5 января — День работников социальной сферы

5 студзеня адзначаюць сваё прафесійнае свята людзі, дзейнасць якіх суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця. Фінансавая дапамога шматдзетным, маламаёмным сем’ям, грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, клопат пра пажылых і састарэлых людзей… Спектр паслуг, якія прадастаўляюцца работнікамі сацыяльнай галіны, даволі шырокі. Усіх людзей, якія працуюць у гэтай сферы, аб’ядноўвае адно — вялікае жаданне дапамагаць людзям, уменне адчуць і супакоіць чужы боль і знайсці выйсце ў нялёгкай сітуацыі. Пра будні і шматлікія напрацоўкі дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” напярэдадні свята расказала ў інтэрв’ю дырэктар установы Наталля Іванова.

— Наталля Віктараўна, вядома, што ДУ “Тэрытарыльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” з’яўляецца адной з лепшых устаноў сацыяльнага накірунку не толькі Віцебскай вобласці, а і ўсёй рэспублікі. Скажыце, калі ласка, чым па праве можа ганарыцца ваша ўстанова?

— У склад ТЦСАН Лепельскага раёна ўваходзіць 7 аддзяленняў. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 512 чалавек, 55 працэнтаў з якіх складаюць грамадзяне, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту і больш старэйшага. Пашырылася таксама практыка аказання паслуг сядзелкі непрацаздольным грамадзянам. У мінулым годзе такую паслугу атрымалі 30 чалавек. Сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, прадастаўляюцца паслугі няні. Такім відам дапамогі скарысталіся 3 сям’і.

На старонках раённай газеты неаднойчы расказвалася пра аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту “Святліца”, размешчанага ў аграгарадку Камень. На 1 студзеня бягучага года тут знайшлі прытулак 39 бабуль і дзядуляў. Наогул жа з моманту адкрыцця аддзялення — з 1 снежня 2005 года — тут пабывала 378 чалавек, якім былі патрэбны пастаянная дапамога і догляд. Работнікі “Святліцы” робяць усё магчымае дзеля таго, каб жыццё пажылых людзей было цікавым і разнастайным. Жыхары аддзялення займаюцца рукадзеллем, дзеляцца сакрэтамі прыгатавання смачных страў, наведваюць дамавую царкву. Акрамя таго, для сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян у аддзяленні прадастаўляюцца пральныя паслугі і магчымасць наведаць лазню. Такімі паслугамі за мінулы год скарысталіся 259 грамадзян на суму 976,07 рубля.

— Як вядома, не менш важным накірункам работы цэнтра з’яўляецца таксама работа з людзьмі з інваліднасцю. Прыемна бачыць, што людзі з фізічнымі недахопамі актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх святах, шматлікіх мерапрыемствах, займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю…

— Так. Для садзеяння інвалідам у аднаўленні, кампенсацыі парушаных або страчаных у выніку захворвання здольнасцяў да самаабслугоўвання ў ТЦСАН працуе аддзяленне, дзе забяспечваецца дзённае знаходжанне інвалідаў. На пастаяннай аснове яго наведвае 57 інвалідаў. Пры залічэнні людзей у аддзяленне складаецца індывідуальны план рэабілітацыі, куды ўключаюцца мерапрыемствы па прафесійнай, сацыяльнай і працоўнай, а тасама сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі. Адсочваецца таксама дынаміка чалавека з інваліднасцю.

Для развіцця працоўных навыкаў у аддзяленні працуе 8 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў і 11 гурткоў (клубаў) па інтарэсах. Профіль дзейнасці майстэрні вызначаецца з улікам здольнасцяў інвалідаў. Так, у цяперашні час на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў працуюць майстэрні па раслінаводстве, вырабе сувенірнай прадукцыі, свечак і мыла, а таксама прадукцыі з папяровых трубачак. Тут жа працуюць майстэрня па зборцы штэпсельнай вілкі, швейная майстэрня, майстэрня па вырабе самаробак з бісеру і кулінарная.

У цяперашні час завершаны II этап праекта “Нарошчванне патэнцыялу ў рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі шляхам мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі і пашырэння майстэрняў”, у рамках якога 3 верасня 2021 года адбылося ўрачыстае адкрыццё кулінарнай і садаводчай раэбілітацыйна-працоўных майстэрняў для людзей з інваліднасцю, размешчаных у асобным будынку. Гэта быў II этап праекта ў перыяд з 2019 па 2021 гады, на рэалізацыю якога патрачана 143,9 тысячы еўра. Для ажыццяўлення дзейнасці працоўных майстэрняў атрыманы неабходны дазвол.

У цяперашні час у дзяржаўнай установе “ТЦСАН Лепельскага раёна” пачаліся работы па рэалізацыі III этапу названага праекта, які прадугледжвае будаўніцтва аб’екта “Цэнтр сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі, пражывання, навучання інвалідаў і часовага прытулку”. Рэалізаваць гэты этап праекта плануецца ў 2022 годзе.

— Кожны раз, наведваючы выставы, падрыхтаваныя цудоўнымі майстрамі Лепельшчыны, звяртаю ўвагу на арыгінальныя творы, зробленыя рукамі людзей, якія з’яўляюцца пастаяннымі наведвальнікамі вашай установы.

— Так, на базе ТЦСАН функцыянуе 2 аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў г. Лепелі і в. Бароўка.

Гэтыя аддзяленні прызначаны для самай паважанай часткі насельніцтва раёна — арганізацыі іх адпачынку і стварэння ўмоў, якія садзейнічаюць зносінам, арганізацыі актыўнага ладу жыцця пажылых людзей. Тут працуюь гурткі і клубы па інтарэсах. Людзі, за плячыма якіх засталіся шматлікія гады працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах, удзельнічаюць у культурна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах, імкнуцца ўсюды паспяваць і тым самым паказваюць выдатны прыклад моладзі.

Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту наведвае 118 чалавек, сярод якіх 57 — у г. Лепелі і 61 — у вёсцы Бароўка. Так, пажылыя людзі з задавальненнем наведваюць музычна-тэатральныя гурткі “Гармонія” і “Сударушкі”, гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка” і “Рукадзельніца”, а таксама праяўляюць сваю фізічную загартоўку ў фізкультурна-аздараўленчым гуртку “Здароўе”. Акрамя таго, у ТЦСАН арганізавана работа гурткоў па інтарэсах, навучанне камп’ютарнай адукаванасці, у тым ліку па асваенні сацыяльных сетак, ажыццяўленні плацяжоў у інтэрнэце для грамадзян, якія не працуюць, ва ўзросце 60 гадоў і больш старэйшых на ўмове аплаты. Кошт аднаго занятка працягласцю ў 1 гадзіну складае 0,71 рубля.

Для таго, каб грамадзяне маглі зрабіць баўленне вольнага часу больш разнастайным, пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць клубы рознай накіраванасці: інтэлектуальны, псіхалагічны, духоўных зносін, садовага майстэрства і іншыя. Ва ўстанове рэгулярна праводзяцца цікавыя сустрэчы, культурна-масавая і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Кожны чалавек, які наведвае аддзяленні цэнтра, можна знайсці для сябе занятак па душы, рэалізаваць сябе, а самае галоўнае — адчуць сваю значнасць для іншых, усяго грамадства.

Хочацца ад усёй душы запрасіць жыхароў Лепельшчыны, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, наведваць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і разам з гэтым зрабіць сваё жыццё больш яркім і цікавым.

— Наталля Віктараўна, работа ў сацыяльнай галіне патрабуе поўнай самааддачы. Вашы калегі — гэта сапраўдныя прафесіяналы, людзі, які з кожным рады падзяліцца часцінкай сваёй душэўнай цеплыні. Якія вашы пажаданні супрацоўнікам з нагоды прафесійнага свята?

— У першую чаргу жадаю ўсім работнікам сацыяльнай службы наймацнейшага здароўя, нязгаснай энергіі, аптымізму, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах. Няхай у адрас маіх калег штодзень гучаць толькі самыя цёплыя словы прызнання ад удзячных людзей, а любімая работа заўсёды прыносіць ім толькі радасць! Са святам вас, шаноўныя!

Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК  

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.