Вакансій больш, чым беспрацоўных

Аказваецца, на рынку працы ў нашым раёне вакансій больш, чым афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Дык чаму ж у такім разе існуе беспрацоўе? Пра гэта і іншае гутарым з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнікам аддзела занятасці Тамарай Васіленка. — Тамара Анатольеўна, чаму ў такіх умовах існуе беспрацоўе?


— Скажу больш, вакансій на рынку працы амаль у два з паловай раза болей, чым зарэгістравана беспрацоўных. Мяркуйце самі, на 1 студзеня гэтага года афіцыйна зарэгістраваліся ў якасці беспрацоўных 137 чалавек, між тым, рынак працы налічваў на пачатак года 293 вакансіі. Прычыны тут розныя. Адна з іх — адсутнасць у беспрацоўных патрэбнай кваліфікацыі, у той час, як працоўны рынак патрабуе высокакваліфікаваных спецыялістаў.
— І каго, у прыватнасці, не хапае?
— Патрабуюцца 4 — 5 бухгалтараў, 16 урачоў-спецыялістаў і 18 спецыялістаў сярэдняга медперсаналу, 4 — 5 інжынерна-тэхнічных работнікаў, а таксама наладчык станкоў, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, праграмісты, токары, эканамісты, муляры 5 — 6 разрадаў і г.д.
— Няўжо не патрэбны звычайныя рабочыя?
— Яшчэ як патрэбны! З 293 вакансій 233 — працоўныя прафесіі, што складае 79,5 працэнта.
— Дзе можна набыць працоўныя прафесіі?
— Накіроўваем вучыцца ў вучэбныя камбінаты Мінска, Віцебска, Полацка. Цесна супрацоўнічаем і з мясцовым вучэбна-вытворчым камбінатам, што працуе на базе ліцэя. Пры жаданні можна набыць любую працоўную прафесію, нават ахоўніка. Летась арганізавалі навучанне 59 беспрацоўных.
— Вы сказалі, што “пры жаданні”. Можа, адсутнасць асабістай ініцыятывы і гэтага самага жадання нешта прадпрымаць і з’яўляецца другой прычынай існавання беспрацоўя?
— Часткова, магчыма, і так. Што хаваць, беспрацоўныя, як правіла, не самыя ініцыятыўныя і прадпрымальныя людзі. Хаця ёсць розныя. Сезонна іх атрад папаўняецца, скажам, людзьмі, што працавалі ў сферы ацяпляльнай сістэмы. Увогуле, статыстыка па беспрацоўі рухомая. Напрыклад, летась на працягу года па садзеянне ў працаўладкаванні да нас звярнуліся 1087 чалавек, з іх было зарэгістравана ў якасці беспрацоўных 655. Садзеянне ў працаўладкаванні аказана 676 грамадзянам, у тым ліку 409 беспрацоўным.
— Патлумачце, што гэта за людзі, каму аказвалася садзеянне?
—Працаўладкаваны 32 чалавекі з паніжанай канкурэнтаздольнасцю на рынку працы — бацькі з мнагадзетных і няпоўных сем’яў, інваліды, асобы, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, тыя, хто ўпершыню шукае працу — ва ўзросце да 21 года… Аказана садзеянне ў працаўладкаванні чатыром беспрацоўным з ліку выпускнікоў ВНУ, устаноў прафесійна-тэхнічнай сярэдняй адукацыі, а таксама тых, хто прайшоў навучанне па нашым накіраванні. 499 чалавек прыахвочаны да часовай занятасці на аплачваемых грамадскіх працах. Садзейнічаем і арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Такім чынам, прадаставілі субсідыі дванаццаці беспрацоўным на суму 146,4 мільёна рублёў.
— А навучанне высокакваліфікаваных спецыялістаў вы арганізоўваеце?
— Не, толькі працоўным прафесіям, а ў гэтым накірунку мы толькі вывучаем попыт, праводзім маніторынгі, “кірмашы вакансій”, дні прадпрыемстваў і г.д. Напрыклад, такі дзень прадпрыемства адбыўся на электрамеханічным заводзе, “кірмаш вакансій” — у ліцэі.
— Прадпрыемствы ахвотна ідуць вам насустрач? Відавочна, што паспяховым дадатковая рэклама ў выглядзе розных дзён прадпрыемства не патрэбна, людзі і так уладкоўваюцца туды на працу.
— Ёсць выпадкі, калі кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў проста не маюць права адмовіць нашым падапечным у працаўладкаванні. Скажам, паводле вядомага Дэкрэта №18, на пастаяннае месца працы ўладкаваны 29 чалавек з ліку так званых “абавязаных асоб”, іх прынялі электрамеханічны і рамонтна-механічны заводы, філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, жыллёва-камунальныя гаспадаркі раёна, “Прамшвеймэбля”, ДКУБП “Лепельская ПМК-75”, “Будаўнік”, “Прывулле”, а таксама сельскія гаспадаркі раёна.
— Якую работу праводзіце з вучнёўскай і навучэнцкай моладдзю ў накірунку прафесійнай арыентацыі?
— Трэба сказаць, што летась па лініі нашага ўпраўлення была арганізавана часовая працоўная занятасць 123 падлеткаў у час летніх канікулаў, прафінансаваны ім выдаткі на зарплату, матэрыялы, спецвопратку і інш. на суму 128,6 мільёна рублёў. Вядзецца пастаянная прафарыентацыйная праца ў ліцэі і каледжы. Прыклады — тыя ж “кірмашы вакансій”, падчас якіх кожнае прадпрыемства ладзіць для моладзі своеасаблівую самапрэзентацыю. Арганізоўваем выставы з запрашэннямі спецыялістаў розных прафесій, у тым ліку і ў школах, выступаем з гутаркамі, арганізоўваем экскурсіі вучняў на прадпрыемствы, праводзім інфармацыйна-тлумачальную работу праз сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.