Воскресные торги на лепельском рынке: что , почем?

Першы базарны дзень кастрычніка парадаваў цёплым надвор’ем, таму было вельмі прыемна наведаць гарадскі рынак. Тым больш, што асноўныя работы па гаспадарцы ўжо завершаны або блізкія да завяршэння. Агляд вырашыў распачаць з сельгаспляцоўкі, дзе наведвальнікам прапануецца і прывазная, і мясцовага вырошчвання садавіна і гародніна. Пачаць прапаную з другога хлеба беларусаў — бульбы.

Клубняў у нядзелю было прывезена даволі шмат, налічыў больш за 10 машын. Прычым прапаноўвалася і мясцовая, і прывазная бульба. Па словах многіх знаёмых, з Брэсцкай вобласці. Яе ў асноўным прадавалі па 9 рублёў за 10-літровае вядро. Мясцовыя агароднікі прадаюць свой ураджай на рубель даражэй. Заўважым пры гэтым, што прыведзеныя цяпер і далей цэны не канчатковыя. На базары можна патаргавацца і часам істотна знізіць свае выдаткі.

Не менш, як з 5 машын прадавалася зерне. Цана на яго ўстанавілася на ўзроўні 4-5 рублёў за 10-літровае вядро. Прадавалі ў асноўным пшаніцу і ячмень — самыя папулярныя зерневыя культуры. Аднак некаторыя пакупнікі набывалі жыта для таго, каб засеяць участак, і авёс на корм жывёле, у першую чаргу козам і трусам.

Даволі шмат было прывезена капусты. На гэтую гародніну ўстанавілася цана ў 1 рубель 30 капеек за кілаграм. Прычым паступова замест раннеспелых качаноў пакупнікі больш ахвотна набываюць познеспелыя, найбольш прыдатныя для захоўвання і квашэння.

На рынку прапануюцца таксама памідоры, вырашчаная вяскоцамі ва ўласных парніках і цяпліцах. Праўда, цэны на іх крыху вышэйшыя, чым месяц таму. Так, у канцы жніўня самыя дарагія мясцовыя таматы прадаваліся па 3 рублі за кілаграм, а вось у пачатку кастрычніка іх кошт узрос на 1 рубель. А вось цана на салодкі перац, наадварот, крыху знізілася. Так, месяц таму яна даходзіла да 4 рублёзў за кілаграм, а цяпер перцы можна набыць па 3 рублі, а то і танней.

Моркву і буракі вяскоўцы прапаноўвалі па 1-2 рублі за кілаграм, у залежнасці ад якасці гародніны. Цыбуля прадавалася па 1-2 рублі за кіло. Адзін вясковы гаспадар прывёз свежавырашчаную зялёную цыбулю-пяро.

— Колькі каштуе? — пытаюся.

— Пучок — 1, 5 рублі, таксама, як і цыбуля-рэпка, — з усмешкай адказалі.

Агулам можна сказаць, што залатая восень запоўніла сельгаспляцоўку сваімі шчодрымі дарамі.

Мясны і малочны павільёны ў нядзелю вырашыў прамінуць і адразу скіраваўся ў рэчавыя рады. Там заўважыў, што многія прадпрымальнікі пакрыху спыняюць дзейнасць, бо не маюць дакладнага ведання, як працаваць у новых умовах з 10 кастрычніка. “Пажывём — пабачым”, — кіруюцца такім прынцыпам. А вось гандлёвая кропка “Сэканд-хэнда” зноў уразіла сваім багатым асартыментам. Тут можна было набыць амаль любы прадмет вопраткі і абутку па нізкай цане. Так, з цікавасцю назіраў, як пакупнік патаргаваўся і набыў рабочыя штаны даволі ў добрым стане і якасці ўсяго за 10 рублёў.

У рыбгаса “Навінкі” з нядаўняга часу зявіўся канкурэнт — рыбгас “Новалукомльскі”. Так, яго тавар каштуе істотна даражэй. Напрыклад, карпы і амуры белыя адборныя вагой больш за кілаграм прапаноўваліся па 7,90 за кілаграм, але ж карысталіся вельмі добрым попытам, бо рыба з “Навінак” была невялікая, да кілаграма вагой. Яшчэ рыбгасаўцы з Новалукомля прывезлі маладняк карася па 3,90 за кілаграм. Рыба набывалася для зарыблення сажалак.

Ужо не першую нядзелю на базар прыходзіць майстар-столяр Міхаіл Пасмурэц, прадае вырабленыя ўласнымі рукамі кухонныя прылады, вешалкі, а табурэты ў яго — немагчыма вачэй адвесці! Іх прапануе за 25-35 рублёў.

Ну, і не змог прайсці міма рабочага інструмента. Звярнуў увагу на інструменты, якімі многія мужчыны карыстаюцца ў гаспадарцы. Малаткі прадаваліся ад 5 да 10 рублёў за штуку, у залежнасці ад велічыні. Адзін спецыялізавны сталярны малаток прадаваўся за 15 рублёў. Пілы-нажоўкі прапаноўваліся па 10 рублёў, адна невялікая каштавала 7. Абцугі для выцягвання цвікоў прадаваліся за 10 рублёў, сякеры, асаджаныя на тапарышчы, прапаноўваліся па 25 рублёў.

На завяршэнне прайшоў па крытых радах. Там сярод іншага тавару заўважыў свежыя маліны. 200-грамовая шклянка ягад прапаноўвалася за 1,5 рублі, паўлітровы слоік — за 3. А лепяльчанка Марыя Літвін прадавала 5-літровае вядзерца ўласнавырашчанага вінаграду за 5 рублёў.

На тым абход базару вырашыў закончыць і апоўдні скіраваўся дахаты.

Тэкст і фота: Б. САНЕЎ.

На здымку: багаты асартымент прапануе лепяльчанка Марыя Літвін; майстар-рамеснік Міхаіл Пасмурэц прадстаўляе сваю прадукцыю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.