Вечная молодость хора ветеранов Лепеля

img_5137Неўзабаве хору народнага клуба “Ветэран”, створанага на базе РДК, споўніцца трыццаць гадоў. Гартаю старонкі альбома, які распавядае ў тэксце і фотаздымках пра трыццацігадовую эпапею людзей са спеўнымі душамі. Як правіла, гэта людзі пажылыя, заслужаныя. Расказваць бы пра іх ды расказваць, што мы, зрэшты, і робім кожны раз на старонках нашай газеты, якая для ветэранаў — найлепшая сяброўка, цікавая суразмоўца і спадарожніца ў іх актыўным грамадскім жыцці.
На жаль, шмат за апошні час памянялася кіраўнікоў у гэтым дружным калектыве. Іншых ужо і няма. Усё цяжэй узнавіць старонкі яго творчай гісторыі. Хіба што вось так, для душы, для сябе, пагартаць гэты сціплы альбом, які тут, у Доме культуры, берагуць на добрую памяць.
У лістападаўскія дні далёкага 1988 года дваццаць шэсць ветэранаў вайны і працы згуртоўваюцца ў творчую суполку — клуб “Ветэран”. У іх ліку — Яўген Азаронак, Валянціна Батурына, Лідзія Грыгор’ева, Генадзь Грачыхін, Лідзія і Барыс Ерашовы, Марыя Жогаль, Віктар Карабань, Кацярына Ковель, Вольга Канавалік, Валянціна Кодас, Аляксандр і Юлія Крыўцы, Зоя Клінава… А ўзначаліў хор ветэранаў Арцём Палонскі, чалавек, які фактычна і быў яго арганізатарам.
І ў хуткім часе ветэранскі хор стаў вельмі папулярным. Толькі за першы год сваёй актыўнай дзейнасці ветэраны правялі дванаццаць сустрэч. Віталі іх у працоўных калектывах, на прадпрыемствах горада і раёна, у калгасах і саўгасах, у воінскіх часцях, выклікалі на “біс” і праводзілі цёплымі воплескамі. Актыўна ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях з нагоды 550-годдзя роднага горада і 45-годдзя яго вызвалення. Выступілі перад ветэранамі 357-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Лепель.
Спяваў хор не толькі пра вайну. У яго рэпертуары заўсёды быў учарашні, сённяшні і нават заўтрашні дзень, у яго песнях слухачы чуйна ўлоўлівалі пульс жыцця раёна.
Прайшло трыццаць гадоў, а хор жыве, не гледзячы на тое, што аснову яго ствараюць людзі пажылыя, часта з незайздросным здароўем. Аднак жа колькі ў гэтых пажылых людзей маладосці!
Летась хор аб’ядноўваў дваццаць пяць удзельнікаў — тых, каму за шэсцьдзясят і нават за восемдзесят. І ва ўсіх іх — багаты досвед, актыўная жыццёвая пазіцыя, рознабаковыя інтарэсы. У рэпертуары хору песні беларускіх і рускіх кампазітараў, мясцовых аўтараў, а таксама народныя.
У мінулым годзе яго можна было пабачыць на тэматычнай пляцоўцы “Праспяваем, сябры!” і на святочным канцэрце да Дня Перамогі “Дзякуй за мірнае неба над намі”, выступалі на Дні незалежнасці. Не абышлося без ветэранскага хору і святкаванне Дня пажылых людзей. Як тут без іх — свае ж людзі! Яны, дзеці мінулай эпохі, аддалі свой спеўны голас і галоўнай урачыстасці той эпохі — стагоддзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Не толькі сустракаюцца на сцэнічных падмостках, збіраюцца разам, каб павіншаваць адзін аднаго з днём нараджэння, папіць кавы ці гарбаты. Спаборнічалі ў турніры па шашках, ладзілі вячоркі на Каляды, зацікавіліся нават тэмай кахання з нагоды Дня закаханых, наладзілі выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці, напярэдадні Дня друку наведалі рэдакцыю раённай газеты, дыскутавалі наконт узросту на тэму “Калі малады душой чалавек”, наведалі краязнаўчы музей, выставу “Фарбы Лепельшчыны”, доўгімі асеннімі вечарамі збіраліся, каб пачытаць вершы, паспяваць для душы.
Нядаўна клуб “Ветэран” узначаліла Ганна Шаркоўская. Акампаніруе Кацярына Бараноўская. Творчых ім поспехаў!
Віктар ЛЯШЧЫНА.
На здымку: удзельнікі хору ветэранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.