Для лепельчанина Валерия Фролова служба — это школа мужества

v-frolov
Часам даводзіцца чуць, як маладыя хлопцы выказваюцца пра службу ў войску. Яны лічаць, што гэта дарэмна патрачаны час, можна сказаць, выкрэслены з жыцця.

Успомнілася перадача па тэлебачанні ў выходныя дні ў 90-х гадах «Служу Савецкаму Саюзу» (здаецца, такая назва). Там вельмі часта гучалі словы «абавязак», «гонар», «абарона Айчыны». Служба заўсёды была ганаровай справай, а вайсковец — гучыць сапраўды горда.

Прыемна, што і зараз ёсць хлопцы, якія кажуць пра армію як пра грамадзянскі абавязак кожнага мужчыны.

Давялося з такім пазнаёміцца. Валерый Фралоў праходзіць тэрміновую ў вайсковай часці 71327, якая дыслакуецца ў вёсцы Заслонава. 26 мая бягучага года ён быў прызваны на службу, прайшоў курс маладога байца, адзін месяц, у 52-ім асобным спецыялізаваным пошукавым батальёне, які дыслакуецца ў Бароўцы. Потым быў накіраваны ў Заслонава. Тут набывае веды па спецыяльнасці «вадзіцель-электрык». Трэба сказаць, патрэбная ў жыцці справа для мужчыны.

Пасля тэрміновай хлопец плануе застацца на службу па кантракце.

Валерый лічыць, што служба ў войску і армейскі распарадак дня схіляюць да здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам. Штодзённая ранішняя зарадка, кросы і выкананне розных спартыўных нарматываў даюць магчымасць падтрымліваць добрую спартыўную форму і стаць больш моцным.

Менавіта ў вайсковай часці можна навучыцца карыснай прафесіі, стаць больш дысцыплінаваным, сабраным і ўважлівым.

— Сумуеш, напэўна, па блізкіх…

— Крыху есць, аднак зараз адлегласць не перашкаджае звязацца з роднымі па мабільным тэлефоне. А наогул, тут сумаваць асабліва няма калі. Трэніроўкі і заняткі мяняюцца ў распарадку дня вельмі хутка, час пралятае незаўважна, але ён выкарыстаны з карысцю.

Родам Валерый з вёскі Стаі Лепельскага раёна. Бацька працуе лясным майстрам, маці – бухгалтарам у Стайскім лясніцтве. У сям’і заўсёды на першым месцы — узаемапавага і падтрымка. Пасля 9 гадоў навучання ў Стайскай сярэдняй школе хлопец атрымаў спецыяльнасць гідрамеліяратара ў аграрна-тэхнічным каледжы.

З дзяцінства наш зямляк любіць спорт, у школьныя гады захапляўся баскетболам, нават ішоў на разрад у майстры спорту. Спачатку любоў да гэтай спартыўнай гульні прывіў настаўнік фізкультуры Андрэй Калітуха, пазней удасканальваў сваё майстэрства ў каледжы. Прадстаўляў у складзе каманды наш раён на абласным узроўні.

Ужо не ўпершыню чую пра высокія дасягненні стайскіх вучняў, дзякуючы добрай падрыхтоўцы Андрэя Іванавіча. Тут хочацца адзначыць, што настаўнік з 1984 па 1986 год служыў у Афганістане, у горадзе Джэлалабад, дзе быў камандзірам аддзялення. Яго апантанасць сваім прадметам перадаецца і вучням, якія праз гады заняткаў паказваюць высокія вынікі ў гэтым напрамку.

З малых гадоў сябруючы са спортам, хлопцу і зараз не складана раніцой прабегчы дастаткова вялікую дыстанцыю, выканаць фізічныя нарматывы. Ён папросту лічыць гэтую справу для свайго арганізма вельмі важнай.

Акрамя гэтага, ёсць у Валерыя вялікая цяга да тэхнікі. Яшчэ маленькім памятае, як бацька яму дазваляў пакруціць гайкі ў гаражы. З таго часу гэты занятак стаў улюбёным, гатовы дзень і ноч завіхацца ля матацыкла, рамантаваць яго.

Прафесійныя веды ў гэтым напрамку набыў і ў каледжы. Можа, хто з навучэнцаў падчас вучобы не ведаў і назваў запчастак, мой суразмоўца дакладна мог іх зняць з тэхнікі, змазаць маслам, калі трэба, замяніць на новую.

Пасля размовы з Валерыем упэўнена, што школу мужнасці павінен прайсці кожны хлопец. Не важна, у якія войскі накіруе лёс, трэба з гонарам выканаць гэты абавязак.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.