В школе в ближайшее время собираются открывать уголок памяти легендарного разведчика Ивана Коцарева

img_1215 Нам, людзям старэйшага і сярэдняга пакалення, не трэба тлумачыць, хто такі Аркадзь Гайдар і яго Цімур, хто такія Марат Казей, Зінаіда Партнова, Коля Гойшык. На гераічных прыкладах гэтых людзей і на іх бессмяротных подзвігах мы раслі. Жыццё, вядома, нашмат болей шматграннае, чым героі любімых кніг, а часам і супярэчлівае. Напрыклад, наша піянерская дружына насіла імя Паўліка Марозава. У цяперашні час такое малаверагодна. Эпоха галоснасці перагледзела стаўленне да шмат якіх рэчаў, у тым ліку і да некаторых, здавалася б, непахісных аўтарытэтаў. І гэта нармальна. Чалавек павінен атрымліваць новую інфармацыю, вучыцца на памылках, расці не толькі ў плане фізічным, але і духоўным, часам не тое, каб мяняць, але ўдасканальваць свае погляды.

А што з’яўляецца прыярытэтам у цяперашняй моладзі, на якіх прыкладах яна расце, якія ідэалы спавядае? Не буду выглядаць “бурклівым свёкрам” і сцвярджаць, што моладзь расце без ідэалаў, што яе куміры — камп’ютар і сацыяльныя сеткі і г.д. Розная моладзь, розныя погляды і светабачанне. І калі, напрыклад, піянеры ў СШ №3 сыходзяцца на свой збор, не абмяркоўваюць жа яны, хто каму кфолькі “лайкаў” паставіў і хто што “перапасціў” “УКантакце”. Нагоды для збораў цалкам сур’ёзныя.
Большасць дзяцей і падлеткаў у раёне ведаюць імя Вані Кавалёва, бо яно ў цэнтры ўвагі педагогаў, што займаюцца патрыятычным выхаваннем. Як-ніяк, Ваня — наш зямляк. Біяграфія яго дастаткова вывучана. Імя яго нададзена адной з вуліц у Лепелі, і нават карабель названы ў гонар хлопчыка. А вось ці шмат хто з дзяцей ведае пра Алега Панкрата, Лявона Снапкоўскага, Фёдара Мошчава. А гэтыя людзі — таксама юныя героі Лепельшчыны. Напрыклад, Федзя Мошчаў трапіў у партызанскую брыгаду Дубава разам з бацькамі, калі яму было дванаццаць гадоў. Хлопчык стаў разведчыкам, удзельнічаў у разгроме фашысцкага гарнізона ў Чашніках, хадзіў на баявыя заданні, выходзіў на сувязь з падпольшчыкамі, браў “языка”. У баі на дарозе Віцебск — Лепель быў цяжка паранены. На шчасце, выжыў. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, многімі медалямі. Пасля вайны Фёдар Мошчаў закончыў Ушацкую сярэднюю школу, Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных зносін. Жыў у Магілёве, пасля вярнуўся на Ушаччыну, дзе выкладаў гісторыю ў сярэдняй школе.
Пра гэта даведаліся піянеры з СШ №3 на чарговым зборы, прысвечаным Дню юнага героя-антыфашыста. Пачулі дзеці і яшчэ некалькі прозвішчаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да гэтай знамянальнай даты. Калі ў 1962-м годзе працоўны Парыж выйшаў на дэманстрацыю з патрабаваннем спыніць крывавую вайну супраць алжырскага народа, шэсце абстралялі фашысты — прыхільнікі вайны ў Алжыры. Загінуў юны разносчык газет Даніэль Ферры. Яго хаваў увесь Парыж. А праз год ужо ў другой краіне ў засценках багдадскай турмы памёр ад катаванняў равеснік Даніэля Фадыл Джамаль. Ён не выдаў рэакцыйным уладам імёны і адрасы барацьбітоў за мір. І гэта ўскалыхнула ўвесь свет.
Пачулі імёны іншых юных герояў-землякоў дзеці з СШ №3 яшчэ ў дзве тысячы чацвёртым годзе, калі разам з удзельнікам партызанскага руху на Лепельшчыне Анатолем Ханяком падарожнічалі па месцах партызанскага супраціву і наведалі музей партызанскай славы ва Ушачах. А сёлета сябры вучнёўскага клуба “Ветэран” Дар’я Боб, Марыя Грыдасава, Афіна Шмялёва, Ян Ляшчоў і іншыя пайшлі ў пачатковыя класы, каб пагутарыць з акцябратамі, распавесці ім пра тое, што ўжо самі ведаюць аб юных антыфашыстах. Наладзілі лекторый і ў школьным музеі, дзе перад вучнямі дзявятых і дзясятых класаў выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аліна Корсак. Расказала пра гісторыю школы, пра яе выпускнікоў, што ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
img_1258-kopiyaСёлета адзначылі і стагоддзе Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды ва ўсіх класах прайшлі інфармацыйныя і тэматычныя класныя гадзіны. Вучні сёмага “Б” класа разам з класным кіраўніком Аксанай Дзямко займаліся пошукам матэрыялаў пра выпускнікоў, якія ваявалі ў Афганістане. Па выніках пошукаў арганізавалі выставу. Некаторыя дзеці — Афіна Шмялёва, Насця Шушкевіч, Каця Калеснік, Юльяна Паборцава — з педагогам-арганізатарам Інай Шам удзельнічалі ў традыцыйным ускладанні вянкоў і кветак на магілы воінаў. Прыйшлі з кветкамі да магілы воіна-інтэрнацыяналіста Сяргея Спірыдовіча.
Адзінаццаты “А” з класным кіраўніком Святланай Васюнінай змясцілі на выставе звесткі пра іншых выпускнікоў-вайскоўцаў. А настаўнікі Крысціна Іода і Тамара Кутырла падрыхтавалі з шасцікласнікамі расказы пра ветэранаў вайны Андрэя Лапцева і Івана Баса.
Тым часам дзявяты “А” сустрэўся ў школьным музеі з выпускніком школы дзевяноста трэцяга года Міхаілам Тарасавым. Жэня Ганчаронак узяў у яго інтэрв’ю. Міхаіл распавядаў пра школьныя гады, сваё захапленне біялогіяй, як збіраў гербарый, як праводзіў доследы па хіміі. Не абмінуў і свайго юнацтва, апаленага вайною ў Афганістане.
У школе бліжэйшым часам збіраюцца адкрываць куток памяці легендарнага разведчыка Івана Коцарава. З гэтай мэтаю прыязджалі прадстаўнікі мясцовага і абласнога КДБ, сустракаліся з вучнямі і настаўнікамі.
Стагоддзе Узброеных Сіл адзначылі невялікім святочным канцэртам на сцэне школьнай актавай залы, у якім удзельнічалі не толькі вучні, але і настаўнікі. А пасля адбыўся захапляльны спартыўны паядынак “Ану, хлопцы!” з удзелам старшакласнікаў. Каманды капітанаў Аляксандра Ачкалаза і Мікіты Куляша падужаліся ў спаборніцтвах на спрыт і вынослівасць. Вясёлыя спартыўныя шоу-эстафеты ўпрыгожылі музыка і дэманстрацыя мультымедыё.
Цудоўным і запамінальным атрымаўся конкурс патрыятычнай песні, арганізаваны музычным кіраўніком Алесяй Пячкоўскай і класнымі кіраўнікамі. Кожны клас падрыхтаваў свой арыгінальны нумар, нярэдка песні суправаджаліся пастаноўкамі. Шаснаццаць песень прагучалі са сцэны. Пераможцам стаў пяты “Б” з песняю “Дзясяты наш дэсантны батальён”, якой акампаніравала на гітары класны кіраўнік Таццяна Шчэрбач.
Дзеці таксама адправілі на рэспубліканскі конкурс малюнкі і паэтычныя творы, прысвечаныя Узброеным Сілам.
Героямі не нараджаюцца, імі становяцца. Хто ведае, можа, і сярод сённяшніх вучняў СШ №3, якія выхоўваюцца на лепшых патрыятычных традыцыях і прыкладах, ёсць будучыя героі.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: сустрэча ў школьным музеі з Міхаілам Тарасавым; конкурс патрыятычнай песні ў СШ №3.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.