Людвік з Пакева

Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння вядомага літоўскага і беларускага пісьменніка, фалькларыста і этнографа Людвіка-Адама Юцэвіча, ураджэнца маёнтка Пакевіс Ковенскай губерні Літвы (1813 — 1846). Атрымаўшы на радзіме гімназічную адукацыю, Людвік некаторы час займаўся ў Віленскім універсітэце на медыцынскім факультэце, а потым скончыў Віленскую духоўную акадэмію. Працаваў памочнікам святара ў Свянцянскім і Свядосцкім прыходах. Аднак у 1842 годзе адмовіўся ад сану ксяндза, ажаніўся і пераехаў у Беларусь. У ліпені 1843 года Людвік Дзям’янавіч быў прызначаны выкладчыкам гісторыі і геаграфіі Лепельскага павятовага дваранскага вучылішча.

 Яшчэ на радзіме ён распачаў сваю дзейнасць са звычайнага аматарскага захаплення помнікамі старажытнасці. У полі зроку даследчыка аказаліся важныя пытанні вытокаў і бытавання народнай культуры. Праца і жыццё ў Прыдзвінскім краі пашырылі дыяпазон яго творчай зацікаўленасці, сталі пераломным этапам у яго навуковай дзейнасці. Пад сваімі публікацыямі ён падпісваўся псеўданімам “Людвік з Пакева”. Даследчык у першай палове XIX стагоддзя мэтанакіравана шукаў уласныя шляхі вывучэння падабенства і разыходжання ўзаемаўплыву культур суседніх народаў, рабіў цікавыя параў­нанні беларускіх і літоўскіх назваў, а з імі і сярэдневяковых легендаў. Так, Людвік з Пакева імкнуўся прасачыць бытаванне міфаў пра Русалку на Беларусі і Андыну ў Літве. У сваіх работах Л. Юцэвіч апісаў шырока распаўсюджанае на Лепельшчыне свята Пятра і Паўла, засяродзіў увагу на асаблівасцях песень вясельнага цыкла, варажбы ад хвароб, шлюбнага абраду і споведзі, сувязі гаспадарчай дзейнасці чалавека з народнымі абрадамі і вераваннямі.

 Няцяжка здагадацца, што аўтар аднолькава добра валодаў усімі гэтымі культурамі і іх асновай — мовай. Ва ўсялякім выпадку даследчык прыводзіў арыгінальныя прыклады на адпаведных мовах. Л. Юцэвіч высока цаніў мясцовыя лепельскія паданні як важную крыніцу краязнаўства. Ён лічыў, што праз паданні і мову людзей можна лепш зразумець кожны край, бо “ніхто не павінен забываць гутарак бацькоў сваіх”. Вялікай шкодай, сцвярджаў даследчык, з’явілася тое, што “ліцвіны” (так называлі беларусаў і літоўцаў у Вялікім княстве Літоўскім у XIV — XVIII стагоддзях) мала клапаціліся пра асвету, гаварылі і пісалі часцей па-руску, па-польску, на латыні, чым на ўласнай мове. А мова наша такая ж дасканалая, як і іншыя. Адзіным сродкам самавыяўлення стаў фальклор. І першавытокі духоўнай культуры, лічыў Юцэвіч, трэба шукаць яшчэ ў эпасе паганства.

 Дыяпазон даследаванняў выкладчыка і фалькларыста быў вельмі шырокі. Яму ўдалося многае зрабіць. Вялікімі былі планы на будучае. Аднак нечаканая смерць пасля цяжкай хваробы ў сакавіку 1846 года спыніла яго актыўную дзейнасць. Пахаванне 33-гадовага Людвіка-Адама Юцэвіча адбылося ў Лепелі на Георгіеўскіх могілках, што на Пясчанцы.

 Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.