Слово “Мальта” у подавляющего большинства белорусов ассоциируется с отдыхом

На днях аўтару гэтых радкоў стала вядома аб тым, што ў Лепелі прадпрымальнік адкрывае басейн. Для горада аб’ект запатрабаваны, таму вырашыў распытаць больш падрабязна. Сустрэліся па адрасе Дэпоўская, 10. Мае суразмоўцы Сяргей і Ірына Кавалеўскія.

img_0943

Іх новай справай стаў невялікі аб’ект, які ўключае невялікі басейн памерамі два на чатыры з паловай метры і глыбінёй у паўтара, саўну і хамам — турэцкую лазню. Аб’ект разлічаны на адначасовае знаходжанне да шасці-васьмі чалавек.
Пытаюся ў Сяргея Кавалеўскага:
— Як вам прыйшла гэтая ідэя?
— Я сам даўно жыву і працую ў Мінску, у мяне невялікая фірма, ТАА “Энергія вады”. Займаемся будаўніцтвам, рамонтам і абслугоўваннем саўн, басейнаў і іншых падобных аб’ектаў. Назапасілі багаты вопыт, ведаем, якія матэрыялы і тэхналогіі лепш прымяняць, каб атрымаць аздараўленчы эфект. Але аднойчы (гэта было тры гады таму) Ірына кажа мне: “А чаму б і нам не паспрабаваць зрабіць такую ж? Хаця б невялікую…
Першапачатковая ідэя зрабіць саўну з басейнам у Мінску была адкінутая адразу ж, там і так хапае падобных аб’ектаў. Лепель — мой родны горад, тут жыве мой бацька, рэгулярна сюды прыязджаем.
— Які час прайшоў ад першапачатковай ідэі да канчатковай яе рэалізацыі?
— Тры гады. Гэтае памяшканне калісьці было вытворчым складам. Вы б ведалі, колькі сіл, энергіі, грошай было ўкладзена! Нават не верыцца, што засталося толькі прымацаваць ля дзвярэй шыльду “Мальта”.
— Чаму “Мальта”?
— Слова “Мальта” ў пераважнай большасці беларусаў асацыіруецца з адпачынкам, рэлаксам, калі расслабляецца кожная клетачка арганізма, усё цела напаўняецца сіламі і здароўем. Ды і слова гэта простае, кароткае. Уяўляю сабе, як сябры ў кампаніі падаюць ідэю: “Паедзем у Мальту”. І яны адразу ведаюць, што гэта тут, побач, у Лепелі.
img_0939— Чуў, што ёсць фінская саўна, беларуская лазня, а што такое хамам?
— Вы пералічылі тры асноўныя тыпы саўнаў, яны ў асноўным адрозніваюцца вышынёй тэмпературы і вільготнасцю. Фінская саўна мае тэмпературу 100 — 120 градусаў, вільготнасць дапускаецца каля пяці-сямі працэнтаў. Калі моцна напаліць нашу лазню, можна атрымаць прыблізна такі ж эфект, ледзьве ўседзіш на палку. Далей ідзе беларуская лазня, у якой парацца пры тэмпературы каля 70 — 90 градусаў і вільготнасці 30 — 40 працэнтаў. Многія маюць дома або ў вёсцы ў бацькоў падобныя. Турэцкі варыянт называецца хамам — працэдуры праводзяцца пры тэмпературы да 55 градусаў і стапрацэнтнай вільготнасці.
— Як гэта дзейнічае?
— Я, дапусцім, рабіў наступным чынам. Спачатку раз ці два заходзіў на тры-чатыры хвіліны ў парылку, пасля абдаваўся халадзёнкай. А потым — хамам, хвілін на 15 — 20. За гэты час цела расслабляецца, адкрываюцца ўсе поры, арганізм ачышчаецца. А потым — у басейн. Так раблю я, а іншыя людзі могуць прыдумаць свае варыянты, выкарыстоўваць крэмы, скрабы, іншыя сродкі догляду цела.
— Парылка ў вас, бачу, выдатная…
— Сцены саўны абабітыя дошкамі з канадскага кедру, устаўкі — з гімалайскай солі. Пры награванні яны выдзяляюць карысныя рэчывы, якія дабратворна ўздзейнічаюць на дыхальную сістэму.
Прадмет нашага асаблівага гонару — хамам. Памяшканне награваецца за кошт электраэнергіі, таму тэмпературны рэжым можна дакладна вытрымліваць, а пара падаецца парагенератарам. Падлога, сцены апрацаваны керамічнай пліткай, на столі зрабілі эфект зорнага неба. Выкарыстоўвалі спецыяльныя светадыёдныя свяцільні. Гэта яшчэ элемент і святлотэрапіі, калі аздараўленчае ўздзеянне накіравана комплексна — праз тэмпературу і вільготнасць на скуру, праз водары — на дыхальную сістэму, а ад зорнага неба — на вочы, свядомасць. Словам, я пасля такіх працэдур выходзіў, нібыта нанова нарадзіўся.
— А басейн?
— Сцены і дно зроблены са спецыяльнага поліпрапілену, даўгавечнага гіпаалергеннага матэрыялу, які не выдзяляе ў ваду ніякіх пабочных рэчываў. Устаноўлена і пастаянна функцыянуе сістэма фільтрацыі і ачысткі вады. А яшчэ адзін прадмет нашага гонару — сістэма воднага масажу. Вада падаецца струменямі ад адной сценкі да другой так, што нават можна плаваць, атрымліваецца нібыта бегавая дарожка, толькі для плавання. А можна стаць — і струмені вады будуць рабіць масаж цела.
У пакоі адпачынку стаіць новая дыхтоўная мэбля, ёсць міні-кухня з электрачайнікам. Можна прыгатаваць чай ці каву, прынесці з сабой бутэрброды, цукеркі і пячэнне для дзяцей.
— Якія планы на далейшае?
— У першую чаргу трэба добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю. З боку саўны падыходзіць вялікая пустка. Трэба будзе ўзвесці з аднаго боку агароджу, зрабіць паркоўку на некалькі машын, магчыма, выкапаць невялікую сажалку. Потым альтанку для адпачынку на свежым паветры. А ў больш аддаленай перспектыве паставіць японскую бочку фуракэ (націск на апошнюю літару). Напэўна, бачылі, як адзін з герояў расійскага фільма “Асаблівасці нацыянальнага палявання” сядзеў у такой, вада там адначасова падагравалася, а навокал быў мароз і сыпаў снег. Я бачыў такое ў Мінску — адчуванні неверагодныя.
А ў Лепелі будзе лепей. Запрашаем да нас на адпачынак.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.