Сагрэць адзінокія сэрцы лепяльчан

Без имени-1  Жыццё непрадказальнае. Ніхто не ведае, дзе давядзецца дажываць апошнія гады. Магчыма, што і ў доме для састарэлых. А як выглядае гэты дом, у якіх умовах жывуць тут людзі? Гутарым з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталляй Івановай.

— Такой назвы, як дом састарэлых, не існуе. Ёсць аддзяленне для кругласутачнага знаходжання пажылых людзей «Святліца» ў Камені. Працуе яно са снежня 2005 года і разлічана на шэсцьдзясят чалавек.

Колькі людзей там знаходзіцца зараз і што гэта за людзі?

 — Сорак два чалавекі, пераважная большасць —жанчыны (31). Сярод пастаяльцаў трыццаць сем адзінокіх людзей, сем інвалідаў, адзін вязень фашысцкіх засценкаў.

Адзінокія карыстаюцца льготнымі ўмовамі?

 — Яны не плацяць за пражыванне, аднак восемдзесят пяць працэнтаў пенсіі ў час знаходжання ідзе ў даход дзяржавы. Тыя ж, у каго ёсць дзеці, плацяць за пражыванне цалкам.

— Хто і як абслугоўвае пажылых людзей?

 — Тут працуюць дваццаць адзін чалавек абслуговага персаналу: медсёстры, загадчык гаспадаркі, сацыяльныя і кухонныя работнікі і г.д. Узначальвае аддзяленне Алена Чувіліна.

У якіх умовах жывуць састарэлыя людзі?

 — Хоць аддзяленне было створана параўнаўча нядаўна і плошчы не зношаныя, аднак увесь час штосьці рамантуем, удасканальваем, мадэрнізуем, як кажуць, не запускаем будынак. Штогод праводзім касметычныя рамонты. Адрамантавалі бітумны дах. Акрамя таго, у снежні мінулага года ўдасканалілі цепласістэму. Агульны кошт праекта па цепласістэме склаў 221,4 мільёна рублёў. Сёлета была зманціравана гелія­ўстаноўка для награвання вады, якая выкарыстоўваецца ў харчблоку. Для гэтага ў падвале ўстанавілі спецыяльныя бакі, а на даху — абсталяванне, якое падагравае ваду за кошт сонечнай энергіі.

— Хто фінансаваў гэтыя праекты?

 — Праект мадэрнізацыі цепласістэмы фінансаваў фонт «Экамір», з якога было выдзелена 201,6 мільёна рублёў, а таксама мясцовы бюджэт. Былі задзейнічаны і пазабюджэтныя сродкі, заробленыя ў выніку комплекснага надомнага абслугоў­вання і разавых паслуг, што аказвала аддзяленне тэрміновай дапамогі. Геліяўстаноўка была зманці­равана ў межах праграмы энергаэфектыўнасці. Усяго гэты праект каштаваў 258,6 мільёна рублёў. З іх 114,6 мільёна выдаткаваў фонд «Экамір». Сто дзесяць мільёнаў было затрачана з рэспубліканскага бюджэту і трыццаць чатыры — з мясцовага.

— Чыё гэта абсталяванне і хто яго манціраваў?

 — Абсталяванне айчыннай вытворчасці. Было пастаўлена «Экамірам» з Гомеля і зманціравана работнікамі гомельскай фірмы «Цеплаэнергамантаж».

Што яшчэ зроблена для паляпшэння ўмоў жыцця пажылых людзей?

 Будуем у аддзяленні лазню. Будаўніцтва пачалося летась і пры наяўнасці сродкаў павінна быць закончана ўжо ў гэтым го­дзе. Лазня ўзводзіцца ў традыцыйным народным стылі і ў той жа час па сучасных тэхналогіях. Там будзе і санвузел, і парылка, і пакой для адпачынку, дзе можна будзе зрабіць фітамасаж. Часткова сродкі на будаўніцтва вы­дзеліла швейцарская фірма, астатнія —  з мясцовага бюджэту.

Раскажыце падрабязней пра ваша супрацоў­ніцтва са швейцарцамі.

— Ужо не першы год дапамагае нам швейцарскі дабрачынны фонд WE-HELP. Сёлета, напрыклад, пералічыў дванаццаць тысяч еўра, дзякуючы чаму мы мадэрнізавалі душавыя кабінкі. Закуплены дзве пральныя машыны «БОШ» з загрузкаю па сем кілаграмаў.

Хто яшчэ спансіруе ад­дзяленне?

 — Пансіянат «ЛАДЭ» вы­дзеліў сродкі для набыцця шасцідзесяці пакрывалаў і камплектаў штор для жылых пакояў. Мінская фірма «Міжнародны дзелавы альянс» дапамагла мадэрнізаваць пакой для мыцця бялізны, закупіла прасавальнае абсталяванне.

Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: геліяўстаноўка, зманціраваная ў «Святліцы» ў межах праграмы энергазберажэння.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.