Дошка профілем у будучыню

У гімназіі паявілася інтэрактыўная дошка. Што яна сабой уяўляе? Калі знешне, то ўспомніце дыяпраектары, праз якія ў часіны нашага школьнага дзяцінства настаўнік дэманстраваў слайды. Ну, можа крышачку больш рэспектабельны выгляд. А калі па-сутнасці, то інтэрактыўная дошка — той самы камп’ютар, адаптаваны да ўмоў школьнага ўрока і стылізаваны пад звычайную школьную дошку. Бадай, казачны эфект: павядзеш рукою — і на такой дошцы ўзнікае патрэбная табе выява.

Толькі гэты эфект нашы дзеці ўжо не ўспрымаюць як казачны. Кожнае дзіця, якое днямі забаўляецца з мабільным тэлефонам, растлумачыць, што гэта эфект сэнсарнага экрана.
Так што здзівіць падлетка віртуальнай рэальнасцю наўрад ці ўдасца. Камп’ютар усё болей трывала ўваходзіць у наша жыццё.
Як жа збіраюцца тут павышаць якасць навучання з дапамогай інтэрактыўнай дошкі?
Справа ў тым, што пасля з’яўлення навінкі высветлілася, што вопыту працы з ёю па-сутнасці няма. Тэрмінова накіравалі некалькі настаўнікаў у Мінск у інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў пры БДПУ, на курсы “Інтэрактыўная дошка: тэорыя і практыка прымянення”. Па вяртанні з курсаў “сакрэты” інтэрактыўнай дошкі распавяла настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Сухадолава.
Найперш нас цікавілі магчымасці гэтай дошкі.
— Служыць яна можа як дэманстрацыйны экран, — распавядае Алена Мікалаеўна,— на якім можна з дапамогай праектара паказваць усё.
— Але ў чым жа яе магічныя здольнасці дасягаць павышэння якасці навучання?
— Дошка з’яўляецца сродкам інтэнсіфікацыі навучання, павышае матывацыю да вучобы, вобразна кажучы, дзеці могуць на ёй сябе праверыць. Урэшце ім проста цікава.
Ну, тут можна і паспрачацца, бо нішто не павышае так матывацыі да вучобы, як эрудыцыя настаўніка, здольнасць яго цікава распавесці матэрыял урока і, як кажуць, запаліць агеньчык у вачах дзяцей. А сродкі для гэтага ў кожнага настаўніка розныя. Дапусцім, што адным з іх, але ці галоўным, з’яўляецца таксама і інтэрактыўная дошка.
— Урэшце, дошка аблягчае працу настаўніка, эканоміць час на ўроку, — працягвае Алена Мікалаеўна,— бо тое, што яму б давялося вычэрчваць ды вымалёўваць, трацячы на гэта каштоўныя хвіліны ўрока, выскоквае на экране адным узмахам рукі ці чароўнай палачкі-маркера.
Вось толькі дошка адна, а ўрокаў шмат. Цяпер у гімназіі збіраюцца складаць графік загрузкі кабінета інфармацыйных тэхналогій.
Застаецца толькі парадавацца за гімназію і пашкадаваць, што пакуль няма магчымасці набыць падобныя “разумныя дошкі” ў кожную звычайную школу. Зрэшты, ці так ужо засмучаны з гэтай нагоды ў звычайных школах, бо ніводная дошка не здолее замяніць розум і вопыт настаўніка. А са здольнасцю зацікавіць вучня і без казачных тэхналогій у нашых шараговых настаўнікаў пакуль што, дзякуй Богу, усё нармальна.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: настаўніца Алена Сухадолава з вучнямі ля інтэрактыўнай дошкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.