Сто дней и сто забот начальника отдела образования Лепельского райисполкома Анатолия Карпицкого

img_4367Неўзабаве – сто дзён, як Анатоль Карпіцкі ўзначаліў аддзел па адукацыі Лепельскага райвыканкама. Мы сустрэліся напярэдадні з новым начальнікам, каб даведацца, чым запоўніліся і запомніліся яго першыя сто дзён на новай пасадзе.
— Анатоль Міхайлавіч, аддзел, які вы ўзначальваеце, стаў называцца крыху па-іншаму?
— Так. Праўда, гэта адбылося яшчэ да майго прыходу, у чэрвені бягучага года, калі ў выніку рэструктурызацыі стаў самастойным сектар спорту і турызму. Ён зараз падпарадкоўваецца Міністэрству спорту і турызму. А мы, адпаведна, сталі называцца аддзелам па адукацыі райвыканкама.
— Вы прыйшлі на новую пасаду ў трэцяй дэкадзе ліпеня. І з чаго пачалі?
— З аб’езду нашых навучальных устаноў. Трэба было азнаёміцца з тым, што зроблена, акрэсліць на месцы праблемы. Першыя паездкі былі ў Бароўскую, Заслонаўскую сярэднія школы, наведалі дзіцячы сад №9.
— Пра што былі першыя клопаты?
— Паўстала шмат спраў у сувязі з пераходам гарадскіх школ на арганізацыю самастойнага харчавання. На працягу лета трэба было ва ўсіх іх замяніць абсталяванне харчблокаў. Набывалі халадзільнікі, машыны для мыцця посуду, параканвектаматы і г.д. Замянілі па-сутнасці ўсё кухоннае абсталяванне, якое з’яўлялася ўласнасцю раённага спажывецкага таварыства. Мянялі абсталяванне ў гарадскіх школах, дзіцячых садах, а таксама ў Бароўскай ды Заслонаўскай СШ. Можаце сабе ўявіць маштабы, калі на гэта было затрачана больш за сто дзесяць тысяч рублёў.
— І посуд новы набылі?
— Змянілі і посуд, але гэта не самыя вялікія выдаткі ў параўнанні з іншымі.
— Акрэсліце сутнасць самастойнай сістэмы харчавання.
— Адмовіўшыся ад паслуг райспажыўтаварыства, мы зараз рыхтуем дакументы, выстаўляем на аўкцыён лоты з найменнямі харчовай прадукцыі (крупы, цукар, алей і г.д.) і выбіраем тых пастаўшчыкоў, у якіх гэта прадукцыя танней. З імі і заключаем дамовы. Па тэндары набывалі і абсталяванне.
— Ці даўкамплектоўвалі харчблокі?
— Так. Уведзена больш за дзесяць новых штатных адзінак: повары, кладаўшчыкі, кухонныя рабочыя і г.д.
— Якія перавагі новай сістэмы арганізацыі харчавання?
— Яна дае эканомію сродкаў. Дзякуючы гэтаму маем магчымасць працягваць абнаўленне абсталявання. Грошы застаюцца ў нашым ведамстве. Абеды сталі больш якаснымі за кошт таго, што мы самастойна рэгулюем выкананне натуральных нормаў. Кожная школа працуе на аснове двухтыднёвага прыкладнага меню, распрацаванага тэхнолагам аддзела па адукацыі і ўзгодненага з ДУ “Лепельскі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.
— А школы могуць уносіць карэктывы ў меню?
— Могуць, але, зноў жа, павінны ўзгадняць з санэпідэміёлагамі.
— З якімі прадпрыемствамі раёна супрацоўнічаеце?
— З філіялам “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, хлебазаводам, часткова — з раённым спажывецкім таварыствам і іншымі. Справа ў тым, што новая сістэма яшчэ не зусім “абкатана” і часам трапляюцца нядобрасумленныя пастаўшчыкі, так што адмаўляцца ад паслуг райспажыўтаварыства цалкам пакуль не выпадае.
— Якімі яшчэ справамі на новай пасадзе давялося вам заняцца?
— Зразумела, рамонтам. Правялі бягучыя рамонты ва ўстановах адукацыі на агульную суму каля двухсот сямідзесяці тысяч рублёў. Падладзілі дахі ў дзіцячых садах №5 і №6, у Горскім, Матырынскім, плануем — у Поўсвіжскім дзіцячым садзе. Шчыра кажучы, станам дахаў я цікавіўся асабіста, давялося нават лезці наверх і высвятляць на месцы прычыны, чаму яны цякуць. Падладзілі сістэмы ацяплення ў Заслонаўскай, Поўсвіжскай школах, часткова — гімназіі. Пры гэтым не засталося ўбаку і КУВП “Бароўка”, якому перададзена каля сямідзесяці працэнтаў цепласетак, а ў наступным годзе плануем перадаць і астатнія.
— Якія змены адбыліся за гэты час у адукацыйным працэсе?
— Сёлета на базе СШ №3 арганізаваны базавы дзясяты клас на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Дваццаць адзін чалавек (дзесяць хлопцаў і адзінаццаць дзяўчат), акрамя іншага, займаюцца прафесійнай падрыхтоўкай на базе каледжа. Хлопцы асвойваюць прафесію слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын, дзяўчаты вучацца на прадаўцоў. У раёне працуюць таксама класы з фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, гістарычным, лінгвістычным і іншымі профілямі. З пачатку новага навучальнага года па суботах на базе СШ №1 працуе міжшкольны факультатыў па біялогіі, на базе гімназіі — па хіміі, у Бароўскай СШ — па гісторыі. Акрамя таго, заключылі дамову аб супрацоўніцтве з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя Машэрава. Нашы дзеці раз у месяц выязджаюць у навучальную ўстанову, дзе слухаюць лекцыі, прымаюць удзел у практычных занятках. Гэта дае магчымасць больш якасна падрыхтавацца да ўдзелу ў трэцім і чацвёртым этапах школьных алімпіяд. Сам вучыўся ў гэтай навучальнай установе, а таксама Наталля Каўрыгіна, якая загадвае метадычным кабінетам аддзела па адукацыі, — выпускніца хіміка-біялагічнага факультэта ўніверсітэта. Так што асновы нашага супрацоўніцтва трымаюцца таксама і на асабістых стасунках.
— Як выглядаюць справы па падвозе дзяцей?
— Падвозім чатырыста дзевяноста пяць дзяцей з шасцідзесяці двух населеных пунктаў у пятнаццаць устаноў адукацыі. Арганізаваны таксама падвоз дзяцей з горада ў Поўсвіжскі і з Заслонава — у Горскі дзіцячыя сады. У нашым распараджэнні — дванаццаць аўтобусаў, на якіх працуюць вопытныя вадзіцелі. Сёлета набылі новы аўтобус. Не так даўно — яшчэ тры. Так што стан тэхнікі задавальняе. Калі ж патрабуецца рамонт, выконваем яго аператыўна. Значны рамонт — цэнтралізавана, па дамове з рамонтным цэнтрам, дробныя выконваюць самі вадзіцелі. У аддзеле ёсць механік, які дапамагае набываць запчасткі.
— Анатоль Міхайлавіч, што вас здзівіла, усцешыла, азадачыла ў гэтыя першыя сто дзён?
— Я трыццаць гадоў у сістэме адукацыі, і мяне цяжка чымсьці здзівіць. Усе праблемы мне добра вядомыя, толькі на гэты раз давялося іх вырашаць у якасці кіраўніка. Азадачвае недахоп сродкаў, але калі імі распараджацца разумна, то і гэта не бяда. Усцешылі поспехі. Раённая сістэма адукацыі трымае планку. Скажам, занялі чацвёрты радок сярод дваццаці чатырох раёнаў вобласці па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.
— Ці збіраецеся рабіць “кадравую рэвалюцыю”?
— Рэвалюцыя — справа няўдзячная, і ў кадрах — прынамсі. Адказны кіраўнік ніколі не будзе спяшацца. Трэба з людзьмі папрацаваць, вызначыцца, хто на што варты і потым ужо рабіць высновы, калі гэтыя высновы ўвогуле спатрэбяцца.
— Дзякуй вялікі. І поспехаў вам.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Анатоль Карпіцкі — сто дзён на пасадзе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.