В каждой эпохе — свои герои

000Кнігі бываюць розныя: жартоўныя і сур’ёзныя, літаратурна-мастацкія і дакументальна-публіцыстычныя. Бываюць выданні відавочна “прахадныя”, якіх шырокая чытацкая аўдыторыя можа і ўвогуле не заўважыць. Так, аўтар нешта выдаў, тым болей у наш час, калі пераважна выдаюць сваім коштам і самі пасля распаўсюджваюць. Аўтар надрукаваўся, а чытачоў так і не знайшоў. А ёсць кнігі іншага кшталту. Быццам бы яны і някідкія, і аб’ёмам невялікія, часам — брашуркі, а патрэбныя і таму відавочна запатрабаваныя спецыфічным чытачом. Хай не адразу іх раскупяць, такія кніжкі асядуць у бібліятэках, трапяць у навучальныя ўстановы і будуць доўга затым служыць у якасці своеасаблівага энцыклапедычнага даведніка па канкрэтнай тэме.
Да такой катэгорыі адносіцца і кніжка “У бляску і цяні салдацкіх крыжоў” (з падзагалоўкам “Георгіеўскія кавалеры Лепельшчыны”), якая выйшла нядаўна ў Мінску ў выдавецтве “Медысонт”.
Аўтар, настаўнік гісторыі і мясцовы краязнаўца Валерый Тухта, рыхтуючы зборнік, сістэматызаваў цікавы і пазнавальны гістарычны матэрыял, які адносіцца да эпохі дастаткова забытай і мала даследаванай. Гэта Першая сусветная вайна.
У кожнай эпохі — свае героі. Вось і ў тую вайну, якую мы завём “імперыялістычнай”, за Айчыну ваявала шмат храбрых людзей. На жаль, звесткі пра іх саміх і пра іх подзвігі пераважна так і засталіся ў скрыжалях гісторыі свайго часу. Да нас дайшло вельмі ж небагата інфармацыі пра іх, і то дзякуючы рупным людзям, даследчыкам, у тым ліку і тым, што працавалі ў розныя часы ў раённым краязнаўчым музеі.
Найбольш вядомым з ветэранаў Першай сусветнай вайны, узнагароджаных Георгіеўскімі крыжамі, з’яўляецца Дамінік Канопка. Яго жыццёвым і баявым шляхам зацікавіліся апошнім часам настаўнікі і вучні, сустракаліся са сваякамі, пісалі даследчыя працы. У кнізе таксама Дамініку Вікенцьевічу адведзена вызначальнае месца. Фактычна палову выдання займае нарыс пра гэтага годнага чалавека, сапраўднага патрыёта сваёй Айчыны. Жыццёвы шлях Георгіеўскага кавалера прасочваецца наўпрост — ад нараджэння і да апошняга ўздыху. У кнізе распавядаецца пра карані роду Канопкаў, вайсковую службу Дамініка. Значны раздзел адведзены Першай сусветнай вайне. Далей паказваецца пасляваеннае жыццё героя, распавядаецца пра лёс яго баявых узнагарод і, нарэшце, пра “другое вяртанне” Канопкі ўжо для сучасных нашых землякоў. Нарыс багата ілюстраваны, прычым кожнае фота фактычна з’яўляецца не проста рарытэтам — рэліквіяй.
Другая палова зборніка прысвячаецца іншым Георгіеўскім кавалерам Лепельшчыны. У выніку карпатлівай творчай працы аўтар сістэматызаваў усе вядомыя і даступныя яму звесткі, “выстраіў” герояў, узнагароджаных Георгіеўскімі крыжамі, у алфавітны шэраг, кожнаму прысвяціў невялікі біяграфічны абразок. Такім чынам, забытыя героі як бы паўсталі з небыцця і сталі даступнымі сучаснаму чытачу. Трэба думаць — шырокаму чытачу, бо, без сумневу, энцыклапедычным зборнікам зацікавяцца не толькі адмыслоўцы, але і студэнты, школьнікі, настаўнікі. Адна кніжка паспрыяла вяртанню з небыцця больш за трох дзясяткаў годных людзей, нашых землякоў, якія сваёй крывёю заваявалі права заставацца ў гісторыі назаўсёды. Не будзем пералічваць іх імёны. Няхай чытачу будзе цікавей адкрываць іх у кніжцы.
Другі раздзел зборніка яшчэ болей багацейшы на ўнікальныя фотаздымкі, многім з якіх — стагоддзе ці амаль стагоддзе. І таму прынцыпова важна, што ўсе яны сабраныя зараз пад адной вокладкай.
Акрамя таго, аўтар падае даволі цікавыя звесткі з гісторыі Георгіеўскіх крыжоў, распавядае пра Святога Георгія Пераможцу, у гонар якога названа адна з вышэйшых баявых узнагарод таго часу.
Хочацца сказаць таксама колькі добрых слоў пра выдаўцаў. Для кнігі афармленне — вельмі важны складнік. Выдаўцы пастараліся. Зборнік хоць і невялічкі, амаль брашурка, ды яго проста прыемна патрымаць у руках. Вокладка мяккая, глянцавая, са старым здымкам Дамініка Канопкі — у поўны рост, з яшчэ трыма здымкамі — Франца Кунчэўскага, Уладзіміра Тараткевіча і каманды 39 пяхотнага Томскага палка, таксама — фрагментам-факсіміле ліста Георгіеўскага кавалера. Здымкі — з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Чувашскай Рэспублікі. Такім чынам, вокладка не толькі прыгожая, але і надзвычай інфармацыйная.
Кніга, пазначаная серыяй “Бібліятэка альманаха “Лепельшчына”, выйшла накладам 299 паасобнікаў. Спяшайцеся пазнаёміцца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: вокладка зборніка “У бляску і цяні салдацкіх крыжоў”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.