“Гэты дзень мы набліжалі, як маглі!”

IMG_2356 “Гэты дзень мы набліжалі, як маглі!” — гэтыя радкі вядомай песні кожны раз па-асабліваму хвалююць сэрца, таму што яны закранаюць кожны дом, кожную сям’ю. Сустракаючы Дзень Перамогі, мы ў чарговы раз успамінаем былых франтавікоў — сваіх дарагіх бацькоў, дзядуль і прадзедаў, якія штодзень уступалі ў паядынак з ворагам, падарылі нам магчымасць жыць у мірнай краіне і ствараць светлую будучыню.
Цёплае, сонечнае надвор’е, якое выдалася ў гэты дзень, спрыяла паспяховаму правядзенню свята. Плошча проста зіхацела ад рознакаляровых шароў і кветак, цёплых усмешак гасцей. Дзень Перамогі аб’ядноўвае некалькі пакаленняў. Дзеці, дарослыя, моладзь і пажылыя людзі кожны год збіраюцца разам, каб успомніць сваіх родных, выказаць ветэранам шчырыя словы віншаванняў і ўдзячнасці.
Пранікнёнымі вершаванымі радкамі сустрэлі гасцей свята вядучыя Таццяна Грыдзюшка і Дзмітрый Міхно. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. Шчыра прывітаў гасцей свята старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў:
— Свята Дзявятага мая непарыўна звязана са славутым пакаленнем пераможцаў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, выратавалі свет ад карычневай чумы, абаранілі Айчыну, а затым самааддана ўзнялі краіну з руін і попелу. Подзвіг савецкага народа на стагоддзі застанецца ў памяці ўсяго чалавецтва.
Сёння мы таксама смуткуем па бязмерных ахвярах вайны. Нас аб’ядноўвае горыч страт, якая закранула практычна кожную сям’ю. Беларусы заўсёды будуць з асаблівай удзячнасцю ўспамінаць тых, хто прайшоў суровыя выпрабаванні, змагаючыся з фашызмам на фронце і ў партызанскіх атрадах у імя міру і дабрыні.
Вялікая Перамога з’яўляецца невычэрпнай крыніцай нацыянальнага гонару, апорай ідэалогіі і дзяржаўнасці, той знакавай гістарычнай падзеяй, якая нас аб’ядноўвае. Мы ніколі не здрадзім памяці мільёнаў людзей — салдатаў і мірных жыхароў, якія загінулі ад рук нацыстаў, — адзначыў Барыс Сяргеевіч.
Глыбокія струны душы закранулі спевы ў выкананні ўдзельнікаў хору народнага клуба “Ветэран”.
…Павольна льецца шчымлівая мелодыя, дзеці падыходзяць да ветэранаў, дораць ім кветкі… Прайшло больш за семдзесят год, але ў памяці былых франтавікоў засталіся тыя трывожныя гады — выбухі, кулямётныя чэргі, страта баявых таварышаў і… вялікая радасць ад доўгачаканай Перамогі. І кожны раз, гледзячы на шчаслівыя твары ветэранаў, перажываем з імі гэтыя незабыўныя хвіліны.
Смерць кожнага франтавіка, які аддаў сваё жыццё на полі бою, невылечнай ранай засталася на сэрцы краіны. Памяць аб нашых воінах была ўшанавана хвілінай маўчання.
Яркімі момантамі мітынгу сталі выступленні грацыёзных удзельніц групы барабаншчыц-мажарэтак пад кіраўніцтвам Дзіяны Былінскай, а таксама юных музыкантаў узорнага духавога аркестра Лепельскай дзіцячай школы мастацтва.
Цёплыя віншаванні адрасаваў камандзір 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады, камендант гарнізона гвардыі палкоўнік Андрэй Латышаў. Андрэй Уладзіміравіч дае загад пачаць пляц-парад — і па плошчы адна за другой крочаць стройныя калоны афіцэраў, прапаршчыкаў і салдатаў. Уразіла выступленне разведвальнай роты 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады. Салдаты паказалі шэраг баявых прыёмаў, што выкарыстоўваюцца пры затрыманні праціўніка, як пераадольваюцца шматлікія перашкоды і г.д.
Яркім завяршэннем святочнага мітынгу стаў танец у выкананні юных удзельнікаў узорных ансамбляў танца “Зачаравашкі” і “Затея”. Бадзёрыя ажыўленыя рухі дзяцей, іх шчырасць і адкрытасць падарылі гасцям выдатны святочны настрой.
* * *
Паступова свята набірала ўсё большую моц. Уздоўж вуліцы Ленінскай, перад уваходам у гарадскі парк, раскінуліся гандлёвыя шэрагі райспажыўтаварыства. Апетытныя кулінарныя, кандытарскія вырабы, марожанае, ахаладжальныя напоі — усё прапаноўвалася пакупнікам у шырокім асартыменце. Побач з вітрынамі работнікі гандлю гатавалі смачны шашлык і шчыра запрашалі пакаштаваць гэту страву шматлікіх гасцей. Нямала гледачоў сабрала выстава ваеннай зброі і тэхнікі.
Знакавай падзеяй свята стала і выстава партрэтаў вядомых землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў рамках праекта “Жыць, каб памятаць” мастака Аляксея Ляшчова. На цудоўна напісаных партрэтах жыхары раёна пазнавалі сваіх славутых землякоў — герояў Вялікай Айчыннай вайны, Сацыялістычнай працы і г.д.
У чарговы раз уразілі сваім хараством і прыгажосцю непаўторныя творы ўдзельнікаў выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных рамёстваў і мастакоў “Вялікай Перамозе прысвячаецца”. Немагчыма было прайсці міма арыгінальных вырабаў, зробленых рукамі выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Упрыгожанні з бісеру, цудоўныя пейзажы, нацюрморты, інкрустацыя саломкай, лялькі, букеты… Проста вочы разбягаліся ад багацця арыгінальных твораў. Захапіла гасцей і выстава твораў майстроў Лепельскага Цэнтра рамёстваў — вырабы з лазы, упрыгожанні, саламяныя, гліняныя вырабы, саматканыя паясы, сувеніры з беларускім арнаментам і г.д. Ва ўтульнай беларускай хатцы майстры размясцілі прыгожае беларускае адзенне. Госці ахвотна фатаграфаваліся на памяць побач з прыгажуняй-лялькай Машай.
Моладзь актыўна ўдзельнічала ў гульнях, наладжаных работнікамі раённага Дома культуры. Самага спрытнага спартсмена, які зможа ўтрымацца на турніку 120 секунд, чакаў прыз. І дарослыя, і дзеці праявілі свае здольнасці ў “Вясёлым дартсе”. Для малышоў была наладжана “Вясёлая рыбалка”.
На танцавальнай пляцоўцы была падрыхтавана агучаная выстава-прагляд літаратуры “Салдатам я прайшоў па той вайне”. Глыбока расчулілі гасцей вершы пра вайну, творы на гітары ў выкананні юных артыстаў.
Дзеці з задавальненнем каталіся на каруселях.
Святочная дзея працягвалася ў летнім амфітэатры, дзе была падрыхтавана тэматычная святочная праграма “Быў месяц май”. Сваімі спевамі і харэаграфічнымі замалёўкамі парадавалі гасцей артысты раённага Дома культуры. Шмат станоўчых эмоцый падарыў канцэрт вучняў дзіцячай школы мастацтваў.
Немагчыма ўявіць святкаванне Дня Перамогі без паходнай кухні. Па добрай традыцыі госці частаваліся апетытнай салдацкай кашай.
Выдатная святочная праграма была падрыхтавана для лепяльчан і ўвечары. Гледачы былі запрошаны на канцэрт “Светлы святочны май”. Выдатны настрой падарылі цудоўныя спевы Наталіі Мацюш, Ірыны Бусавай, Таццяны Невядомскай, Таццяны Грыдзюшкі, Максіма Малярчука, Ігара Вішнеўскага і іншых арыстаў.
Весела гамоніць моладзь, не сціхае звонкі дзіцячы смех… Пакідаю свята з выдатным настроем, а сэрца напаўняецца цеплынёй: “Вялікі дзякуй вам, дарагія ветэраны, за тое, што падарылі нам мірнае і шчаслівае жыццё!”
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: моманты святкавання дня перамогі.
Фота аўтара.

IMG_2350 IMG_2353 IMG_2355 IMG_2357 IMG_2359 IMG_2365 IMG_2370 IMG_2376 IMG_2377 IMG_2382 IMG_2385 IMG_2387 IMG_2390 IMG_2393 IMG_2412 IMG_2415 IMG_2419 IMG_2421 IMG_2428 IMG_2431 IMG_2433 IMG_2436 IMG_2440 IMG_2443 IMG_2445 IMG_2462 IMG_2466 IMG_2470 IMG_2471 IMG_2476 IMG_2478 IMG_2481 IMG_2483 IMG_2486 IMG_2496 IMG_2502 IMG_2517 IMG_2537 IMG_2538 IMG_2541 IMG_2544 IMG_2546 IMG_2554 IMG_2557 IMG_2558 IMG_2559 IMG_2562

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.