графіка. Мне ж больш за ўсё спадабалася модульная карціна з кветкамі ў цёплых, прыемных воку танах.
Кацярына Сімакова займаецца менш за іншых, толькі тры гады, аднак дзякуючы сваім здольнасцям, таленту і працавітасці хутка дагнала па праграме астатніх навучэнцаў. За гэты перыяд напісала шмат работ, якімі б можна было запоўніць усю залу Цэнтра рамёстваў. У бліжэйшым часе адбудзецца яе персанальная выстава.
Юлія Крыцкая таксама далучылася да навучання пазней астатніх выхаванцаў. Дзяўчынка вучыцца ў адзінаццатым класе Стайскай сярэдняй школы. Яе вялікае жаданне займацца творчасцю не мае перашкод. Прыязджае на заняткі са Стай. Можа быць сур’ёзнай, можа быць вельмі вясёлай, да кожнай работы ставіцца адказна.
Узорны тэатральны калектыў “Трыяда” (педагог Алёна Дабрыднева) падрыхтаваў для выпускнікоў падарунак. Ліза Клавовіч вельмі натхнёна расказала пра прыгажосць нашага Лепеля. Яе ласкавы голас суцішыў у зале нават самых вялікіх непаседаў. Неаднаразова бачыла выступленні выхаванцаў студыі, заўсёды краналі за душу. Адчуваецца прафесіяналізм і вялікая праца педагога.
Многія бацькі сказалі ў адрас Ірыны Мікалаеўны шмат цёплых слоў, падзякавалі за працу з іх дзецьмі. Адчуваліся адносіны не бацькоў і педагога, а сапраўдных сяброў, у якіх ёсць агульная мэта.
Паліна Мурашка, Лізавета Трубека і Вераніка Лось, якія займаюцца ў педагога Марыі Шумель у студыі эстрадных спеваў “Гармонія”, праспявалі для выпускнікоў і іх педагога акапельна пра красачкі-пралескі.
Павіншавалі Ірыну Мікалаеўну з чарговым выпускам і выставай супрацоўнікі на чале з дырэктарам Алай Чуро, пажадалі і надалей быць такой жа пазітыўнай, творчай асобай. Выпускнікам таксама былі ўручаны падзякі.
Не засталіся ўбаку і выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Ігра на гітары “Лад” (педагог Аляксандр Астроўскі) Сяргей Крывіцкі і Марыя Ласкіна. Яны разам са сваім педагогам выканалі музычную кампазіцыю “Палёт арла”. Марыя і Сяргей зараз вучацца ў адзінаццатым класе, таксама выпускнікі цэнтра дзяцей і моладзі. Аляксандр Генадзьевіч упэўнены, што музыка будзе ісці разам з імі па жыцці і дапамагаць у розных сітуацыях.
Выходзячы з будынка Цэнтра рамёстваў, разумею, што толькі таленавіты педагог можа выхаваць такіх здольных дзяцей. Сумна развітвацца Ірыне Мікалаеўне і Аляксандру Генадзьевічу са сваімі выхаванцамі, з якімі працавалі шмат гадоў, аднак, я ўпэўнена, на ўсё жыццё яны запомняць менавіта педагога, якія адкрыў іх здольнасці.
Н. ВЕСЯЛОЎСКАЯ.
На здымках: моманты мерапрыемства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.