Чэк ці квітанцыя — доказ здзелкі

У Беларусі 15 сакавіка праводзіцца Дзень спажыўца па тэме “Нашы грошы, нашы правы: кампаніі за правільны выбар на рынку фінансавых паслуг”. Спажыўцам, якія звернуцца з пытаннямі ў адпаведныя інстанцыі, будуць дадзеныя грунтоўныя адказы аб дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне абароны правоў спажыўцоў, на актуальныя пытанні фінансавых паслуг (аб спажывецкім, ільготным крэдытаванні, страхаванні і інш.), парадку разлікаў грамадзян за тавары і паслугі, у прыватнасці, якія дакументы па­вінны выдавацца пры рэалізацыі тавараў на рынках і да т. п.

 У райвыканкаме праблемамі спажыўцоў займаецца галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Алег Мікалаевіч Івашкевіч. Да яго можна звяртацца ў Дзень спажыўца, а таксама ў любы іншы час па тэлефоне 4-40-00.

 За апошні час у аддзел эканомікі паступілі і разгледжаны два звароты ад спажыўцоў. Сутнасць іх у наступным.

 Вадзіцель аўтобуса Полацк — Мінск з аўтавакзала выехаў па маршруце, не пад’ехаўшы да пасадачнай пляцоўкі, у выніку чаго пасажыр з білетам да сталіцы застаўся ў Лепелі. Работнікі аўтавакзала прапанавалі яму паехаць наступным рэйсам. Аднак гэта пасажыра не задавальняла, паколькі на сталічным вакзале яго чакалі з купленым білетам на футбольны матч коштам 118 долараў. Білет застаўся нявыкарыстаны. Кнігу заўваг і прапаноў, каб занатаваць скаргу, на аўтавакзале не выдалі. Пацярпелы бок звярнуўся з заявай у райвыканкам. У выніку разбору вінаватыя панеслі матэрыяльныя пакаранні. Дырэктар аўтавакзала аштрафаваная на 140000 рублёў. Кіраўні-цтвам ААТ “АТП №14” выда­дзены загад аб недапушчэнні падобных інцыдэнтаў з пасажырамі, з якім пад подпіс азнаёмленыя ўсе работнікі аўтавакзала. Вадзіцель аўтапарка №2 горада Мінска пазбаўлены паловы прэміяльных за квартал. Пацярпеламу прапанавана спагнаць з вінаватага маральны ўрон праз суд, аднак у выніку асабістай гутаркі абодвух бакоў канфлікт быў уладжаны.

 Уладальнік “Опеля” прыгнаў у аўтасэрвіс “ДорАўт” іншамарку для рамонту газаразмеркавальнай сістэмы. Еўрапейскія запчасткі каштавалі дорага, і аўтааматар выбраў танныя кітайскія. Згодна з правіламі, гарантыя выдадзена на 30 дзён, або на дзве тысячы кіламетраў прабегу. Адрамантаваны механізм вытрымаў 6845 кіламетраў. Паўторны рамонт запатрабавалі аплаціць. Вадзіцель не пагадзіўся і звярнуўся у таварыства спажыўцоў. Пры разборы было ўстаноўлена, што праўда на баку аўтасэрвісу. На гэты раз аўтааматар выбраў надзейныя запчасткі.

 Часта ўзнікаюць канфлікты паміж прадаўцом і пакупніком з-за таго, што першы не выдаў другому чэк на набыты тавар, а пасля выяўленага дэфекту пры эксплуатацыі адмаўляе сам факт продажу. Устанавіць справядлівасць можна, аднак складана. У дадзеным выпадку вінаватыя абодва бакі — той, хто не выдаў дакумент, і той, хто яго не запатрабаваў. Менавіта для іх інфармавання аддзелам эканомікі распрацавана і змешчана на сайт райвыканкама “Памятка спажыўцу”. Яна расстаўляе кропкі над непаразуменнямі, якія часам узнікаюць.

 Няцяжка запомніць, што прадавец абавязаны выдаць пакупніку чэк, а пры адсутнасці касавага апарата квітанцыю на рэалізаваны тавар. У дакуменце ўказваецца назва фірмы ці прозвішча ІП, уліковы нумар плацельшчыка, найменне і колькасць тавару, кошт адзінкі і ўся сума аплаты, дата рэалізацыі.

 Прадавец мае права не выдаць дакумент аб аплаце пры адначасовай наяўнасці наступных умоў: кошт адзінкі тавару не перавышае тры базавыя велічыні пры гандлі без касавага апарата ў сельскіх гандлёвых аб’ектах спажыўкааперацыі з колькасцю не болей трох прадаўцоў, разноснага і развазнога гандлю, на базарах і кірмашах; пакупнік не запатрабаваў выдачы дакумента аб аплаце. Аднак для гарантыі абароны сваіх правоў спажывец павінен заўсёды патрабаваць дакумент аб аплаце тавару.

 Прадавец можа для пацвярджэння аплаты выдаць спажыўцу дакумент, які сведчыць факт набыцця тавару звесткамі аб прадаўцы (назва фірмы ці імя ІП з данымі аб рэгістрацыі); аб тавары (назва, марка, мадэль, артыкул ці гатунак, цану адзінкі і поўны кошт, пробу, вагу, цану, від і характарыстыку каштоўных металу ці каменя, гарантыйны тэрмін, наяўнасць недахопаў, дату продажу).

 Адсутнасць у пакупніка дакумента аб набыцці тавару не з’яўляецца падставай для адмовы ад прэтэнзій адносна яго якасці. Патрабаванні спажыўца належаць задавальненню на працягу 14 дзён, калі тавар не быў ва ўжыванні, захаваныя яго спажывецкія ўласцівасці і маюцца доказы набыцця яго ў дадзенага прадаўца.

 У дакуменце, што пацвярджае факт набыцця, павінны быць указаны звесткі аб наяўнасці недахопу тавару, які быў ва ўжыванні ці ў ім устараняўся недахоп. Спажывец у гэтым выпадку не мае права заяўляць прадаўцу прэтэнзіі па дадзеных недахопах. Для пацвярджэння факта набыцця тавару могуць выкарыстоў­вацца элементы ўпакоўкі, на якіх ёсць адзнакі, якія пацвярджаюць, што куплена рэч у канкрэтнага прадаўца, а таксама дакументы і іншыя сродкі такога доказу. Такім чынам у выпадку прад’яўлення пералічаных доказаў пры адсутнасці чэка ці квітанцыі абгрунтаваныя патрабаванні спажыўца павінны быць задаволены.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.