Вместо дорожной пошлины — транспортный налог

transportnyiy-nalogЗ 1 студзеня ў Рэспубліцы Беларусь адменены збор за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху (дарожная пошліна). Замест яе ўводзіцца транспартны падатак.

Нядаўна на адрас рэдакцыі звярнуўся жыхар г. Лепеля Дзмітрый Судак з просьбай растлумачыць некаторыя асаблівасці новаўвядзення. У прыватнасці,
наш чытач адзначыў:
– За многімі грамадзянамі зарэгістравана па некалькі аўтамабіляў, хаця па факце ў іх тэхнікі ужо няма: прададзена па даверанасці, распілавана і здадзена ў металалом як непрыдатная да эксплуатацыі. Нярэдка здараецца, што гаспадары аўтамабіляў памерлі, а спадкаемцы не перарэгістравалі іх на сябе. Як жа паступіць у падобных сітуацыях?
Сапраўды, сітуацыя з дарожнай пошлінай была неадназначная. Па-першае, памер пошліны быў даволі высокі, за аўтамабіль даво­дзілася плаціць па 150-200 рублёў за год. Многія жыхары раёна пры набыцці новых аўтамабіляў праходзілі тэхагляд на 2 гады і такім чынам вымушаны былі плаціць гэтую пошліну ў двайным памеры. Гэта ж было сур’ёзным ударам па сямейным бюджэце. Таму з 2014 года, калі дарожны збор быў уведзены, колькасць грамадзян, якія жадалі прайсці тэхагляд, няўхільна зніжалася.
Праз некалькі год заканадаўцамі было прынята рашэнне аб змяненні прынцыпу налічэння і збор грошай за валоданне транспартнымі сродкамі. З 2021 года ўве­дзены транспартны падатак, адказным за які з’яўляецца Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Каментуе новаўвядзенне начальнік Лепельскай міжраённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Мая Бародзіч:
– Як паведамлялася ў сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэт-рэсурсах, падаткам будзе абкладацца кожная адзінка транспартных сродкаў: аўтамабілі легкавыя і грузавыя, аўтобусы і матацыклы. Таксама прыведзены і стаўкі, тэрміны аплаты. Так, уладальнік аўтамабіля да 15 снежня павінен будзе ўнесці авансавы плацеж у памеры 1 базавай велічыні. Канчаткова аплаціць падатак за 2021 год трэба будзе да 15 лістапада 2022 года. Пра гэта ўладальнікам транспартных сродкаў інспекцыяй будуць разасланы паведамленні, як і паведамленні аб уплаце падаткаў на зямлю і нерухомасць.
– Наколькі работнікі інспекцыі гатовы прымаць новы від падатку? Ці сфарміравана інфармацыйная база? Колькі ўсяго аўтаўладальнікаў і аўтамабіляў у раёне?
– У цяперашні час вядзецца падрыхтоўчая работа. Збор транспартнага падатку ўскладаецца на ўпраўленне па рабоце з фізічнымі асобамі. У бліжэйшы час з Міністэрства ўнутраных спраў мы павінны атрымаць усю патрэбную інфармацыю па аўтамабілях, прычэпах і матацыклах, зарэгістраваных у Лепельскім раёне. Зробім праверку і будзем займацца налічэннем падатку.
– Многіх жыхароў раёна непакоіць тое, што за аўтамабілі, якія знаходзяцца ў іх уласнасці, але адсутнічаюць у наяўнасці па тых ці ншых прычынах, будзе налічвацца падатак.
– Такая занепакоенасць цалкам абгрунтавана. Згодна з заканадаўствам, уласнік транспартнага сродку павінен плаціць за яго падатак незалежна ад таго, карыстаецца ім сам ці хтосьці іншы, працуе гэта тэхніка кожны дзень ці ўжо здадзена ў металалом. Так, тыя, хто неахайна ставіўся да афармлення дакументаў пры куплі-продажы аўтамабіляў, прадавалі свае машыны па даверанасці, мяняліся аўтамабілямі, рызыкуюць патрапіць у непрыемныя сітуацыі. Таму на працягу 1 паўгоддзя ўстаноўлены спецыяльны пераходны перыяд. На працягу гэтага часу можна будзе ў спрошчаным парадку зняць з уліку транспартныя сродкі. Больш поўную інфармацыю па гэтых пытаннях можна будзе атрымаць у аддзеле дзяржаўтаінспекцыі або між­раённым рэгістрацыйна-экзаменацыйным аддзяленні Лепельскага РАУС.
Можа ўзнікнуць яшчэ адна няпростая сітуацыя, калі аўтамабіль знаходзіцца ва ўгоне. Яго ўладальніку трэба будзе ўзяць даведку з міліцыі пра тое, што па факце ўгону ўзбуджана крымінальная справа і грамадзянін з’яўляецца пацярпелай асобай. За такія аўтамабілі транспартны падатак плаціць не трэба.
– Чытачоў цікавіць яшчэ адно пытанне: якім чынам будзе выплачвацца дзяржаўная пошліна за аўтамабілі, гаспадары якіх памерлі? Напрыклад, сапраўдны гаспадар аўтамабіля памёр, а новыя – не перааформілі машыну на сябе. Тэрмін уступлення ў спадчыну мінуў, рабіць афармленне зноў – складаная працэдура, звязаная са зваротам у суд і ўплатай значнага памеру судовай пошліны. Часта здараецца, што машына прададзена без пераафармлення або заржавела і здадзена ў металалом. Як такая сітуацыя можа быць вырашана?
– Такія пытанні будзем вырашаць у індывідуальным парадку, тым больш, што падобных выпадкаў няшмат. Магу параіць новым уласнікам або належным чынам аформіць дакументы на транспартныя сродкі, або зняць іх з уліку і ўтылізаваць, калі не маюць намераў ці магчымасцяў далей іх эксплуатаваць.
Яшчэ раз хачу нагадаць нашым чытачам пра тое, як важна своечасова і належным чынам афармляць усе неабходныя дакументы на маёмасць. Абыякавасць у гэтай справе недапушчальная, паколькі гэта можа прывесці да непажаданых стратаў грошай, часу і спакою.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.