19 января — День спасателя

20201213_124205Другая дзяжурная змена Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС – гэта 12 прафесіяналаў, майстроў сваёй справы, ад зладжанай работы якіх залежаць лёсы і дабрабыт людзей. На рахунку работнікаў другой змены – не адзін дзясятак баявых выездаў на ліквідацыю пажараў, у тым ліку і выратаваныя жыцці землякоў.

Свой выбар зрабілі цвёрда
Вядома, што эфектыўную работу кожнага калектыву немагчыма ўявіць без умелага кіраўніка. Начальнік каравула – капітан унутранай службы Вадзім Пачкоўскі аддаў нялёгкай рабоце выратавальніка 12 год. Адказ на пытанне, кім стаць у будучым, хлопец ведаў яшчэ ў школьныя гады. Чырвоныя машыны з маячкамі, якія імчаць па вуліцах горада, заўсёды захаплялі Вадзіма. Не раздумваючы, адразу пасля заканчэння школы ў 2008 гозе прыйшоў працаваць выратавальнікам у пажарную аварыйна-выратавальную часць №1 Лепельскага РАНС і адразу ж паступіў на завочную форму навучання ў камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь, які з лёгкасцю скончыў у 2013 годзе. У 2015 годзе малады выратавальнік атрымаў сваё першае афіцэрскае званне лейтэнанта ўнутранай службы і быў прызначаны на пасаду начальніка ПАВП №12 в. Домжарыцы Лепельскага РАНС. Праз год заступіў на пасаду начальніка каравула, дзе і працуе ў цяперашні час. Вадзім – пастаянны ўдзель­нік спаборніцтваў сярод звенняў газадымаабароннай службы. За 12 гадоў работы атрымаў шмат грамат, падзячных пісем, а таксама быў адз­начаны нагрудным знакам «Выдатнік».
Камандзір аддзялення старшына ўнутранай службы Арцём Камека ў шэрагу выратавальнікаў – 8 год. Арцём – актыўны ўдзельнік аглядаў-конкурсаў мастацкай сама­дзейнасці, прафесійных і спартыўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў раёне і вобласці. Адказны работнік плануе ўдасканаліць сваю прафесійную падрыхтоўку і пераадолець ступені кар’ернай лесвіцы. За добрасумленную службу Арцём адзначаны граматамі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і мясцовых органаў.
Камандзір аддзялення прапаршчык унутранай службы Віктар Анікей у шэрагу выратавальнікаў – з кастрычніка 2016 года. З першых дзён службы ён зарэкамендаваў сябе добрасумленным і мэтанакіраваным спецыяліс­там. А яшчэ ён майстар на ўсе рукі, любыя гаспадарчыя справы яму па плячы: умее і будаваць, і тэхніку рамантаваць. Разам з таварышамі па службе ён зрабіў рамонт гаража і асабістых кабінетаў у падраздзяленні. Вынослівасць Віктар лічыць адной с з галоўных якасцей, якой павінен валодаць сапраўдны выратавальнік. Ён захапляецца таксама рыбнай лоўляй і збіраннем грыбоў.
Старшы пажарны прапаршчык унутранай службы Андрэй Правада ў выратавальнай службе працуе больш за 3 гады. У Лепельскі РАНС ён перавёўся нядаўна з Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, але ўжо зарэкамендаваў сябе ў новым калектыве адказным і патрабавальным да сябе работнікам.
Жаданне дапамагаць людзям стала галоўным пры абранні прафесіі старшага пажарнага для Вячаслава Цярэшчанкі. Такое жаданне ўзнікла ў хлопца пасля праходжання тэрміновай службы ў арміі. Пра свой выбар ён ніколі не пашкадаваў. Кожны дзень імкнецца навучыцца чамусьці новаму, пераняць вопыт у сваіх старэйшых калег.
Пажарныя Арцём Ігнаценка, Іван Падлобны і Іван Гардзіёнак – самыя маладыя ў змене, але, нягледзячы на гэта, яны ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе перспектыўнымі спецыялістамі. І хоць работы ў іх менш, чым у старэйшых калег, у сваім імкненні дапамагаць лю­дзям яны не саступаюць вопытным таварышам. Штодзённыя трэніроўкі і заняткі дапамагаюць не толькі павысіць прафесійны ўзровень, а і загартаваць характар. На іх рахунку ўжо не адзін ліквідаваны пажар.
У рабоце пажарных ў многім залог поспеху заключаецца ў прафесіяналізме вадзіцеля і ў тым, наколькі хутка яны будуць дастаўлены на месца выкліку. Змене №2 ў гэтым плане пашанцанавала: у вопытных вадзіцеляў прапаршчыкаў унутранай службы Андрэя Далабея і Віталя Якубовіча аўтамабілі заўсёды знаходзяцца ў баявой гатоўнасці.
За плячыма Андрэя Далабея – вялікі стаж работы, больш за 20 год. А гэта сотні выездаў, дзясяткі слоў шчырай падзякі ад грамадзян і кіраўнікоў аб’ектаў. У галіне выратавальніцтва Андрэй знайшоў сваё прызванне. Усе маршруты і пад’язныя шляхі ў раёне выратавальнік ведае выдатна, а калі патрэбна, і іншым дапаможа, падкажа. Яго вопыт і адданасць справе – галоўная каштоўнасць калектыву. Андрэй можа вызначыць любую паломку тэхнікі па адным гуку, ва ўсім захоўвае чысціню і парадак. За шматгадовую службу Андрэй быў адзначаны кіраўніцтвам аддзела, абласнога ўпраўлення і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Узнагароджаны нагруднымі знакамі «Выдатнік», «15 год МНС» і «165 год пажарнай службе Рэспублікі Беларусь». Андрэй адзначаны таксама Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Ганаровай граматай Лепельскага раённага выканаўчага камітэта.
Больш за 17 год аддаў любімай прафесіі Віталь Якубовіч. У любы час сутак ён гатовы даставіць выратавальнікаў у любую кропку раёна, каб яны маглі хутчэй справіцца з надзвычайнай сітуацыяй. І гэта вельмі важна: у некаторых выпадках секунды выратоўваюць жыццё…
«Дзяжурная служба МНС, чым вам можам дапамагчы?» – гэтыя словы дыспетчар Максім Чарноў за суткі дзяжурства кажа не адну сотню разоў. Ён не прымае непасрэднага ўдзелу ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый, але менавіта Максім першым «бярэ ўдар на сябе». Яму патрэбна не толькі даведацца ў чалавека пра ўсе абставіны праблемы, з якой ён звярнуўся, а і супакоіць яго, падказаць, як правільна дзейнічаць да прыезду выратавальнікаў. Як толькі дыспетчар даведаўся адрас, дзе здарылася бяда, дзяжурная змена тут жа выязджае на дапамогу.
– Наш калектыў аб’ядноўваюць ініцыятыва, моцная падтрымка. Кожны крок павінен быць дакладным, узважаным. Вядома ж, хвалююся, перажываю за сваіх хлопцаў, калі адпраўляю на выклік. Нярэдка яны ідуць у самае пекла. Калі гэта пажар, то, пакуль не паведамяць пра ліквідацыю, сяджу як на іголках, – кажа Максім.
Аднак аб’ядноўваюць работнікаў другой змены не толькі агульная мэта – перамагчы стыхію, а і шматлікія захапленні. За гады сумеснай службы яны сталі не проста калегамі, сябрамі, а сапраўднай сям’ёй. Калі дазваляе вольны час, яны з радасцю збіраюцца сем’ямі на прыродзе, весела право­дзяць час і ўспамінаюць рабочыя будні.
Вось такія, на першы погляд, простыя, але адкрытыя душой і сэрцам хлопцы і днём, і ноччу гатовы прыйсці на дапамогу жыхарам Лепельшчыны. Яны не носяць касцюмаў супергерояў, але кожны з іх у глыбіні душы стаў такім, свядома выбраўшы сваю прафесію, апрануўшы форму і прыняўшы прысягу.
Марк МАЗГО,
начальнік пажарнага
аварыйна-выратавальнага паста №12

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.