Дровы па паліўных кніжках

У рэдакцыю звярнуўся жыхар вёскі Стаі В. Быкаў з наступнай просьбай: “У гарпалівазбыце змяніўся парадак выдзялення льготных дроў і торфабрыкету, патрабуюць даведкі. Не маглі б вы патлумачыць, якія паперы і з якіх арганізацый?”
Унёс яснасць у сітуацыю дырэктар Лепельскага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпалівазбыт” Васіль Пшонка:
— З першага студзеня змянілася працэдура выдзялення паліва — дроў і торфабрыкету — для насельніцтва.

Нормы водпуску па льготных коштах не змяніліся. Як і раней, на кожнае домаўладанне прадугледжана выдзяленне 5,6 кубаметра дроў або 4,5 тоны торфабрыкету. На год можна атрымаць толькі адзін від паліва на выбар. Дровы сёння каштуюць 40 тысяч рублёў за куб, торфабрыкет — 122 тысячы за тону. Калі грамадзяне жадаюць набыць больш, то за дадатковую тону брыкету давядзецца заплаціць 270 тысяч рублёў, а за кубаметр дроў — 100 тысяч.
— Чытач цікавіцца новым у працэдуры афармлення заяўкі.
— Я б не назваў гэта навіной. Гэта хутчэй вяртанне да старога вопыту. Лепяльчане і вяскоўцы больш сталага веку памятаюць, як раней у кожным домаўладанні быў спецыяльны дакумент, у якім вёўся ўлік выдзеленага паліва, — паліўная кніжка. Там запісвалася, колькі на год прададзена чалавеку дроў, торфабрыкету, вугалю. Паліўныя кніжкі былі адменены прыкладна ў сярэдзіне 90-ых гадоў.
Спецыялісты прааналізавалі і прыйшлі да высновы, што мэтазгодна вярнуцца да ранейшага вопыту. Тут дзве істотныя прычыны. Бывала, што ў пачатку года да нас звяртаўся чалавек, выпісваў дровы, мы яму прывозілі. Потым у сярэдзіне года да нас звяртаўся яго родзіч, і мы зноў прывозілі паліва на той жа адрас. Атрымлівалася, што адно домаўладанне атрымлівала льготнае паліва два разы, што выяўлялася ў канцы года, калі мы прааналізоўвалі вынікі гаспадарчай дзейнасці. Тады былі вымушаны звязвацца з гаспадарамі домаўладання і прасіць іх аплаціць розніцу. Падобныя сітуацыі складваліся нячаста. Грошы былі аплачаны ў самыя сціслыя тэрміны. Цяпер мы заводзім паліўную кніжку — не на гаспадара ці кватэраздымшчыка, а на домаўладанне, дзе адразу фіксуецца выдзяленне паліва. Гэта павінна ў далейшым выключыць усе магчымыя непаразуменні.
Паліўная кніжка — зручнасць і для спажыўцоў. Да гэтага года кожны раз прэтэндэнт на датацыйныя дровы ці брыкет павінен быў прадстаўляць тэхпашпарт на дом і даведку з разлікова-касавага цэнтра ЖКГ (гараджане) ці сельсавета (вяскоўцы) аб месцы жыхарства і складзе сям’і. Са студзеня мы будзем патрабаваць гэтыя дакументы толькі аднойчы. На іх аснове заводзіцца паліўная кніжка і ў далейшым домаўладанне забяспечваецца палівам па ёй. Грамадзяніну не патрэбна будзе больш прад’яўляць, выпісваць, шукаць дакументы.
Паліўная кніжка выпісваецца ў двух экзэмплярах, адзін захоўваецца ў нас, другі — у гаспадара домаўладання.
— Галаўны боль ранейшых часоў, чарга, цяпер не даймае?
— Да нашага гонару павінен сказаць, што гэту праблему ўдалося паспяхова вырашыць. На дзень гутаркі ў нас засталіся нявыкананымі толькі восем заказаў, якія мы прывязём за дзень-два і адразу будзем тэлефанаваць тым, хто заказваў дровы на люты.
У многім праблема вырашылася дзякуючы папярэдняму запісу. Людзі тэлефануюць у пачатку года і просяць прывезці дровы ці брыкет, скажам, у маі ці жніўні, каму калі зручней. Вяскоўцы часцей заказваюць паліва на май — жнівень, а гараджане часцяком выбіраюць сваё паліва з самага пачатку года. Зыходзячы з патрэбаў і мы загадзя фарміруем заказы, каб брыкет і дровы заўсёды былі ў наяўнасці, але і не было залежаў на пляцоўцы. На канец студзеня ў нас у наяўнасці больш за 300 кубоў дроў, каля 50 тон торфабрыкету. Дровы прапануем і двухметровыя, і пілаваныя, і нават пасечаныя. За пагрузку тоны торфабрыкету бяром 5870 рублёў, куба колатых дроў — 7895 руб. Дастаўка — па тарыфе 9076 рублёў за кіламетр.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: спорна ідзе праца на пляцоўцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.