Зажынкі ў Мамуліне

Жніво збожжавых культур павінна было пачацца з дня на дзень. Трымаючы руку на пульсе, тэлефанаваў аграномам сельгасарганізацый. Аднак навіна, як заўсёды, прыйшла абсалютна нечакана.
Увечары, калі ўжо пасля працы прыехаў дахаты, патэлефанавалі і паведамілі пра тое, што ў ААТ “Лядна” на ўборку аўса выехаў камбайн, мяркуюць зрабіць пробу ў Мамуліне. Доўга не разважаючы, асядлаў скутар — і вось я на месцы. Сапраўды, на ўскрайку поля сабралася тэхніка: камбайн “Палессе GS-10”, УАЗ-лятучка, трактар з прычэпам для адвозкі зерня, дырэктарская “Ніва”.

Колькі слоў варта сказаць пра Мамуліна. Гэта поле больш за дзесяць гектараў за вёскай Вялікае Жэжліна ў акружэнні лясоў. З аднаго боку блізка да яго бераг возера Вокзіна, з другога — працякае рака Ула. Глеба там пясчаная, аднак здаўна на ёй радзілі лён, бульба. Гадоў 15 таму нешта здарылася, і поле перастала даваць ураджаі, нават трава дрэнна расла. З чым гэта звязана, застаецца толькі меркаваць. І вось сёлета авёс, паводле папярэдніх ацэнак, павінен даць неблагі ўраджай — каля 25 цэнтнераў з гектара.
У мінулыя выхадныя лілі моцныя дажджы, частку збожжавых паклала на зямлю. У прадчуванні падобнай сітуацыі камбайнер Генадзь Ладзік на жняярку прыкруціў спецыяльныя прылады для пад’ёму палегліцы, аднак яны ў канчатковым выніку не спатрэбіліся.
Генадзь — дасведчаны механізатар, працуе ў “Лядне” з 2007 года, а да гэтага некалькі гадоў — у Сушы.
— Пачынаў яшчэ на “Енісеях”, была такая тэхніка на гусеніцах. Па гразкіх палетках праходзіла лёгка. Цяперашнія камбайны — іншая тэхніка. На сваім “Палессі” працую чацвёрты сезон, атрымліваў яго новым. Рухавік Д-263 нармальны для аўса. Аднак, калі іншая культура, з ураджайнасцю да 30 ц/га і больш — магутнасці не хапае, каб чыста вымалаціць. Даводзіцца значна зніжаць хуткасць.
Механізатары прыехалі на поле ў другой палове дня, бо ў сярэдзіне неба зацягнула хмарамі, церушыў дробны дожджык. Аднак да 16 гадзін ён сціх, выглянула сонейка, а ветрыкам яшчэ больш падсушыла. Вырашылі камбайнам абжаць поле па перыметры і такім чынам зрабіць пробны выезд.
За адзін праход па кругу бункер зерня быў намалочаны. Яго адвезлі. Другі бункер Генадзь узяўся намалочваць заездамі, зжынаючы авёс з аднаго боку поля. Там пясчанае ўзвышша, адкрытае сонцу, таму і парасткі там больш спелыя, нават месцамі выгаралі. Зрабіў пару праходаў туды-назад, намалаціў больш, як паўбункера, а тут і УАЗ-лятучка падкаціў, вадзіцель Уладзімір Праскаловіч падвячорак прывёз. Прыпыніўся камбайнер на некалькі хвілін, каб перакусіць. Раздатчыца Іна Аўсіевіч наклала порцыю кашы, выдала хлеб.
Пагутарыў з дырэктарам Іванам Бабовічам:
— Які ў гаспадарцы збожжавы клін?
— Зерневых трэба ўбраць 900 гектараў. Асноўны ўпор зрабілі на ячмень, ім засеялі большую частку ворыўных земляў. Ёсць яшчэ авёс, азімая пшаніца. Акрамя таго, яшчэ 110 гектараў рапсу. Дарэчы, два камбайны ўжо другі дзень шчыруюць на рапсавым полі. Спа-дзяёмся атрымаць да 15 цэнтнераў з гектара. Мяркую, яшчэ чатыры-пяць дзён — і рапс будзе ўбраны, можна будзе ўсе сілы перакідваць на збожжавыя палеткі.
— А колькі ў наяўнасці гэтых сіл?
— Два камбайны, я ўжо казаў, на рапсе, адзін —тут і яшчэ два — у майстэрні. У бліжэйшыя дні ўсе будуць гатовы да выхаду. Ёсць пэўная напружанасць у транспартным забеспячэнні, не хапае вадзіцеляў. Вось, бачыце, адвозіць намалочаны авёс галоўны інжынер Павел Вячэрскі. Яшчэ дзве адзінкі тэхнікі адвозяць ад камбайнаў рапс. Праўда, там плячо адвозкі даволі доўгае. Каб высушыць, трэба зерне везці на збожжасушыльны комплекс СВФ “Заазер’е” ў Стаі.
— Праблем з запчасткамі і палівам няма?
— Праблем хапае ўсюды і заўсёды, але вырашаем іх у рабочым парадку. Камбайны не старыя, таму вялікіх фінансавых укладанняў не патрабуюць. Дызельнага паліва таксама хапае. Паколькі ААТ “Лядна” плацежаздольнае, то нам даюць новыя крэдыты на набыццё паліва. Толькі на ўборачныя работы патрабуецца каля паўтары тоны на дзень.
— Бачу, на камбайне працуе толькі адзін чалавек. Дзе памочнік?
— Ужо некалькі гадоў у нас камбайнеры працуюць без памочнікаў. Тэхніка новая, спраўляюцца за дваіх. Зарплату, дарэчы, таксама за дваіх атрымліваюць — заробак памочніка налічваецца камбайнеру. Такім чынам на жніве можна заробіць неблагія грошы. Вядома, праца хлебароба цяжкая, даводзіцца шчыраваць ад рання да змяркання, што большасці сучаснай моладзі не даспадобы.
Між тым падвячорак завяршыўся. Генадзь Ладзік зноў сеў у кабіну, развярнуў сваю тэхніку, адразаючы новы загон. Адзін праезд — і зноў поўны бункер. Выгрузка — і зноў за працу. Так да вечара тры бункеры аўса былі намалочаны і прывезены на зерняток.
На наступны дзень запланавалі пачаць абмалот раней, гадзін з дзесяці, як толькі абсохне раса і стане магчымым жаць. І, не чакаючы ні дня, брацца за прэсаванне і вываз саломы.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.