Зернесушылка з кандыцыянерам

316Магутны, сучасны збожжасушыльны комплекс “Амкадор-Можа” ў вёсцы Забалацце КУВСГП “Лепельскае” быў пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ў 2009 годзе. З першых дзён на ім працуе аператарам Вадзім Галай. Сустрэўся з хлопцам нядаўна, падчас чарговай паездкі па сельгасарганізацыях раёна.

 — Прывітанне. З пачаткам жніва! Напэўна, у вас значна прыбавілася працы?

 — Асноўная праца пачалася яшчэ ў чэрвені, калі пачалі здымаць тэхніку з зімовага захоўвання.

 — Сапраўды, у такім гмаху парадак навесці — вялікая справа. А як зараз?

 — Як выехалі камбайны ў поле, жалі азімы рапс, працы было шмат. Аднак высушылі ўвесь намалочаны азімы рапс як свайго “Лепельскага”, так і аграсэрвіса. Комплекс вычысцілі, падрыхтавалі пад прыём зерня. Пачалі сушыць жыта, іншыя зерневыя. Сушылка зараз запоўнена пад самы верх, амаль 80 тон. Тэхналагічны працэс прадугледжаны такім чынам, што комплекс запускаецца толькі пры загрузцы напалову і больш, а гэта 40 тон. Нашмат зручней, калі ланцужок не перарываецца, адначасова адбываецца выгрузка сухога збожжа і загрузка толькі прывезенага.

  — Якая якасць збожжа?

 — Пра агульную якасць можа сказаць аграном, я магу сказаць толькі пра вільготнасць. На прыёме і на выхадзе заўсёды правяраем вільгацемерам. Нам трэба даводзіць зерне да 12 — 14% вільгаці. З палёў жыта паступала з паказчыкам 24 — 28%, а апошнія машыны жыта прывезлі такое, што апарат зашкаліў — больш за 30%, яго тады ўбіралі пад дажджом.

 — Чуў, нядаўна комплекс быў пераведзены на прыродны газ.

 — У мінулым годзе восенню. Па-добраму, газам так і не паспелі пакарыстацца. Як толькі сушылка была здадзена ў эксплуатацыю, адзін кацёл абаграваўся дрывамі, другі — дызельным палівам. Нязручна было, цяжка, асабліва з дрывамі. Пакуль патрэбную тэмпературу нагоніш, падтрымліваць яе трэба. Цяпер жа — націснуў кнопачку і сядзі сабе ў памяшканні, кантралюй працэс па маніторы камп’ютара. Па чарзе з напарнікам перыядычна абыходзім, аглядаем механізмы, дзе трэба — наладжваем.

 — Ці захоўваецца магчымасць вярнуцца да выкарыстання дроў і дызелю?

 — Тэарэтычна — так, але для такога пераходу павінна быць важкая прычына і дужа пільная патрэба. Каб перавесці кацёл з выкарыстання газу на дызель, трэба папрацаваць суткі, на дровы — двое. Зразумела, што ў час, калі ідзе вялікае збожжа, такога сабе ніхто дазволіць не можа.

 — Які рэжым працы?

 — Суткі праз суткі. Змена — два чалавекі. Мой напарнік Дзяніс Свабода са Стай.

 — Раскажы, дзе працаваў да Забалацця, — звяртаюся да Дзяніса.

 — Некалькі сезонаў быў аператарам збожжасушыльнага комплекса сумеснай беларуска-польскай вытворчасці “ЛідаRaj” у Стаях.

 — Папрацаваўшы на двух сушылках, як можаш іх параўнаць?

 — Прынцып дзеяння ў іх аналагічны. “Амкадор” крыху большы за “Ліду”, больш збожжа адначасова можа прыняць. Але ў “Ліды” ёсць адна несумненная перавага — дадатковы ўмяшчальны бункер для сухога збожжа. Зараз патлумачу падрабязней. Тут сухое збожжа паступае таксама ў бункер, з якога вывозіцца транспартам на склад. Ёмістасць бункера — 20 тон. Калі ўлічыць, што вытворчая магутнасць комплекса складае 30 тон збожжа за гадзіну, то прыходзім да высновы, што на таку трэба пастаянна мець пад рукой аўтамабіль ці трактар з прычэпам. Гэта не заўсёды выканальна. Бывае, што па паўдня можаш адчакаць. У “Лідзе” справа вырашаецца прасцей, там зерне перасыпаецца ў дадатковы бункер, які можа змясціць да 500 тон збожжа. Працэс сушкі з гэтай прычыны не перапыняецца ні на хвіліну. Як толькі вызваляецца машына ці трактар, адразу перадаюцца пад вываз сухога зерня на склад.

 — Купіць і ўстанавіць дадатковы бункер — затратная справа?

 — Наколькі ведаю, 500-тонны бункер ішоў у камплекце пастаўкі комплекса “ЛідаRaj”.

 — Цяпер вам добра працаваць: сушылка працуе на газу, працэс кантралюе камп’ютар, вы сядзіце ва ўтульнай аператарскай…

 — І не проста ў аператарскай, а з кандыцыянерам, — падхоплівае мой тон Вадзім.

 — Дзе?!

 — Вунь за спіной.

 Аглядаюся, сапраўды бачу: вісіць кандыцыянер. Вядома, у прахалодны дажджлівы дзень ён не актуальны, затое ж у спёку…

 На развітанне сфатаграфаваў хлопцаў перад збожжасушыльным комплексам.

С. БАЗЫЛЬ.

 На здымку: Вадзім Галай і Дзяніс Свабода.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.