Віншуем са святам Нараджэння Хрыстовага!

Як вядома, вернікі каталіцкай канфесіі сёння адзначаюць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў — Ражство Хрыстова. Яно прысвечана нараджэнню Дзевай Марыяй Сына Божага Езуса Хрыста.

Святкаванню Нараджэння Хрыста ў каталікоў папярэднічаў перыяд Адвэнту, які пачаўся за чатыры тыдні да свята. Адвэнт разглядаецца як час узмоцненага пакаяння. Увесь гэты перыяд каталіцкія вернікі імкнуліся праяўляць міласэрнасць, удзельнічаць у перадкалядных богаслужэннях і рыхтаваліся да споведзі, каб з чыстай душой прыняць прычасце на вялікае свята.

У гэты час жыццё касцёла істотна мяняецца. У апошнія падрыхтоўчыя дні адчуваецца асаблівая святочная атмасфера. Характэрным элементам з’яўляецца звычай упрыгожваць святыню і дамы. Побач з прыбранай ёлкай робіцца імправізаваная пячора: ставяцца фігуркі Панны Марыі і святога Юзафа побач з немаўляткам Езусам, якое ляжыць у яслях. А вакол змяшчаюць фігуркі жывёл. Такую карціну мелі магчымасць назіраць і жыхары нашага раёна ў касцёле Святога Казіміра, як толькі пераходзілі яго парог.

Шмат прыхаджанаў ўвечары 24 снежня сабраліся ў храме, каб разам, адной сям’ёй, адзначыць значную падзею — Нараджэнне Езуса Хрыста. Трэба сказаць, незвычайная і асабліва ўрачыстая атмасфера панавала ў гэты час у святыні.

– Гэта радасны дзень, вялікае свята, свята веры, дабра, любові і надзеі, – шмат разоў гэтыя словы паўтараў у казанні да вернікаў пробашч храма Уладзімір Заянчкоўскі падчас службы.

Ксёндз Уладзімір павіншаваў з вялікім святам усіх хрысціян, якія адзначаюць Нараджэнне Хрыстова ў гэтыя дні, а таксама праваслаўных вернікаў, якім яшчэ давядзецца сустрэць гэты дзень, і пажадаў усім міру, здароўя і дабра!

Асаблівым гэтае свята з’яўляецца і для дзяцей, якія наведваюць касцёл. Малых пасля святочнага богаслужэння частуюць і адорваюць падарункамі, якiя набываюцца пры падтрымцы дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”. Здавалася б, час ужо класціся спаць, а яны бадзёрыя, у руках з салодкімі сюрпрызамі гутараць са сваімі маленькімі сябрамі, віншуюць іх са святам.

У чарговы раз упэўнілася, што гэтае свята дае магчымасць кожнаму верніку адчуць Божае нараджэнне ўнутры сябе, а таксама ўсяго таго, што дае чалавеку Бог.

А сёння, 25 снежня, па традыцыі, вернікі каталіцкай канфесіі збіраюцца ўсёй сям’ёй за калядным абедам, які упрыгожваюць традыцыйныя смачныя стравы.

Віншуем усіх каталікоў са святам! Няхай яно напоўніць дом цяплом і радасцю, а прыбраная ёлка падорыць добры настрой і добрую надзею. Няхай запаліцца яркая зорка на небе, а разам з ёй — агеньчык любові ў вашым сэрцы. Спакою на душы, а таксама міру і дастатку.

У нашы дні касцёл наведвае больш за 200 парафіян: штодзённа адбываюцца святыя імшы, праводзяцца заняткі па рэлігіі для дзяцей, адзначаюцца каталіцкія святы і ўрачыстасці.

Наталля Храпавіцкая.

One thought on “Віншуем са святам Нараджэння Хрыстовага!

  • 26.12.2021 в 8:42 пп
    Permalink

    Поздравляю всех католиков с праздников Рождества Христова, пусть маленький Иисус родится в душе у каждого человека и мир станет добрее.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.