Все началось со старой фотографии

syaliba-shalko%d1%9eskix-svyadzica-42 Усё пачалося са старога фотаздымка, які на ўрок гісторыі ў Слабадскую школу прынёс вучань Мікіта Белавусаў. На выхадных разам з бацькамі і малодшай сястрой Данай хлопец быў у Свядзіцы, дзе бабуля  Галя пакінула пад лецішча сядзібу сваіх бацькоў —  Івана і Ганны Шалкоўскіх. У старой хаце прадзедаў дзеці знайшлі не толькі той здымак, але і шмат іншых сямейных рэліквій, якія распавядаюць гісторыю  іх роду.

Старая хата Шалкоўскіх стаіць на высокім пагорку, непадалёк ад рэчкі Свядзіца, якая і надала паселішчу назву. На пачатку стагоддзя сядзіба асірацела, незаўважна і назаўсёды адзін за адным сышлі ў лепшы свет яе гаспадары. Знадворку хата нічым не вылучаецца сярод іншых пакінутых сядзіб, але калі заходзіш усярэдзіну, узнікае ўражанне, што яе насельнікі толькі на хвілінку выйшлі па гаспадарчых патрэбах. Прасторны інтэр’ер залы, акуратна, нібыта толькі зранку, засланыя старыя металічныя ложкі за такой жа старой шафай. За шклянымі дзверцамі самаробнага серванта акуратна састаўлены посуд. Час нібыта спыніўся некалькі дзесяцігоддзяў таму. Адзінае, што стварае няўтульнасць і вяртае ў рэальнасць — даўно не палілі ў печы, ад якой цягне холадам. Ад холаду ў хаце ратуемся цёплай гарбатай.
Увагу прыцягвае цэлая галерэя вялізных партрэтаў, якія звычайна ўпрыгожваюць кожную вясковую сядзібу. На здымках — родапачынальнікі двух сялянскіх галін, Шалкоўскіх і Кузьмічоў, якія спакон веку жылі ў Свядзіцы. Зусім мала вядома пра Максіма Шалкоўскага, бацька якога быў “палякам”. На іншым здымку — выява немаладога ўжо мужчыны з “чапаеўскімі” вусамі ў цывільным пінжаку з гальштукам. Гэта Барыс Кузьміч, партрэт зроблены з ваеннага фота, на якім Барыс у гімнасцёрцы.
Нарадзіўся Барыс Кузьміч на пачатку дваццатага стагоддзя. Быў рукастым чалавекам. Добра валодаў цяслярскай справай, рабіў мэблю. А неабходныя дэталі сам выточваў на такарным станку. Прайшоў праз дзве вайны — “фінскую” і Вялікую Айчынную, быў некалькі разоў паранены. Яго імя значыцца сярод загінулых у кнізе “Памяць”. Пасля цяжкага ранення Барыс цудам застаўся жывы, хоць і моцна скалечаны. Аднак калецтва не замінала весці гаспадарку. Ужо ў сталым узросце радавалі ў садзе сакавітыя яблыкі і грушы, а дзеці ды ўнукі частаваліся мёдам з вялікай пасекі.
Дачка Ганна выйшла замуж за аднавяскоўца Івана Шалкоўскага, які з маладосці быў добрым гарманістам. Хлопцу дастаткова было толькі раз пачуць мелодыю, каб потым папоўніць рэпертуар новай кампазіцыяй. Колькі вяселляў сыграў па навакольных вёсках Іван — і не падлічыць. Дачка Галіна сцвярджае, што набярэцца больш за паўтары сотні. Акрамя гэтага, удзельнічаў і ў мастацкай самадзейнасці, прадстаўляў раён на розных музычных конкурсах. Сярод іншых рэчаў захаваўся Іванаў гармонік.
Асобны перыяд у жыцці Івана Шалкоўскага — служба на Чарнаморскім флоце, якая цягнулася пяць гадоў. Пра тое сведчаць шматлікія аматарскія фотаздымкі, па надпісах можна вызначыць, што службу Іван праходзіў у Севастопалі і Нікалаеве. На здымках бачна, што і на флоце Іван быў неразлучны з гармонікам. На гарышчы знайшлі пакрыты шматгадовым пылам скураны чамадан замежнай вытворчасці, з якім Іван прыйшоў на “дэмбель”. Па ўсяму бачна, што чамадан, зроблены з натуральнай скуры, па тым часе каштаваў немалых грошай.
Запрашалі Івана на звыштэрміновую ў вайсковую часць, што размяшчалася ў Бароўцы. Адмовіўся — не захацеў мяняць чорную марскую форму на зялёную. Заняўся добра знаёмай цяслярскай працай. Рубіць зрубы ў яго атрымлівалася не горш, чым граць на гармоніку. Ніводнае наваселле ў Свядзіцы ды іншых вёсках не абыходзілася без удзелу Івана Шалкоўскага. За гады працоўнай дзейнасці яму давялося шмат дзе працаваць, але асноўнай прафесіяй заставалася цяслярства.
Праз некалькі гадоў пасля вяселля, сабраўшы ў ахапку малых дзяцей, пакінуў родную вёску. Паехалі маладыя Шалкоўскія ў бяскрайнія казахскія стэпы падымаць Цаліну. Аднак ужо праз колькі часу вярнуліся дадому. Пакрысе пачалі абжывацца, абзавяліся гаспадаркай. Павольна ішло сваёй чаргой сялянскае жыццё. Адзін за адным павыляталі з бацькоўскага гнязда дзеці.
Шамаціць каля сядзібы Шалкоўскіх лістотаю халодны кастрычніцкі вецер, зрывае апошні ўбор са старой бярозы. Гэтае дрэва таксама мае сваю гісторыю. Пасадзіў яго Іван Шалкоўскі-малодшы незадоўга да камандзіроўкі ў Афганістан. Строга загадаў малодшай сястры Галіне даглядаць дрэўца, каб не засохла. Дзяўчына тады хоць і здзівілася, але вялікага значэння братавым словам не надала. Толькі пазней з лістоў бацькі даведаліся, дзе знаходзіцца іх сын. У Афганістан на два гады Іван Шалкоўскі-малодшы быў накіраваны па лініі Міністэрства ўнутраных спраў міліцыянерам.
Усё жыццё Шалкоўскія пражылі ў гэтай хаце, якая і стала аб’ектам нашага краязнаўчага даследавання. Галіна Белавусава ахвотна дзеліцца ўспамінамі пра сваіх родных. Галіна Іванаўна спадзяецца, што дзеці і ўнукі нададуць бацькоўскай сядзібе другое жыццё, і тая яшчэ доўга будзе саграваць сваім цяплом нашчадкаў.
Валерый ТУХТА.
На здымках: Мікіта і Дана Белавусавы з сябрамі ў хаце прадзедаў; Іван Шалкоўскі (у цэнтры) падчас службы (пачатак 50-х).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.