Мы працуем для вас

Адным з асноўных накірункаў работы журналістаў нашай газеты з’яўляецца дэталёвы разгляд вусных і пісьмовых зваротаў грамадзян. Акрамя падрыхтоўкі матэрыялаў інфармацыйнага, аналітычнага жанраў, замалёвак, нарысаў і інтэрв’ю, вядзём грунтоўны дыялог з чытачом. Вашы допісы дасылаюцца на адрас установы, у кампетэнцыі якой знаходзіцца вырашэнне пэўнага пытання. Кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў інфармуюць рэдакцыю аб прынятых мерах у адносінах узнятых праблем. На аснове атрыманага адказу рыхтуецца матэрыял пад рубрыкай “Чытач — газета: зваротная сувязь”. Такім чынам, чытачы маюць дакладнае ўяўленне аб праведзенай рабоце.

У пісьмах, якія сёлета паступілі на адрас рэдакцыі, былі закрануты пытанні, разглядам якіх займаліся дзяржаўная ўстанова “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, Лепельскі раённы аддзел унутраных спраў, КУВП ЖКГ “Лепель”, а таксама філіял ДЭУ-37 РУП “Віцебскаўтадар”, Лепельскі сельвыканкам і г.д. Усе пытанні былі разгледжаны своечасова. Чытачы былі праінфармаваны аб выніках разгляду.
Не менш важнае месца ў раённай газеце займаюць крытычныя выступленні. У падобных артыкулах узнімаюцца актуальныя пытанні, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння. З пачатку года раённай газетай былі дасланы паведамленні аб абавязковым рэагаванні на крытычныя выступленні на адрас Лепельскага ваеннага лясніцтва, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Лепельскага райспажыўтаварыства, ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, ААТ “Лепельскі МКК”, а таксама ў ДКУБП “Лепельская ПМК-75”, КУВП ЖКГ “Лепель” і шэраг іншых арганізацый. Ад кіраўнікоў, якія займаліся разглядам крытычных заўваг, рэдакцыя патрабавала іх няўхільнага вырашэння ва ўстаноўлены тэрмін. Пасля атрымання інфармацыі аб праведзенай рабоце да друку былі падрыхтаваны матэрыялы пад рубрыкай “Газета выступіла. Што зроблена?”.
Для таго, каб работа з чытачамі набыла больш канструктыўны характар, актывізуецца работа “Гарачых ліній”, якія дазволяць больш аператыўна вырашаць узніклыя пытанні. Так, нашы чытачы маюць магчымасць на працягу працоўнага дня пазваніць па тэлефоне 4-12-84 або 4-12-79 і падзяліцца сваім набалелым. Перад тым, як выказаць сваё пытанне, укажыце, калі ласка, свае прозвішча, імя і дакладны адрас. З інфармацыяй аб праведзенай рабоце можна будзе пазнаёміцца ў публікацыі пад рубрыкай “Гарачая лінія”.
Паважаныя чытачы, мы чакаем вашых тэлефанаванняў. Дзеля вырашэння ўзніклых сацыяльных праблем мы пастараемся зрабіць усё магчымае. Спадзяёмся, што наша сумесная работа будзе плённай і актыўнай. Заставайцеся з намі!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.