Зачастую жертвами становятся люди после лобовых столкновений транспортных средств

klasif_dtpЛепяльчане перад пачаткам рабочага дня назіраюць на цэнтральных вуліцах райцэнтра шчыльны аўтамабільны паток. На асобных участках можна гаварыць пра транспартныя  “пробкі” ў такую прыпарную пару. Колькасць прыватных аўто прыкметна ўзрасла. Такая акалічнасць наўпрост  выклікае  аварыйнасць, рост дарожна-транспартных здарэнняў і цяжкасці іх наступстваў.

Сітуацыю ўскладняе перавага вадзіцеляў з малым вадзіцельскім стажам, якія не маюць дастатковага вопыту кіравання, асабліва ў выпадку ўзнікнення экстрэмальных сітуацый. У асенне-зімовы перыяд, калі пагаршаюцца ўмовы ваджэння па прычыне скарачэння светлавога дня, нязменна павышаецца верагоднасць дарожна-транспартных трагедый з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў.
— За восем месяцаў на тэрыторыі раёна зарэгістравана дванаццаць дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх пяць чалавек загінула, трынаццаць атрымалі раненні, — падкрэслівае начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Дуранаў. — Адно ДТЗ адбылося па віне кіроўцы ў стане алкагольнага ап’янення.
— Сітуацыя трывожная. За агульнымі лічбамі — чалавечыя трагедыі…
— Жах ахоплівае, калі пачынаеш прыгадваць аварыйныя сітуацыі, — працягвае суразмоўца. — 14 студзеня 2017 года ў 18 гадзін бухгалтар РА “Белнасенне” кіравала аўтамашынай “Мазда-626” на аўтадарозе Мінск — Віцебск. Каля вёскі Барсукі выехала на паласу сустрэчнага руху і сутыкнулася з грузавой аўтамашынай “Рэно-Магнум”. Кіроўца была шпіталізавана ў рэанімацыйнае аддзяленне УАЗ “Лепельская ЦРБ”, дзе памерла. Трое пасажыраў атрымалі цялесныя пашкоджанні.
Другі прыклад. 18 лютага ў 12 гадзін расіянін дырэктар ТАА “Грантэк-21” ехаў на аўтамашыне “Мерседэс-Бенц”, ля Старога Лядна наехаў на веласіпедыста-пенсіянера, які быў моцна траўмаваны і затым памёр у бальніцы.
Даволі рэзанансны след пакінула аварыя ў Старым Лепелі. Аўтамашына “Сітраен-Ксара” на аўтадарозе Лепель — Ушачы сутыкнулася з ГАЗ-53. Вадзіцель загінуў, пасажыры моцна пацярпелі.
-2-
Гэта толькі некалькі жудасных эпізодаў “вайны на дарогах”. І выснова напрошваецца такая. Часцяком ахвярамі становяцца людзі пасля лабавых сутыкненняў транспартных сродкаў (загінула 19, паранена 39 чалавек), наездаў на пешаходаў і веласіпедыстаў (17 — 29), перакульвання транспарту (5 — 26).
Супрацоўнікамі міліцыі сёлета зафіксавана 4821 парушэнне правілаў дарожнага руху, з якіх 1586 датычаць перавышэння хуткаснага рэжыму. Затрымана 118 вадзіцеляў без правоў кіравання, выяўлена 63 факты кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Горш таго, тры кіроўцы наогул селі за руль нападпітку паўторна.
Статыстычны барометр няўмольна сведчыць аб высокай ступені рызыкі на дарогах. Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў застаецца даволі высокай. І прычыны не глыбінныя, а ляжаць на паверхні паўсядзённага жыцця — павелічэнне патоку транспартных сродкаў, недастатковая прапускная здольнасць шэрага вуліц і дарог, грубыя парушэнні ўстаноўленых правілаў, безадказнасць і нізкі ўзровень культуры ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. За восем месяцаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 393 пешаходы і веласіпедысты. Да некаторых грамадзян ніяк не дойдуць патрабаванні абазначаць сябе ў прыцемках флікерамі. Свядома ідуць на парушэнні. І нясуць адказнасць. 309 чалавек выяўлена без святлоадбівальных элементаў, да таго ж 36 выйшлі на шпацыр пасля ўжывання спіртных напояў. Кажуць, да пары жбан ваду носіць. Да пары. Па віне пешаходаў адбылося тры дарожна-транспартныя здарэнні.
Натуральна, выкарыстанне адных толькі святлоадбівальных элементаў не дазволіць цалкам вырашыць праблему наездаў на пешаходаў. Рэальнага іх змяншэння можна дабіцца пры надзейным вулічным асвятленні. Мэтанакіраванае прасоўванне па ўказаным шляху дазволіць знізіць колькасць аварый і цяжар наступстваў на неасветленых участках вуліц і дарог.
— Яшчэ раз завастраю ўвагу на праблемных участках аўтадарог з інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў, — кажа начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Дуранаў. — Адным з такіх даволі небяспечных участкаў з’яўляецца Аршанская шаша ў райцэнтры. Тут адсутнічаюць тратуары з абодвух бакоў праезнай часткі. І гэта пры тым, што гэты раён горада з’яўляецца прамысловым, дзе сканцэнтраваны шэраг прадпрыемстваў (УП «Лепельская ПМС», ЛКРСУП «Будаўнік», аўтабаза райспажыўтаварыства, раённага вузла электрычнай сувязі, ТАА «ЛСіС», ДЛГУ «Лепельскі лясгас», ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат»).
Моцна непакоіць стан дарог, ад якога наўпрост залежыць бяспека ўдзельнікаў дарожнага руху. Неаднаразова меркавалася абсталяваць тратуары па вуліцы Калініна, ад вуліцы Ульянка да Школьнай. Адсутнасць пешаходнай дарожкі рэальна пагражае бяспецы пешаходаў. Даводзіцца толькі шкадаваць, што воз, як кажуць, і зараз там. Не зварухнулася праблема з месца. Чаго чакаем? Бяды? Акрамя гэтага, не абуладкаваны тратуар па вуліцы Ульянка каля навучальнага корпуса ДУА «Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж».
Пры ўсім тым па вуліцах Калініна і Ульянка ходзіць шмат навучэнцаў гімназіі імя Ерашова і аграрна-тэхнічнага каледжа, рухаецца транспарт і пешаходы да самага густанаселенага мікрараёна. Дадзеная праблема і раней неаднаразова выносілася на абмеркаванне раённай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, аднак толькі на паперы застаецца.
Чым тлумачыцца такое прамаруджванне? У камунальным унітарным вытворчым прадпрыемстве «Бароўка» спасылаюцца на адсутнасць грашовых сродкаў. Аднак не праведзены ямачны рамонт нават каля навучальных і дашкольных устаноў. Набытая ў жніўні 2017 года ўстаноўка для рамонту дарог «Тайфун» не эксплуатуецца. Да цяперашняга часу не вырашана пытанне аб набыцці дарожных знакаў для ўстаноўкі іх у Лепелі і населеных пунктах раёна, якія абслугоўваюцца КУВП «Бароўка». Па выніках абследавання ў маі 2017 года ў райцэнтры неабходна было ўсталяваць больш за 350 дарожных знакаў, замяніць не менш як 50.
-3-
За восем месяцаў 2017 года за парушэнне правілаў утрымання вулічна-дарожнай сеткі ў бяспечным для руху стане выдадзена 25 прадпісанняў дарожнай інспекцыі на ліквідацыю недахопаў па ўтрыманні вуліц раёна (КУВП «Бароўка», ДЭУ-37, ДРБУ-202). Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута дзесяць службовых асоб.
Яўна недастатковае, а ў некаторых прадпрыемствах раёна не адпавядае прад’яўленым патрабаванням планаванне і правядзенне мерапрыемстваў па папярэджанні аварыйнасці, кантролі за тэхнічным станам транспартных сродкаў перад выездам на лінію і станам вадзіцельскага складу. Часцяком дапускаюцца парушэнні правілаў дарожнага руху ў КУВСГП «Лепельскае» — адзінаццаць, з іх тры кіроўцы былі за рулём службовага транспарту, не маючы права кіравання, а таксама на прадпрыемстве «Лепяльчанка» — дзесяць. Міжрэйсавыя і паслярэйсавыя агляды вадзіцельскага складу вядуцца не ў адпаведнасці з заканадаўствам (раз у два дні). На працягу рабочага дня кантролю наогул няма. Службовыя асобы названых прадпрыемстваў адпаведна чатыры і два разы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку выпуску транспарту на лінію.
Найбольш часта на службовым транспарце здзяйснялі дарожна-транспартныя здарэнні з матэрыяльным уронам работнікі ААТ «Лепельскі МКК» — шэсць выпадкаў. Вінаватымі ў ДТЗ на службовым транспарце станавіліся работнікі КУВСГП «Лепельскае», СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» і ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік».
А гэты аспект тэмы для роздуму і рашучых дзеянняў наогул пазначым асобна. Для стабілізацыі становішча з дзіцячым дарожна-транспартным траўматызмам АДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў у маі-чэрвені і жніўні-верасні праведзены спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Увага — дзеці!», раённы злёт юных інспектараў дарожнага руху на базе ДУА «СШ № 3 г. Лепеля». Прычым каманда СШ № 3 г. Лепеля заняла трэцяе месца на абласным злёце-конкурсе. Акурат напярэдадні новага навучальнага года адбылося дэталёвае абследаванне вулічна-дарожнай сеткі, прылеглай да ўстаноў адукацыі. На жаль, выяўлены шэраг недахопаў: адсутнасць дарожных знакаў, разметкі і г. д. Паводле даных праверкі выдадзены прадпісанні на ліквідацыю хібаў.
-4-
А паразважаць прынцыпова ёсць над чым усім суб’ектам прафілактыкі. Дзеці ж — будучыня краіны. Аб іх — найпершы клопат. А што маем на справе? За восем мінулых месяцаў сёлетняга года ўчынена два дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам непаўналетніх. Адно адбылося на аўтадарозе Віцебск — Мінск ля вёскі Матырына. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет, аўтамашына перакулілася. Дзяўчынка-пасажырка атрымала цялесныя пашкоджанні. А пра жахлівае здарэнне ў Старым Лепелі мы ўжо коратка распавядалі. І раскручваць далей апавядальную спружыну не варта. Варта толькі ўсім зрабіць правільныя высновы, пазбягаць падобных сітуацый, асабліва калі ў салоне аўто дзеці. Тут ужо пры выбары хуткаснага рэжыму, адэкватнай ацэнкі дарожнай сітуацыі патрабуецца быць удвая асцярожнымі і абачлівымі.
— Відавочна, калі размова датычыцца бяспекі падрастаючага пакалення, пабочных назіральнікаў быць не павінна, — адзначае ў размове начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Дуранаў. — Дарэчы, пытанні прафілактыкі, папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, вывучэння правілаў дарожнага руху заслухоўваюцца на педагагічных саветах школ, нарадах класных кіраўнікоў, на савеце раённага аддзела адукацыі. Ва ўсіх школах раёна арганізаваны куткі па дарожнай бяспецы. Аднак да гэтага часу ні ў адной з навучальных і дашкольных устаноў не абуладкаваны аўтагарадкі для нагляднага вывучэння правілаў дарожнага руху ў рэальных умовах.
Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што толькі сумесныя намаганні ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян дазволяць пераламаць сітуацыю з аварыйнасцю на нашых дарогах, зробяць іх сапраўды бяспечнымі для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.