Вехі мінулага

Гісторыя назвы горада звязана з возерам Лепельскім. На розных мовах слова “лепель” мае свае значэнні: на фіна-ўгорскай — альховы (у сэнсе возера між альховых лясоў), са старажытнабалцкіх моў — жоўтыя гарлачыкі (вадаём пакрыты гэтымі німфеямі), на славянскіх — белы, лепшы.

Да нашых дзён захаваліся культавыя будынкі XIX ст. Драўляная царква па вуліцы Валадарскага была створана ў 1868 г. у імя св. Параскевы-Пятніцы і каталіцкі касцёл імя св. Казіміра па Ленінскай вуліцы ў 1876 г.

У 1900 г. асвечана ў імя св. Вялікамучаніка Георгія Перамоганосца каменная царква на Георгіеўскім могільніку (Пясчанка).

Захаваўся план Лепеля 1860 г. Ужо ў той час горад набыў у асноўным сучасную канфігурацыю: падзяляўся на 30 кварталаў, меў тры плошчы. Базарная ля возера, памер — 1800 кв. сажняў, выходзіла на Маставую вуліцу і Віцебскі тракт. У цэнтры была Саборная плошча памерам 1,5 дзесяціны. У горадзе тады было каля 40 каменных і звыш 55 драўляных дамоў, у якіх пражывала 3093 чалавекі. На поўначы горад абмяжоў­ваўся Лепельскім возерам, на поўдні — Загуменнай вуліцай (на краі горада стаялі вялікія драўляныя будынкі — гумны для складвання і абмалоту збожжа), зараз вуліца Войкава. На ўсходзе і захадзе  горад абмяжоўваўся вуліцамі Ульянкай і Барысаўскім трактам.

У здавальняючым стане захаваліся старэйшыя будынкі горада: казённы дом для лепельскіх дзяржаўных устаноў (двухпавярховы цагляны будынах на стыку вуліцы Горкага і плошчы Свабоды, узведзены ў 1806 г.); два вялікія драўляныя дамы Бярэзінскай воднай сістэмы на вуліцы Пушкінскай паблізу гідраэлектрастанцыі; два будынкі 1830-ых гадоў на стыку Савецкай вуліцы і  Горкага, уякіх размяшчалі­ся дваранскае і ланкастэрскае вучылішча; старэйшая забудова цэнтральнай часткі горада па Дваранскай вуліцы (цяпер Данукалава і К. Маркса). Для назірання за надвор’ем была заснавала ў 1893 г. метэаралагічная станцыя. Па ўсеагульным перапісе насельніцтва Ра­сі­й­скай імперыі ў канцы XIX ст. у Лепелі пражывалі 6284 чалавекі.

Сапраўднымі фоталетапісцамі горада пачатку XX ст. сталі лепяльчане бацька Барыс Фідэльман і яго сын Рафаіл Барысавіч. Яны зрабілі сотні фота­здымкаў відаў Лепеля, культавых устаноў, каналаў, шлюзаў, шматлікіх грамадскіх мерапрыемстваў, а таксама прадстаўнікоў улады, мясцовага насельніцтва.

У сярэдзіне 1920 гадоў у горадзе працавалі тры смалакурныя заводы, арцель па рамонце сельскагаспадарчых машын, электрастанцыі, цагельны завод, паравы млын, леспрамгас, прамкамбінат і інш. прадпрыемствы. Вельмі важнай падзеяй у справе падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў з’явілася адкрыццё ў 1929 г. Лепельскага беларускага педагагічнага тэхнікума.

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.