Успаміны пра паветраны бой
Віктар Шуманскі выпісвае і чытае раённую газету многія дзесяцігоддзі, а вось даслаць ліст у рэдакцыю адважыўся толькі нядаўна, упершыню ў жыцці. Падставаю з’явіўся дзіцячы ўспамін. У той час маленькаму Віцю было ўсяго сем гадоў.
Вось як апісвае Віктар Аляксандравіч той памятны летні дзень сорак чацвёртага года:
«Свяціла сонца. Высока ў небе ляцелі два самалёты і стралялі. Былі бачны клубочкі дыму. Раптам адзін задыміў і паляцеў у бок вёскі. Пакуль мы прыбеглі, самалёт ужо ляжаў на зямлі і гарэў. А другі забраў лётчыка і паляцеў. Нас вайскоўцы адагналі. Назаўтра мы прыбеглі зноў, усё згарэла. Ад самалёта засталася адна рама…»
Далей у лісце Віктар Аляксандравіч выказаў спадзяванне, што нам, магчыма, нешта вядома пра той паветраны бой і пра лёс лётчыка, паколькі газета выходзіць з 1930 года.
На жаль, мы не можам наўпрост адказаць на пытанні, якія задаў даўні сябар нашай газеты. Прайшло шмат гадоў. Аднак спадзяванні, што адгукнуцца іншыя сведкі гэтай падзеі, якія, магчыма, ведаюць больш, застаюцца.
Пакуль жа мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з яшчэ адным пастаянным чытачом.
Зараз Віктар Шуманскі жыве ў Старым Лядне, куды пераехаў неўзабаве пасля жаніцьбы. Жонка яго Таццяна родам з Казіншчыны. А сам ён з Завідзічаў. У Лядне купіў хату, прадаўшы ў Завідзічах бацькоўскую. У ёй і дажываюць свой век. Віктару Аляксандравічу семдзесят дзевяць, жонка на пяць гадоў маладзейшая. Доўга хату дабудоўвалі, даводзілі да ладу, пакуль не займела яна цяперашні выгляд: утульная, цёплая, светлая. Правялі газ, памянялі вокны, абставілі мэбляю і бытавой тэхнікай, тэлевізар сучасны купілі. Вядома, наўрад ці адолелі б удвух, каб не дапамаглі дзеці. У іх двое сыноў. Сяргей у Расіі. Ён, як і бацька, ваенны, зараз ужо на пенсіі. Алег працуе вадзіцелем і жыве ў Мінску. У Шуманскіх чацвёра ўнукаў і ўжо дачакаліся праўнучкі, імя якой, Юліяна, прабабуля ніяк не можа запомніць.
Раней бы дзяўчынку звалі проста Ульянай… І імёны былі іншыя, і людзі, і лёсы…
Аляксандр Шуманскі загінуў на вайне.
— На фінскай куля прастрэліла бацьку грудзі навылёт, — успамінае Віктар, — у сорак трэцім немцы занялі Завідзічы і паціснулі мясцовых жыхароў. Сагналі ў хату па дзве-тры сям’і. Хацелі пустыя хаты спаліць, ды жанчыны прасіцца сталі — і выпрасілі. Хаты пакінулі. Ад Завідзічаў лес кіламетры за тры. Прыходзілі партызаны. Бацька падтрымліваў з імі сувязь. А дзядзька Васіль і цётка Маня ўвогуле ў партызаны пайшлі. Сястра бацькава працавала ў камендатуры, і вось праз яе бацька набыў нейкія дакументы ці бланкі. Нёс іх дадому, а на мосце патруль арыштаваў. Пасадзілі ў турму. Маці некалькі разоў перадачы яму насіла. Уратавацца не здолеў — расстралялі.
Пра гісторыю з паветраным боем над Завідзічамі Віктар Аляксандравіч распавёў наступнае:
— Мы тады з сябруком Генкам Шуманскім былі ля Лепельскага возера. Бачылі, як самалёт, пакідаючы шлейф густога дыму, пачаў зніжацца і ўпаў дзесьці за паўкіламетра ад вёскі. А мы хлапчукі дапытлівыя былі, хвілін праз дваццаць туды прыбеглі. Усё гарэла, і я ўбачыў, як адлятае самалёт з чырвоным крыжам на борце. Таму мяркую, што лётчыка выратавалі. Як я ўжо пісаў, нас разагналі ваенныя на конях, а назаўтра мы толькі раму ўбачылі, яна жалезная, не згарэла. Пасля яе зацягнулі ў кузню і перакоўвалі на іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. А яшчэ кулямёт убаку ляжаў. Генка кажа: «Зараз я табе цацку падару». Хацеў яго разабраць, а той як стрэліць… Мы спалохаліся і пабеглі дадому. Генка зараз у Бароўцы жыве…
…Пасля вайны Віктар Шуманскі, як ён кажа, «перабежкамі» закончыў шэсць класаў і паехаў вучыцца ў ФЗВ. Адправілі працаваць аж у Карэла-Фінск. Аднак туды праўдамі-няпраўдамі не паехалі. У выніку юнак апынуўся ў Віцебску, дзе абуладкоўвалі дамы: капалі канавы пад каналізацыю, дранку пілавалі і г.д. А потым дваццаць сем гадоў ён служыў у Бароўцы на артбазе стралком. Адметна, што на пенсію пайшоў у шэсцьдзясят гадоў, як грамадзянскі чалавек. І пенсія невялікая. Сыны з унукамі дапамагаюць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: даўні сябар нашай газеты Віктар Шуманскі.
Фота аўтара.