37 боевых вылетов

267Уявіце сабе, што вы працуеце вадзіцелем. А цяпер уявіце, што ваша праца настолькі небяспечная, што разлічана толькі на тры рэйсы, жыццё можа абарвацца ў любую хвіліну. Нешматлікія шчасліўцы перажылі больш за тры выезды, сталі сапраўднымі героямі. Гэта прафесія — бортстралок на штурмавіку ІЛ-2, на бамбардзіроўшчыках у часы Вялікай Айчыннай вайны.
Паводле баявой статыстыкі бортстралок выжываў да трох вылетаў, рэдка хто — больш. Дзевяць гадоў таму мне пашчасціла пазнаёміцца і пагутарыць з адным з апошніх такіх прадстаўнікоў пакалення – Мікалаем Воюшам, які якраз служыў бортстралком. А штуршком да ўспаміну стала інфармацыйнае паведамленне ў сродках масавай інфармацыі пра тое, што адноўлены з цалкам арыгінальных дэталяў і частак легендарны баявы самалёт ІЛ-2 па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі будзе выстаўлены на пляцоўку ваеннай тэхнікі ля Кургана Славы пад Мінскам.
* * *
Чаму спецыяльнасць бортстралка была настолькі смяротна небяспечнай, асабліва на штурмавіках? Небяспека складалася з дзвюх абставін. Па-першае, франтавыя бамбардзіроўшчыкі і штурмавікі працавалі па баявых парадках праціўніка, па пярэднім краі і далейшых палосах яго абароны, па важнейшых аб’ектах у аператыўным тыле. Натуральна, што ўсе яны былі насычаны сродкамі супрацьпаветранай абароны, зенітнымі гарматамі і кулямётамі. “Калі заходзілі на цэль, здавалася, што з зямлі па нас страляе ўсё, што можа страляць, і што не можа — таксама страляла”, — так успамінаў Мікалай Апанасавіч. Таму нядзіўнымі выглядаюць страты нашай бамбардзіровачнай і штурмавой авіяцыі.
Па-другое, на нашы бамбардзіроўшчыкі і штурмавікі з асаблівай зацятасцю палявалі нямецкія знішчальнікі, абараняючы свае наземныя сілы. Аднак збіць ІЛ-2 для немца было вельмі няпростай задачай, бо машына, па-першае, мела выдатнае браніраванне. Кабіна пілота, а ў пазнейшых серыях і мадыфікацыях — і бортстралка — былі нібыта ў сталёвым кокане, які прыкрываў іх з бакоў і знізу, а спераду яны былі абаронены рухавіком. Па-другое, экіпаж мог даць адпор ворагу. На рахунку нашых лётчыкаў быў не адзін збіты фашыст.
Аднак нямецкія асы выпрацавалі сваю тактыку барацьбы. Наша авіяцыя звычайна падлятала да цэлі дзвюма групамі: асноўная — штурмавікі або бамбардзіроўшчыкі, і знішчальнікі, якія іх прыкрывалі. Нямецкія лётчыкі таксама разбіваліся на дзве групы: пакуль адна звязвала боем знішчальнікаў прыкрыцця, другая нападала на нашу асноўную групу.
Каб збіць ІЛ-2, фашысцкі знішчальнік, як правіла, вымушаны быў рабіць два заходы. Першым ён знянацку імкнуўся зайсці нашай машыне ў хвост, па магчымасці знізу, і трапнай чаргой забіць або вывесці са строю бортстралка, што прыкрываў заднюю паўсферу. Другім заходам нямецкі пілот абстрэльваў зноў ззаду кабіну пілота, рухавік, стараючыся канчаткова збіць машыну. Натуральна, што пры прымяненні такой тактыкі ў бортстралкоў было вельмі мала шанцаў выжыць. Два-тры вылеты — такая няўмольная ваенная статыстыка.
Аднак сустракаліся і шчасліўцы, якія здолелі перайначыць сумныя лічбы. Мікалай Воюш адносіцца якраз да гэтай катэгорыі, у яго паслужным спісе ажно 37 баявых вылетаў!
* * *
maxresdefault-12Коля нарадзіўся ў беднай сялянская сям’і ў 1920 годзе. Рана страціўшы бацьку, вымушаны быў змалку ўцягнуцца ў адвечную сялянскую працу. Напрыканцы 1939 года хлопца прызвалі ў войска, накіравалі служыць у бамбардзіровачны полк бортстралком, укамплектаваны машынамі СБ.
Лётная часць стаяла пад Каўнасам, таму, як і іншыя войскі Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругі, трапіла пад першы сакрушальны ўдар захопнікаў. Вось як ветэран успамінаў першы дзень вайны:
— За даўнасцю гадоў шмат што забылася, але першы дзень запомніўся масіраваным ударам немцаў па нашым аэрадроме. Самалёты, якія былі шчыльнымі радамі састаўлены на краі лётнага поля, спалены ўсе. Чым ваяваць? Праз колькі часу нашу часць перавялі ў тыл, узброілі новымі самалётамі СБ і кінулі ў бой.
Некаторы час ваенны лёс бярог Мікалая Воюша, кулі абміналі яго. Аднак адзін бой ледзьве не стаў для яго ракавым.
Адбылося гэта ў 1942 годзе. У той раз самалёты ляцелі шчыльнай групай: 32 бамбардзіроўшчыкі і 18 знішчальнікаў прыкрыцця. Нечакана наляцелі “Месершмідты”. Група асаў завязала бой са знішчальнікамі, а другая — накінулася на нашы бамбардзіроўшчыкі.
— Паветраны бой манеўраны, адбываецца на такіх высокіх хуткасцях, што ўсё мільгае і круціцца перад вачыма, як у калейдаскопе, — успамінаў Мікалай Апанасавіч. — Я ледзь паспяваў вадзіць ствалом свайго ШКАСа і страляць па “месерах”. (ШКАС — мадэль савецкага кулямёта, спецыяльна распрацаванага для прымянення ў авіяцыі, сярод іншага характарызаваўся высокім тэмпам стральбы — 1800 стрэлаў за хвіліну, для параўнання: аўтамат Калашнікава мае тэмп 600 стрэлаў за хвіліну — аўт.). Шмат нашых было збіта ў тым баі. Мяне, як я выскачыў з падбітай машыны і спускаўся на парашуце, зачапіла шалёнай куляй, балюча параніла ў нагу. Мне потым вельмі пашчасціла, на лячэнне адправілі ў Ленінградскі інстытут удасканалення ўрачоў. Як зараз, памятаю адрас: вуліца Кірычная, 41. Там мне правялі складаную аперацыю — і нагу ўратавалі. У палявым жа шпіталі ўрачы складаныя аперацыі не праводзілі, ампутавалі б без размоў.
* * *
Пасля ранення Мікалая адкамандзіравалі ў тылавую вайсковую часць у горад Молатаў, так пад час вайны называўся сучасны расійскі горад Перм. Зноў успомнілі пра бортстралка толькі ўвосень 1944 года, калі нага зажыла, і яго можна было накіраваць у дзеючую армію. Аднак перад адпраўкай Мікалаю зноў выпала вялікая ўдача — яму далі кароткатэрміновае звальненне для наведвання дома. Потым пра гэты эпізод ён шмат расказваў сваім дзецям. Вось як успамінае старэйшая дачка Кацярына:
— Тату далі адпачыць каля пяці дзён. Даехаў ён цягніком да Віцебска, а адтуль пешшу дабіраўся ў Бораўна, у Лепельскі раён, 120 кіламетраў. І ніякая машына, што рухалася па шляху, як гэта часта паказваюць у кіно, яго не брала. Ды і, вядома, кіно значна адрозніваецца ад рэальнага жыцця. Тата расказваў, што ваенным шафёрам забаронена было браць спадарожнікаў. Раптам ты вязеш снарады ці які яшчэ важны груз, а на дарозе галасуе пераапрануты ў нашу форму дыверсант? Яму адной гранаты досыць, каб усё ўзарваць і збегчы. Прыйшоў тата дадому, абняўся са сваёй мамай Фядорай, з якой не бачыўся пяць гадоў, ажно са свайго прызыву ў 1939 годзе. Пасядзелі крыху, пагаварылі — і выправіўся ў зваротны шлях, нават і не пераначаваў. Магчыма, у фільме “Балада пра салдата” паўтараецца і яго гісторыя…
* * *
У новай вайсковай часці Мікалая Воюша зноў прызначылі бортстралком, але ўжо на ІЛ-2, дабівалі ўсходнепрускую групіроўку праціўніка. Варта зазначыць, што ў той час у немцаў ужо не было столькі сіл, каб нават нароўных супрацьстаяць савецкай авіяцыі, не кажучы ўжо пра тое, каб заваяваць перавагу. Неба было цалкам нашым, таму страт ад варожых знішчальнікаў у нас было зусім няшмат, больш турбавалі зеніткі. А неўзабаве іх полк адклікалі з перадавой.
Пра дзень Перамогі ветэран успамінаў:
— Перамогу сустрэў у Прыбалтыцы. Наша часць стаяла пад Рыгай. Ужо ведалі, што вайна вось-вось скончыцца. Раптам сярод ночы ўсіх падымаюць па трывозе, але ніхто не напалоханы — наадварот, усе радасныя, абдымаюцца, цалуюцца — ПЕРАМОГА!!!
* * *
Пасля заканчэння вайны Мікалай Воюш яшчэ больш за год служыў у авіяцыі. Камандаванне прапаноўвала застацца на звыштэрміновую службу, але душа рвалася на малую радзіму. У родным Бораўне ён ажаніўся з суседскай дзяўчынай Аляксандрай. Разам пабудавалі хату, нарадзілі і выхавалі дзяцей, працавалі на сваёй зямлі ў калгасе.
Калі Мікалай Апанасавіч быў на пенсіі, у яго разбалелася нага. Прыехаў у раённую бальніцу. Урачы агледзелі, зрабілі рэнтгенаўскі здымак — і толькі рукамі ўспляснулі:
— Ды як вы яшчэ ходзіце?! У вас жа няма часткі косці! Выбіла куляй пад час вайны? І вы яшчэ пасля дэмабілізацыі і такога ранення некалькі дзясяткаў гадоў на трактары адпрацавалі?!
Былому лётчыку адразу ж прызначылі першую групу інваліднасці.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені Мікалай Воюш пайшоў з жыцця 10 снежня 2013 года.
У тую сустрэчу, дзевяць гадоў таму, я спытаў у Мікалая Апанасавіча:
— Вы ж ведалі, што жыццё бортстралка кароткае, не больш за тры вылеты, і пры гэтым зноў і зноў сядалі ў кабіну, рабілі баявыя вылеты. Што падштурхоўвала вас, што надавала сілы ў такой смяротна небяспечнай справе?
— Мы нават не задумваліся, — адказаў ветэран. — Ішла вайна, мы былі салдатамі, усе былі гатовыя сесці ў кабіну пілота, бортстралка і вылятаць бамбіць ворага. Пра тое, што заб’юць, не думалася, страху перад смерцю таксама не было. Мы з юных гадоў ведалі, што ёсць слова “трэба”: трэба працу сваю рабіць старанна і годна, трэба жыццё пражыць так, каб не было сорамна ў вочы глядзець, і ваяваць трэба гэтак жа цвёрда і самааддана. Вось і ўсё.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.