Жители города Лепеля не прекращают удивлять разнообразием своих интересов и увлечений

a-24 Жыхары горада Лепеля не перастаюць здзіўляць разнастайнасцю сваіх інтарэсаў і захапленняў. Былая вучаніца СШ №3 г. Лепеля Юлія Скамарошчанка спрабуе сябе ў мадэльнай справе. Дзяўчына падзялілася гісторыяй свайго жыцця.

— З трэцяга класа хадзіла ў музычную школу па класу баяна, адвучылася сем гадоў і ўзяла дадатковыя два гады, каб асвоіць гэты музычны інструмент цалкам. Хто б што ні казаў, але музычная школа — выдатны шанец праявіць сябе. Іграла ў аркестры, ансамблі, лаўрэат конкурсаў. Была барабаншчыцай, ўдзельніцай танцавальнага калектыву “Лілея”.
— Як ты выбірала свой далейшы жыццёвы шлях?
— Да моманту заканчэння школы дакладна не вызначылася якім будзе маё жыццё. Вельмі падабаецца журналістыка, знайшла сваю першую заметку, якая была напісана і надрукавана ў шостых класах, з ёй звязана столькі ўспамінаў. Мне вельмі падабаецца вывучаць замежныя мовы. Паступіла ў Полацкі педагагічны каледж ВДУ імя П. М. Машэрава. На сённяшні дзень скончыла каледж і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
— Мне вядома, што ты займаешся мадэлінгам. З якіх часоў?
— З першых дзён пачала супрацоўнічаць з часопісам “Vip City”, пісала артыкулы аб модзе — гэта мая страсць. У нейкі момант часопісу спатрэбіліся фотаздымкі і фатограф прапанаваў мне, сказаўшы, што я высокая і сімпатычная, адпавядаю параметрам. І пачалося. Новы артыкул, новыя фатаграфіі. У Наваполацку ёсць філіял мадэльнай школы Сяргея Нагорнага. Урокі дэфіле, паказы, пластыка… Пазней даведалася пра Belarus Fashion Week. Мая лепшая сяброўка заўсёды мяне падтрымлівала, прапаноўвала, а я баялася, думала, што не падыходжу. У выніку на Belarus Fashion Week ездзіла пяць разоў, адзін раз нават у ролі журналіста. З-за маёй актыўнай дзейнасці з’явілася мноства знаёмых у розных сферах: мастакі, фатографы, видэаографы, візажысты. Брала ўдзел і ў паказе Mark Formelle.
— Напэўна, у цябе ёсць хобі, раскажы пра іх.
— Танцы, журналістыка, валанцёрства. Праз год вучобы пачала займацца танцамі.
— Што параіш падлеткам, якія думаюць звязаць сваё жыццё з фотасесіямі і паказамі?
— Мадэлінг і ўсё, што з ім звязана, вельмі складана маральна. Усё павінна быць ідэальна, гэта не жарт. Вельмі складаная, сур’ёзная і месцамі агрэсіўная прафесія. А калі гэта ўспрымаць як захапленне, мой варыянт, гэта выдатная ідэя! Гэта дае магчымасць зразумець, што ты не горш красуні з вокладкі часопіса, становішся больш упэўнена ў сабе. Пашыраецца кругагляд, на некаторыя рэчы пачынаеш глядзець па-іншаму.
Аліна КАРПЫЗІНА,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
На здымку: Юлія Скамарошчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.