Сегодня — День медицинского работника


У трэцюю нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі самай гуманнай і запатрабаванай прафесіі — работнікі медыцынскай сферы. І сапраўды, людзі ў белых халатах назіраюць за чалавекам з самага нараджэння і на працягу ўсяго жыцця, кантралююць стан яго здароўя, працягваюць у складаныя жыццёвыя перыяды руку дапамогі.
Звычайна напярэдадні свята мы пішам пра ўрачоў-хірургай, педыятраў, аднак гэта таксама прафесійнае свята калектыву раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, які клапоціцца пра наша здароўе, а ў апошнія гады знаходзіцца на перадавой у барацьбе з каранавірусам.
Эпідэміялагічная абстаноўка ў раёне добрая і заслуга ў тым калектыву цэнтра пад кіраўніцтвам маладога, аднак кампетэнтнага, адказнага і ўважлівага да людзей галоўнага ўрача Вікторыі Каротчык-Ласкай.
Работнікі райЦГіЭ вядуць карпатлівую работу па забеспячэнні кантролю за якасцю пітной вады і харчовых прадуктаў, за ўмовамі харчавання і навучання дзяцей і падлеткаў, умовамі працы працуючых і многімі іншымі аспектамі. У цэлым іх праца забяспечвае санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва і ажыццяўляе прафілактыку развіцця інфекцыйных і масавых неінфекцыйных захворванняў.
Менавіта гэтыя людзі, таксама ў белых халатах, становяцца на барацьбу з рознымі эпідэміямі, не дапускаюць усплескаў захворванняў, а калі такія адбываюцца, — імкнуцца хутка пагасіць «пажар». Таму і папулярна сцвярджэнне, што традыцыйныя ўрачы пазбаўляюць ад хвароб чалавека, а санітарныя лечаць чалавецтва.
Іх дзейнасць у асноўным незаўважная. Але гэта з’яўляецца не недахопам, а, наадварот, добрай якасцю. Значыць, праца выканана хутка і якасна, і надзвычайная сітуацыя засталася па-за полем зроку насельніцтва і расцэньваецца як звычайная паўсядзённая руціна. І ўсё гэта дзякуючы рабоце некалькіх пакаленняў урачоў-гігіеністаў, эпідэміёлагаў, памочнікаў урачоў, спецыялістаў лабараторнай службы, якія штодзень прафесійна выконваюць сваю работу.
У раённым цэнтры працуе 36 супрацоўнікаў, у тым ліку 4 урачы і 17 чалавек сярэдняга медперсаналу.
З гісторыі стварэння службы
Гісторыя санітарна-эпідэміялагічнай службы Беларусі пачалася ў 1926 годзе і абумоўлена была неабходнасцю барацьбы з эпідэміямі інфекцыйных захворванняў у перыяд пасляваеннай разрухі.
Першыя згадкі аб дзейнасці санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна адносяцца да 1944 года. У пасляваенныя гады асноўныя намаганні былі накіраваны на зніжэнне захворвання сыпным, брушным тыфам, дызентэрыяй, дыфтэрыяй.
У розныя гады санітарную службу раёна ўзначальвалі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. З 1977 года па 2006 год галоўным санітарным урачом раёна працаваў Алег Варган, які потым перадаў кіраўніцтва Галіне Аўдзіевіч.
Вялікі ўклад у дасягненне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту жыхароў раёна таксама ўнеслі ветэраны службы Вольга Наскова, Ніна Кліменцьева, Надзея Аўласка, Вера Лабачова, Ганна Байкова і іншыя спецыялісты.
Пачынаю ўзгадваць сённяшні калектыў і разумею, што ён у асноўным жаночы. Прафесія галоўнага санітарнага ўрача раёна — вельмі складаная і патрабуе, акрамя прафесійных ведаў, падвышанай уважлівасці, нават у дробязях, высокай ступені адказнасці, бо на кану здароўе людзей. Вікторыя Аляксандраўна з усім гэтым спраўляецца на выдатна.
Аддзелам эпідэміялогіі загадвае Наталля Паборцава, якая шмат гадоў працуе ў цэнтры, адданая сваёй прафесіі і любіць яе ўсёй душой, а разам з ёй памочнік урача-эпідэміёлага Людміла Буракова.
Лабараторным аддзелам, у які ўваходзяць мікрабіялагічная і санітарна-гігіенічная лабараторыі, загадвае Таццяна Шаманідзі. Загадчыцай мікрабіялагічнай лабараторыі з’яўляецца Мая Хацько. Вопытныя і кампетэнтныя спецыялісты пад кіраўніцтвам Маі Анатольеўны і Таццяны Віктараўны ажыццяўляюць даследаванні пітной вады, харчовых прадуктаў, іншых аб’ектаў навакольнага асяроддзя па фізіка-хімічных, мікрабіялагічных, радыеметрычных паказчыках. Дзякуючы іх прафесіяналізму і сур’ёзным адносінам да справы сёння лабараторыя паспяхова праводзіць розныя даследаванні.
Аддзелам прафілактычнай дэзінфекцыі кіруе Ірына Лях, для якой праца ў прафесіі стала неад’емнай часткай жыцця.
Не магу не адзначыць памочнікаў урача-гігіеніста Наталлю Тарасаву, Вольгу Хацкевіч, Ганну Доўнар, з якімі неаднаразова мне даводзілася бываць у рэйдах рознага кшталту, З упэўненасцю магу адзначыць, што сёння да іх прыслухоўваюцца кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, а таксама адказныя асобы, з імі раяцца, выконваюць іх рэкамендацыі. Значыць, у спецыялістаў правільны падыход у працы, таму што нават самыя дробныя парушэнні санітарных нормаў і правілаў могуць прывесці да вялікіх непрыемнасцяў. Яны працуюць на папярэджанне, і ў іх гэта атрымліваецца.
Хочацца таксама адзначыць спецыяліста ў сваёй справе, аператара ПВЭМ, сакратара цэнтра Тамару Грэчыхіну, якая працуе тут 24 гады. Тамара Уладзіміраўна адказна і добрасумленна выконвае розныя дзелавыя даручэнні кіраўніка, імкнецца да павышэння кваліфікацыі, прафесійнага росту.
Некалькі слоў хочацца сказаць і пра дзяўчат з бухгалтэрыі, якія забяспечваюць фінансавую стабільнасць установы. Дзякуючы галоўнаму бухгалтару Наталлі Тухта, бухгалтарам Наталлі Скрабнеўскай і Таццяне Панамаровай супрацоўнікі заўсёды своечасова атрымліваюць заработную плату і ўпэўнены ў заўтрашнім дні.
Увогуле, згуртаваная і дружная каманда цэнтра выконвае вялікі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне здароўя насельніцтва і асяроддзя, павышэнне фізічнай актыўнасці, арганізацыю здаровага харчавання, прафілактыку прафесійных захворванняў, паляпшэнне ўмоў працы людзей, якія працуюць на прадпрыемствах і ўстановах раёна, прафілактыку шкодных звычак і шмат чаго іншага.
— Паважаныя калегі, віншую вас з прафесійным святам! Ад душы жадаю вам шчасця, міру і цярпімасці. Мы з вамі здольныя на многае дзеля здароўя жыхароў нашага раёна. Жадаю і надалей ніколі не апускаць рук і заўсёды стаяць на варце дабрабыту і добрага самаадчування чалавека. Здароўя вам і вашым сем’ям, сіл і ўпэўненасці, бадзёрасці духу і аптымізму ў душы, — напярэдадні свята пажадала Вікторыя Аляксандраўна.
Мы таксама далучаемся да віншаванняў галоўнага санітарнага ўрача і жадаем калектыву здароўя і поспехаў у важнай дзейнасці.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.