На Лепельщине чествовали первый экипаж-тысячник

Пра тое, што лёгкага хлеба не бывае, дзеці ведаюць яшчэ з народных казак і створаных па іх матывах мультфільмах. З цягам часу гэта аксіёма падцвярджаецца рэальным жыццём. Так, на полі сельгасфіліяла “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” ля вёскі Вялікія Пышнагоры прыйшлося ўбачыць палетак плошчай больш, як у 10 гектараў, і ўся збажына на ім палеглая. Жыта спрэс ляжала на зямлі, сцяблы былі прыціснуты да глебы. Гэта стала вынікам дажджоў і вятроў, якія прайшлі не так даўно.

Разам з тым пільнае вока адзначыла адну асаблівасць — поле было чыстае ад пустазелля, што ўказвае на высокі ўзровень працы ўсёй агранамічнай службы гаспадаркі.

Няцяжка ўявіць, якая складаная задача паўстала перад камбайнерамі СВФ “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” па ўборцы такіх палеткаў. Камбайны, у тым ліку і знакаміты New Holland CR9.90 Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава, рухаліся няспешна. Сцеблападёмнікі на жняярках ледзь-ледзь спраўляліся: хлопцы апусцілі матавілы, стараючыся хаця б імі прыўзняць каласы. І нават гэта спрацоўвала часткова, значная доля ўраджаю так і не патрапіла ў бункеры камбайнаў, засталася на полі. І нават у такіх складаных умовах камбайнеры СВФ “Заазере” змаглі дасягнуць новых працоўных поспехаў, намалацілі тысячы тон.

У дзень прыезду, акрамя экіпажа Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава, тысячнага намалоту дасягнуў экіпаж Алега Пазняка і Аляксандра Махоня. Аднак, у адрозненне ад калег, яны працуюць на камбайне айчыннай вытворчасці “Палессе КЗС-1218” — самай масавай і папулярнай збожжаўборачнай тэхніцы ў Беларусі. Прадукцыйныя характарыстыкі ў камбайна “Палессе КЗС-1218” нашмат больш сціплыя, чым у імпартных камбайнаў, таму і працоўныя перамогі іх экіпажаў падаюцца больш важкімі.

Камбайн “Палессе” толькі-толькі выгрузіў намалот у кузаў аўтамабіля, які ўзяў курс на збожжаток і скіраваўся зноў у масіў збажыны, як механізатараў папрасілі на хвілінку прыпыніцца. А для ўручэння падзяк і прэмій экіпажу імпартнага камбайна давялося праехаць на процілеглы край поля.

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Мончык адзначыла:

— Мы бачым, як цяжка даецца сёлетні ўраджай: марозіла зімой, дажджыла вясной, сушыла летам, а ў дадатак — палегліца! Прыміце ж словы шчырай падзякі за вашу самаадданую працу па прымнажэнні нашага агульнага дабрабыту! Дазвольце пажадаць вам і вашым семям моцнага здароўя, бо гэта — самае галоўнае.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч дадаў:

— Мы вельмі рады прыязджаць да вас з добрай нагоды — віншавання з працоўнымі поспехамі. Таму жадаем вам новых перамог, каб мы яшчэ і яшчэ прыязджалі да вас у госці!

Жніво ў сельгасфіліяле “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” перайшло за экватар. Азімыя хаця і пацярпелі ад засухі, усё ж такі паказвалі неблагія ўраджаі. Пшаніца і жыта давалі каля 30 цэнтнераў на круг, яны ж стануць, мяркуючы па ўсім, асновай сёлетніх намалотаў. Зерне яравых культур, ячменю і пшаніца не налілося, таму ўраджайнасць гэтых культур значна меншая.

Нягледзячы на дасягненні, механізатары СВФ “Заазере” нен збіраюцца спыняцца на дасягнутых поспехах і паслабляць тэмп. Пачатак з самага ранку, завяршэнне позняй ноччу, калі змрок і раса ўжо не дазваляюць жаць збажыну, беражлівыя адносіны да тэхнікі — галоўныя прынцыпы ў штодённай працы хлебаробаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.