Из безработного — в предприниматели

Многія жадаюць адкрыць сваю справу, не выключэнне і беспрацоўныя. Для гэтага патрэбны не толькі добрая ідэя, а і першапачатковы капітал.

Прасцей вырашыць праблему асобам, якія афіцыйна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных. Дзяржава такім грамадзянам гатова аказаць падтрымку, у тым ліку і фінансавую. Пра гэта пойдзе наша размова з Марынай Іназемцавай, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

— Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці беспрацоўным аказвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, — кажа Марына Аляксандраўна. — Тут маецца на ўвазе не толькі фінансавы бок справы, але і арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне працэсу.

Размова ідзе ў дадзеным выпадку пра інфармаванне, кансультаванне, аказанне дапамогі беспрацоўным у падрыхтоўцы неабходных дакументаў для атрымання фінансавай падтрымкі. Акрамя гэтага, беспрацоўны можа прайсці навучанне ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку як па спецыяльнасці, неабходнай для арганізацыі пэўнага віду дзейнасці, так і па курсе «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». Гэты курс дае веды, неабходныя для паспяховай арганізацыі і вядзення ўласнай справы, па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці, вядзенні фінансаў, статыстыкі, падатковым заканадаўстве.

— Каму адкрываецца фінансаванне?

— Вядома, беспрацоўным, афіцыйна зарэгістраваным у службе занятасці, у выглядзе субсідыі за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

— А якія ўмовы пачатку справы?

— Абавязковай умовай выдзялення беспрацоўнаму субсідыі з’яўляецца распрацоўка ім тэхніка-эканамічнага, у тым ліку фінансавага абгрунтавання віду дзейнасці, які ён арганізуе.

— Некалькі слоў пра памер субсідыі…

— Субсідыя выдаецца ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату заключэння ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне с беспрацоўным дагавора аб выдзяленні субсідыі.

Пры арганізацыі беспрацоўнымі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці беспрацоўнымі, зарэгістраванымі па месцы жыхарства ў сельскіх населеных пунктах, субсідзіраванне ажыццяўляецца ў памеры 15-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, які дзейнічае на дату заключэння дагавора.

— На якія мэты накіроўваецца субсідыя?

— На набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг, а таксама іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці.

— Хто можа атрымаць субсідыю?

— Субсідыя выдаецца беспрацоўным, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, пры адсутнасці парушэнняў імі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Беспрацоўны падае ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы сваёй рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага заяву аб прадастаўленні субсідыі і бізнес-план.

— Якім відам дзейнасці аддаецца перавага?

— Тым, якія зарыентаваны на канкрэтны рэгіён і патрэбы яго насельніцтва. Практыка паказвае, што прадпрымальніцкая дзейнасць арганізуецца беспрацоўнымі ў асноўным у сферы бытавых паслуг: пашыў і рамонт адзення; рамонт бытавых вырабаў; транспартныя паслугі; рамонтна-будаўнічыя паслугі; тэхабслугоўванне і рамонт аўтамабіляў; вытворчасць і рамонт мэблі; сталярныя і цяслярскія работы; санітарна-тэхнічныя паслугі; пракат бытавой тэхнікі; цырульніцкія паслугі; паслугі салонаў прыгажосці і іншыя. Бізнесмен, у сваю чаргу, павінен у трохмесячны тэрмін з дня рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка альбо рэгістрацыі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, а таксама з дня пастаноўкі на ўлік у падатковым органе па месцы жыхарства ў якасці асобы, якая ажыццяўляе дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесную дзейнасць, прадаставіць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дакументы і чэкі, што пацвярджаюць зрасходаванне субсідыі ў адпаведнасці з бізнес-планам.

Расходаванне сродкаў павінна адпавядаць напрамкам, заяўленым у бізнес-плане і дадатку да дамовы. У наступным грамадзянін павінен адпрацаваць больш за паўгода на працягу 12-месячнага перыяду з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Фінансавая падтрымка дзяржавай аказваецца адзін раз.

Больш падрабязную кансультацыю можна атрымаць у аддзеле занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: г. Лепель, вул. Савецкая, 36 альбо па тэлефонах: 6-41-98, 6-42-34.

Падрыхтавала Наталля Храпавіцкая.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.