Гісторыя газетнага фотаздымка

Аднойчы ўвечары, перабіраючы папку з выразкамі  з газеты “Лепельскі край”, засяродзіў увагу на нумары ад 28 чэрвеня 2002 года. Звярнуў увагу на артыкул “Загінуў героем”. Публікацыя з’яўляецца ўласна пісьмом, якое даслаў у рэдакцыю ветэран вайны Георгій Андросаў — у гады  вайны камандзір узвода разведкі. У сваім допісе ветэран распавядае аб ураджэнцу Лепельшчыны па прозвішчы Кулевіч. Але імя гэтага чалавека за даўнасцю гадоў не памятае.

Кулевіч  быў родам з адной лепельскай вёскі, пасля партызанаў трапіў на фронт. Ваяваў у складзе 357 стралковай дывізіі. Загінуў у Прыбалтыцы ў прамежак часу з лістапада 1944 па сакавік 1945 г. У гэты час Георгій Андросаў знаходзіўся  на лячэнні і абставінаў гібелі Кулевіча не ведаў. Пасля вяртання са шпіталю саслужыўцы перадалі яму дакументы загінуўшага лепяльчаніна разам з фотаздымкам. Праз дзесяцігоддзі Георгій Андросаў даслаў здымак з на­дзеяй, што хто-небудзь пазнае свайго земляка, назаве яго імя. З моманту публікацыі прайшло больш за дзевяць гадоў. Ці адгукнуўся хто на той газетны матэрыял, невядома.

У мяне ўзнікла думка паспрабаваць даведацца імя Кулевіча. Свае пошукі пачаў з кнігі “Памяць. Лепельскі раён”. У ёй адшукаў некалькі чалавек з прозвішчам Кулевіч. Толькі адзін з іх — Эдуард Іванавіч Кулевіч, 1924 года нараджэння, ураджэнец вёскі Зялёны Востраў, радавы 1188 стралковага палка, загінуў 24.01.1945 года — падыходзіў пад апісанне ў газеце, супадала месца і час гібелі. Гэта была першая зачэпка. Пасля звярнуўся з запытам на інтэрнэт-рэсур “АБД-Мемарыял”. Акрамя вядомай ужо інфармацыі стала  вядома, што 1188 стралковы полк уваходзіў у склад 357 дывізіі, у якой ваяваў Георгій Андросаў. Ну вось, здаецца, і ўсё. Так проста ўдалося даведацца імя безыменнага земляка.

Успомніў, што ў маім аса­бістым архіве захоўваецца  групавы здымак вучняў і настаўнікаў Гушчынскай сямігодкі (урочышча Гушчына знаходзіцца насупраць вёскі Чэрцы, на супрацьлеглым беразе аднайменнага возера) за 1939 год. Менавіта на ім мог бачыць падобнага чалавека. Адшукаў патрэбнае фота. Так і ёсць, амаль адзін і той жа твар. Толькі на газетным здымку крыху маладзейшы. Але на групавым фота выява настаўніка гісторыі і геаграфіі Гушчынскай сямігодкі Мечыслава Кулевіча. Нестыкоўка. Зноў паўстала пытанне: чый здымак у газеце — Мечыслава Кулевіча ці Эдуарда Кулевіча. А можа гэтыя два чалавекі нейкія паміж сабой ро­дзічы, дакладней,  родныя браты? Таму і маглі, як дзве кроплі вады, быць падобныя паміж сабой.

У кнізе “Памяць” сярод за­гінуўшых землякоў значыцца і імя Мечыслава Іванавіча Кулевіча, 1913 года нараджэння, ураджэнца вёскі Малы Поўсвіж, які загінуў 4 снежня 1941 года. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць: Мечыслаў і Эдуард маглі быць роднымі братамі. Жылі ў адной мясцовасці, мелі аднолькавае імя па бацьку. Дык чыя ж тады выява  ў газеце  — Мечыслава ці Эдуарда? Па дапамогу вырашыў звярнуцца да калег-настаўнікаў, каб яны, параў­наўшы паміж сабой два здымкі, пацвердзілі ці абверглі мае здагадкі наконт таго, ці адзін і той жа чалавек адлюстраваны на двух фатаграфіях. Тыя, каму паказваў фотакарткі, пацвердзілі, што гэта так.

Як тады магло здарыцца, што ў Эдуарда апынуўся здымак Мечыслава? Тут нічога дзіўнага. Хутчэй за ўсё ў сваіх дакументах Эдуард Кулевіч насіў даваеннае фота роднага брата. Ён мог ведаць, што брат загінуў у снежні 1941 года. Як мы ўжо ведаем, пасля гібелі Эдуарда яго асабістыя рэчы апынуліся ў Георгія Андросава, які ў сваю чаргу чалавека на здымку асацыіраваў са сваім саслужыўцам. Ці было калі прыглядацца ў баявых умовах да таго, як выглядаў адзін з шараговых байцоў, якога ведаў усяго некалькі месяцаў? Вось і думаў увесь гэты час, што захоўвае здымак свайго байца, да ўсяго даволі падобнага на чалавека са здымка.

Пакуль займаўся ідэнтыфікацыяй здымкаў і распрацоўваў рознага кшталту версіі, з Нацыянальнага архіва прыйшоў адказ на запыт. У дасланай архіўнай даведцы засведчана, што Эдуард Іванавіч Кулевіч, 1924 года нараджэння, з 27 верасня 1943 года (па іншых даных — 1942) па 27 чэрвеня 1944 года лічыўся радавым партызанам 2-га атрада імя Д. Ц. Караленкі Лепельскай брыгады імя І. В. Сталіна Віцебскай вобласці. Гэты факт яшчэ раз пераканаў у тым, што ў газеце гаворка ідзе пра Эдуарда Кулеві­ча. А вось звестак аб удзеле Мечыслава Іванавіча Кулевіча ў партызанскім руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў архіве не знойдзена.

Хочацца верыць, што на падставе пошукавай работы ўдалося разгадаць тайну газетнага фотаздымка і даведацца імя нашага земляка, які загінуў героем.

 Валерый ТУХТА,

краязнавец.

На здымках: фота Мечыслава Кулевіча ў “Лепельскім краі” за 28 чэрвеня 2002 года; фота 1939 года настаўнікаў і вучняў Гушчынскай сямі­годкі (Мечыслаў Кулевіч у першым шэрагу другі злева).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.