В студотряд лепельчане идут за романтикой и заработком

Як праводзіць моладзь летнія канікулы? Усім хочацца за тры месяцы атрымаць як мага больш уражанняў, якія застануцца на доўгі час. Таксама і з сябрамі важна правесці канікулы. А калі гэта ўсё яшчэ і з карысцю…

Традыцыйна ў летні перыяд у нашым раёне арганізоўваюцца студэнцкія атрады, якія аб’ядноўваюць ініцыятыўных, цікаўных і актыўных маладых людзей.

Любы падлетак, які пабываў у такім працоўным калектыве, скажа, што гэта класна. Першая зарплата і дзейнасць на карысць роднага горада і краіны. Маладыя людзі працуюць на прадпрыемствах, акультурваюць куткі нашага горада, наводзяць парадак на зямлі…

Многія юныя лепяльчане ўжо лета без студатрадаў не ўяўляюць, і не важна, якую ты спецыяльнасць хочаш набыць альбо набываеш.

Звярнуліся да першага сакратара РК ГА “БРСМ” Вікторыі Пшонка, з якой мэтай ствараюцца студэнцкія атрады ў нашым раёне.

— Мае знаёмства с БРСМ пачалося таксама са студэнскіх атрадаў, гэты дух сяброўства і самастойнасці трэба адчуць, вельмі прыемна, што нашы падлеткі імкнуцца да працы.

Кожны падлетак жадае мець свае заробленыя грошы. Знайсці працу самому не кожнаму пад сілу. Часам здараецца, наймальнікі падманваюць юных і нявопытных. А студэнцкі атрад — гарантыя працаўладкавання і добры вопыт працы ў калектыве.

У гэтым годзе мы пайшлі далей, і ў студатрады ўвайшлі не толькі студэнты УА “ЛГАТК”, але і школьнікі ад 14 гадоў. Мы вельмі ўдзячныя дырэктару КУПП “Бароўка” і тым людзям, якія былі звязаны з работай студэнцкага атрада, за кампетэнтнасць, добрыя адносіны і падтрымку, бо для іх гэта таксама быў новы вопыт.

Саюз моладзі падтрымлівае дзяцей на працягу ўсяго семестра — ад захавання аховы працы да своечасовай аплаты.

Першы год звычайна дзеці прыходзяць, таму што жадаюць зарабіць. А ўжо на наступны — за сяброўствам, атмасферай, рамантыкай і навыкамі, якія абавязкова спатрэбяцца ў далейшым жыцці.

Атрымалі і каментарый у Таццяны Буйніцкай, майстра КУВП “Бароўка”, дзе нядаўна завяршылася праца юных лепяльчан. Таццяна Юр’еўна на працягу ўсяго гэтага перыяду знаходзілася з дзецьмі.

— Працоўны дзень пачынаўся з інструктажу. Асноўнай прыладай у падлеткаў былі мяшкі і пальчаткі. Брыгада складалася з 16 чалавек, дзе падлеткі 14-16 гадоў працавалі на працягу 4 гадзін, 16-18 гадоў — 7 гадзін.

Свой прыкладны заробак дзеці ведалі яшчэ да першага працоўнага дня. Ён, вядома, карэктуецца — залежыць ад аб’ёму працы, хуткасці, якасці, дысцыпліны.

Прыносіла задавальненне тое, як юныя лепяльчане прыходзілі з усмешкамі і жартамі. Было бачна, што іх не пужае праца.

На працягу 10 дзён яны прыбіралі могілкі. Чаму менавіта выбралі гэты род занятку? У першую чаргу таму, што з дзяцінства мы павінны прывучаць моладзь не толькі да чысціні, а і мець павагу да былога, да памяці. На Радаўніцу могілкі родных наведваюць не толькі лепяльчане, а і жыхары іншых гарадоў і краін. Па гэтым святым месцы ў іх застаецца ўражанне пра наш край, пра людзей, якія тут жывуць. А якімі гэтыя ўражанні будуць, залежыць ад нас.

Зразумела, што неацэнным застанецца і вопыт. Зусім нядрэнна, каб будучы настаўнік, повар ці будаўнік “паспытаў” сябе і ў іншай дзейнасці. А яшчэ — гэта новыя знаёмствы.

Пацікавіліся ўражаннямі і ў дзяцей, якія працавалі ў студэнцкіх атрадах. Так, напрыклад, Дар’я Кляшторная атрымала шмат уражанняў і збіраецца на наступны год таксама лета правесці з карысцю.

— 10 дзён прайшлі незаўважна. Было цяжка з-за летняй спякоты, ды і на канікулах цяжка ўставаць рана. Але, на вялікае шчасце, калектыў, з якім я працавала, быў прыязным. З многімі змагла знайсці агульную мову, таму чатыры гадзіны літаральна праляталі.

Праца была нескладанай, ды і прадпрыемства клапацілася пра нас усіх: прапаноўвала інструменты, адвозіла на месца працы.

Хачацца сказаць вялікі дзякуй Таццяне Юр’еўне Буйніцкай. Менавіта яна змагла арганізаваць працу так, каб б мы прыносілі карысць і адначасова атрымлівалі задавальненне.

Наша праца заключалася ва ўборцы смецця вакол могілак. За ўвесь час мы ачысцілі пяць могілак. Я вельмі была здзіўлена таму, што груды вянкоў, бутэлек, пакетаў знаходзіліся вакол тэрыторыі, у той час як кантэйнер стаяў усяго за некалькі метраў ад іх. Не разумею, навошта людзі захламляюць наш горад такім чынам?

Больш за ўсё такую карціну мы назіралі на старых гарадскіх могілках, менавіта там мы прапрацавалі даўжэй за ўсё. А вось новыя гарадскія могілкі, на здзіўленне, былі самымі чыстымі.

Думаю, калі б кожны жыхар нашага горада выкідваў смецце ў спецыяльныя кантэйнеры, то мы б выконвалі больш патрэбную працу, напрыклад, на той час гэта быў паліў дрэў.

— Студатрад — гэта выдатная школа жыцця. Пра магчымасць папрацаваць даведалася ў РК ГА «БРСМ». Дзякуючы атраду я навучылася шмат працаваць, не баяцца цяжкасцяў, стала больш мэтанакіраванай. Было вельмі цікава. Час у працоўным атрадзе праходзіў вельмі хутка, бо быў добры калектыў, працавалі дружна і плённа. Пасля таго як пабывалі ў студатрадзе ў КУВП «Бароўка», мне здаецца, што ўсе падлеткі зразумелі, наколькі важная праца супрацоўнікаў прадпрыемства для нашага горада. Было вельмі прыемна працаваць пад кіраўніцтвам Таццяны Буйніцкай, якая кожную раніцу давала нам добры настрой перад працай, ставілася да нас з клопатам. Хачу выказаць падзяку ўсім, хто дапамог нам уладкавацца і правесці гэтыя 2 тыдні з карысцю для нас і нашага горада, — кажа Паліна Лейчанка.

Жадаем падлеткам, якія занятыя ў студэнцкіх атрадах, атрымаць новыя веды і навыкі, а таксама яркіх незабыўных уражанняў ад гарачага працоўнага лета!

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.