Майскі падарунак
Апошні месяц вясны май прынёс з сабой асаблівую цеплыню. Маладыя зялёныя лісточкі, якія пераліваюцца пад ласкавымі промнямі сонца, свежы подых азёрных хваль, пах кветак у гарадскім скверы — усё гэта ўзнімае настрой і дорыць невыказную асалоду. На ўсё жыццё гэта цудоўная пара запомніцца жанчынам, якія сталі матулямі.
Для таго, каб павіншаваць жанчын з гэтай шчаслівай падзеяй, мы разам з вядучым спецыялістам аддзела ЗАГС райвыканкама
Кацярынай Крывец, першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Таццянай Шчэрбач уваходзім у радзільнае аддзяленне.
Старшая акушэрка аддзялення Іна Якубоўская сустрэла нас радаснай навіной:
— Сёлета ў радзільным аддзяленні з’явіліся на свет 112 хлопчыкаў і дзяўчынак, у маі ж нарадзіліся на свет 15 малышоў.
Нам насустрач выходзіць маладая шчаслівая матуля, якая трымае на руках дзіцяці. Да дарагой жонкі падыходзіць муж і выказвае шчырыя віншаванні.
— Малыш нарадзіўся вагой тры кілаграмы 330 грамаў і ростам 56 сантыметраў, — адзначае матуля. — Мы вырашылі назваць яго Данілкам.
І хоць хлопчык яшчэ зусім маленькі, ён ужо адчувае, што побач знаходзіцца матуля, пазнае яе голас. Малады тата пяшчотна бярэ малыша на рукі.
…Таццяна родам з Межыцы, а Яўген — з Пышна. Скончыўшы Заслонаўскую сярэднюю школу, дзяўчына набыла спецыяльнасць повара ў Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы, а затым прыехала працаваць на родную Лепельшчыну, уладкавалася начальнікам харчовага склада 29-ай зенітна-ракетнай брыгады, якая раней дыслакавалася ў Межыцы. У гэтай часці праходзіў тэрміновую ваенную службу Яўген. Тут, у ваеннай часці, і адбылася першая сустрэча маладых.
Пасля таго, як ваенная часць у Межыцы была расфарміравана, Яўген працягваў службу ў г. Фаніпаль Мінскай вобласці, а Таццяна пераехала працаваць у Мінск. Як толькі з’яўлялася магчымасць, Яўген прыязджаў да сваёй каханай, а праз некаторы час зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца.
Нараджэнне малыша прынесла ў маладую сям’ю асаблівае шчасце.
— Наш сынок — гэта шчодры падарунак лёсу, — кажа Таццяна. — Немагчыма стрымаць сваёй радасці, захаплення, калі бачыш гэтыя маленькія вочкі, сочыш за яго рухамі, чуеш яго голас. Будзем імкнуцца выхаваць у сыне ўсе лепшыя якасці. Самае ж галоўнае — каб ён рос здаровенькі.
Зараз маладая сям’я жыве ў Межыцы. Яўген працуе рабочым у ААТ “Мастер-ШИК”.
— Хацелася б у будучым папоўніць сваю сям’ю?
— Абавязкова! — чую адказ шчаслівых бацькоў.
Вядучы спецыяліст аддзела ЗАГС райвыканкама Кацярына Крывец уручыла Таццяне і Яўгену пасведчанне аб нараджэнні малыша, святочную паштоўку і прыгожы букет кветак. Цёплыя словы ў адрас маладой сям’і прагучалі таксама з вуснаў першага сакратара РК ГА “БРСМ” Таццяны Шчэрбач, якая таксама падрыхтавала падарункі для маладых бацькоў.
З захапленнем гляджу на гэту прыгожую, шчаслівую пару і ў думках жадаю: “Нясіце сваё шчасце праз гады, і няхай яно сагравае вашы сэрцы!”
Святлана Сільвановіч.
На здымку: маладыя бацькі Таццяна і Яўген Міснікі з нованароджаным Данілкам.