В память о разрушенных деревнях

adkryccyo-pomnika-%d1%9e-v-slabodka-lepelskaga-r-na-1967-gЗа гады Вялікай Айчыннай вайны
на Лепельшчыне ад палітыкі
генацыду акупацыйных уладаў найбольш
пацярпела вясковае насельніцтва.
У руіны і папялішчы быў пераўтвораны
121 населены пункт, загінула шмат мірнага насельніцтва. Большасць вёсак у першыя пасляваенныя гады былі адноўлены
намаганнямі жыхароў, нягледзячы
на тое, што працяглы час вяскоўцам
даводзілася туліцца ў зямлянках.

Але ўжо больш за сем дзесяцігоддзяў нячутна бразгання веснічак у дварах вёсак Кісцялёва, Белая Куна, Калінец, Чырвоная Горка, Пескаваткі, Белякі, Старынкі. Гэтыя паселішчы, знішчаныя фашыстамі, так і не здолелі аднавіцца пасля вайны — былі поўнасцю ці часткова знішчаны разам з жыхарамі.
Адной з самых першых ахвяраў фашысцкіх катаў стала вёска Кісцялёва Несінскага сельсавета, якая была знішчаная разам з жыхарамі 10 ліпеня 1942 года. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, ахвярамі сталі дваццаць восем вяскоўцаў — усе, хто на той момант знаходзіўся ў вёсцы. Пасля вайны там, дзе калісьці віравала жыццё былі ўсталяваны два помнікі. Адзін з іх — на месцы пахавання вяскоўцаў. Сёння на помніку значацца трыццаць прозвішчаў. Сярод тых, каму пашчасціла застацца ў жывых, — Рыгор Шнітко. Яшчэ пяць кісцялёўцаў асталяваліся пасля вайны ў вёсцы Астравы. Астатнія, пазбавіўшыся роднага кута, раз’ехаліся па свету.
Бадай што самай крывавай трагедыяй стала расправа над жыхарамі вёскі Слабодка Пышнянскага сельсавета. З успамінаў жыхара Слабодкі Сцяпана Хрышчанкі : “18 студзеня 1943 года немцы наступалі на нашу вёску, дзе знаходзілася невялікая колькасць партызан. Партызаны здолелі адбіць варожы напад. На наступны дзень немцы пачалі наступленне большымі сіламі, і партызаны адышлі ў лес. Як толькі немцы занялі вёску, адразу пачалі расправу над мірнымі жыхарамі. Расстрэльвалі ўсіх, хто трапляўся на іх шляху. У хаты закідвалі звязкі гранат — і людзі гінулі. Кінулі гранату і ў хату, дзе знаходзіўся я разам з жонкай і дзецьмі. Ад разрыву гранаты жонка загінула, а дзеці былі параненыя. Немец паглядзеў, што ўсе паваліліся і пайшоў далей. Я цудам застаўся жывы. У сваёй схованцы прасядзеў амаль усю ноч”.
У той вечар у Слабодцы загінула 127 чалавек, было спалена і разбурана 28 двароў. У 1967 годзе на магіле ахвяраў фашызму адбылося адкрыццё абеліска.
Каля паловы лепельскіх вёсак былі знішчаны немцамі ў 1943 годзе, падчас карнай аперацыі “Котбус”. Менавіта ў гэты перыяд былі спалены лясныя вёскі Велеўшчына, Цярэшкі, Вострава, Стайск, якія знаходзіліся ў межах партызанскай зоны. Дакладную дату вяскоўцы не памятаюць, але згадваюць, што адбывалася тое ў чэрвені 1943 года на Тройцу. Жыхароў згаданых вышэй вёсак сабралі ў Велеўшчыне і пагналі вялікай калонай у накірунку Барысава. Вёскі былі спаленыя, людзі доўга маглі назіраць густыя клубы дыму, якія ўзнімаліся над лесам у тым месцы, дзе былі іх хаты. Праз некалькі месяцаў не ўсе вяскоўцы вярнуліся на папялішчы сваіх сядзіб. Партызанскія сем’і і моладзь працоўнага ўзросту былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію.
Ніводная акцыя немцаў у дачыненні да мірнага насельніцтва не абыходзілася без чалавечых ахвяраў і матэрыяльных страт. Напрыклад, 10 лютага 1944 года фашысты ўварваліся ў Дзяньгубы. У выніку чаго вёска колькасцю ў 27 хат была спалена. Без даху на галавой засталіся больш за сто чалавек. Дзве жанчыны былі забітыя.
Бесчалавечныя здзекі над вяскоўцамі чынілі фашысты і ўвесну 1944 года, падчас карнай аперацыі “Кармаран”. З пратакола допыту сведкі Міхаіла Кунчэўскага 1894 года нараджэння ад 31 студзеня 1949 года: “Падчас гэтай экспедыцыі немцы з нашай вёскі Гадзіўля Свядскага сельсавета ўзялі 15 мужчын, у тым ліку і мяне. Прыгналі ад вёскі кіламетры за два, абшукалі. Пасля гэтага загадалі стаць адзін каля аднаго, узяцца моцна за рукі і ў такім стане пагналі па замініраванай партызанамі мясцовасці. З нашай групы на мінах загінулі чатыры чалавекі: Міхаіл Пыцько, Нікіфар Казак, Канстанцін Пярэдня, Уладзімір Юхноўскі. Тры чалавекі, у тым ліку і я, былі кантужаныя. Астатніх васьмярых чалавек немцы працягвалі гнаць да канца міннага поля. Але яны засталіся жывымі”.
Спакутаваная лепельская зямля за тры гады акупацыі ўдосталь паспытала крыві. За гэты перыяд фашыстамі загублена адна тысяча сто дваццаць шэсць жыхароў раёна. Напамін пра тое — шматлікія абеліскі на памятных месцах ахвяраў мінулай вайны.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.