Спецыялісты дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” праверылі аб’екты гандлю

pesticidy_v_ovoshah Спецыялісты дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” праверылі аб’екты гандлю, грамадскага харчавання і харчовай прамысловасці раённага спажывецкага таварыства па захаванні санітарных нормаў і правілаў. З 22 лютага па 25 сакавіка 2016 года імі быў ахоплены 21 аб’ект гандлю з 61 і тры аб’екты грамадскага харчавання з 15.
У выніку прадпісанняў у рэстаране “Хваля” набыты новы кухонны камбайн і 230 адзінак кухоннага і ўборачнага інвентару, устаноўлена новая сістэма вентыляцыі, адрамантавана сістэма кандыцыянавання залы для наведвальнікаў і заменена плітка на падлозе і сценах харчблока, падключана гарачая сцёкавая вада да ракавіны для мыцця рук персаналу, а ў кафэ “Беларускае бістро” куплена сем адзінак кухоннага інвентару замест ёмістасцяў з пашкоджанай эмаллю, зменена расстаноўка тэхналагічнага абсталявання для забеспячэння паточнасці тэхналагічных працэсаў, на кантэйнернай пляцоўцы ўстаноўлена агароджа, кантэйнеры падпісаны.
Некаторыя парушэнні не патрабуюць буйных фінансавых укладанняў, з’яўляюцца вынікам нядобрасумленнага выканання работнікамі сваіх функцыянальных абавязкаў. Так, пры праверцы размеркавальных складоў раённага спажывецкага таварыства парушаліся ўмовы захоўвання прадукцыі, якая хутка псуецца: у складзе №15 на драўляных стэлажах, пакрытых паперай, навалам у адной і той жа каробцы сумесна захоўваліся без ахалоджвання сыры, замарожанае мяса птушкі (бройлера), замарожаныя мясныя паўфабрыкаты (мясны фарш, бядро мяса птушкі), а таксама знаходзіліся на драўляных стэлажах без ахалоджвання рыбныя прэсервы “Селядцы атлантычныя, жырныя” ў поліэтыленавых ёмістасцях па 320 — 350 грамаў пры нарміруемым тэмпературным рэжыме для дадзенага віду прадукцыі ад мінус двух да мінус васьмі градусаў. Акрамя таго, захоўвалася мясная гастранамія, замарожаныя мясныя паўфабрыкаты на драўляных стэлажах без ахалоджвання: замарожаная мясная прадукцыя “Шашлык для пікніка” ў поліэтыленавых ёмістасцях па 0,9 кг пры нарміруемым тэмпературным рэжыме для дадзенага віду прадукцыі не вышэй за мінус восем градусаў; каўбаса варана-вэнджаная з мяса птушкі “Салямі купецкая”, сасіскі з мяса птушкі “Гасціныя, новыя”, каўбаса вараная з мяса птушкі “Чайная смачная” пры неабходным тэмпературным рэжыме ад 0 да 4 градусаў і 4 — -2, у той час як тэмпература ў складзе №7 складала плюс 10 градусаў.
З правераных у апошні час 24 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання рэалізацыя прадукцыі з закончаным тэрмінам прыдатнасці, без маркіроўкі прадпрыемства-вырабляльніка выяўлена ў 13. Вага забракаванай прадукцыі склала 109,8 кг. Прычым тэрміны рэалізацыі некаторай прадукцыі закончыліся больш за сем месяцаў таму (прынамсі, у магазіне №88 вёскі Суша прадавалася сем бутэлек мінеральнай вады “Марыля” аб’ёмам па 1,5 літра, тэрмін прыдатнасці якой закончыўся 21 ліпеня 2015 года).
У нездавальняючым санітарным становішчы былі тэрыторыі, памяшканні і абсталяванне размеркавальных складоў раённага спажывецкага таварыства, магазіна №88 вёскі Суша, магазіна №77 вёскі Губіна, магазіна №60 па вуліцы Партызанская, магазіна №15 па вуліцы Лабанка і магазіна №9 па вуліцы Чуйкова.
Не вырашаным застаецца пытанне аб утылізацыі адходаў вытворчасці, якія не могуць быць у далейшым падвергнуты перапрацоўцы на харчовыя мэты на жывёлабойным прадпрыемстве раённага спажывецкага таварыства (рагі, капыты, унутраныя органы жывёл).
Вольга ХАЦКЕВІЧ,
памочнік урача-гігіеніста ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.