На сцэне Лепельскага раённага Дома культуры была паказана пастаноўка “Яр” у выкананні выхаванцаў тэатральнай студыі дзіцячай школы мастацтваў
На галоўнай сцэне раённага Дома культуры на днях была паказана пастаноўка “Яр” у выкананні выхаванцаў тэатральнай студыі дзіцячай школы мастацтваў. Аўтара гэтых радкоў спектакль вельмі зацікавіў сярод іншага таму, што ставіцца не ўпершыню. У 2006 годзе ён быў прадэманстраваны сіламі тагачасных маленькіх тэатралаў. Аднак час ідзе, і кіраўнік студыі рэжысёр Віктар Джамілашвілі зноў вярнуўся да таго матэрыялу.
Да пачатку спектакля глядзельная зала запоўнілася, знайсці вольнае месца было цяжкай справай. Пастаноўка была зроблена такім чынам, што ўся дзея праляцела літаральна на адным дыханні. Гледачы, сярод якіх больш за палову былі дзеці, з цікавасцю сачылі за прыгодамі галоўных герояў Гордага, Чорнага, іншых сабак, якіх воля лёсу, а часцей абыякавасць і бяздушнасць людзей, закінула на дно жыцця — у яр. Кожны выжывае як можа, слабейшыя збіваюцца ў зграю, многія азлобленыя на людзей. Іншыя мараць сустрэць свайго чалавека. Нават кот Ямамота знаходзіць сваё месца сярод сабак.
Вельмі ярка і выразна выведзены вобраз Яра. Ён распавядае гісторыі асобных жывёлін, успамінае даўні міф аб тым, як калісьці, у старажытныя часіны, чалавек і сабака жылі побач і гаварылі на адной мове. А потым людская пыха, фанабэрыстасць, жорсткасць разбілі гэтае сяброўства.
Спектакль заканчваецца трагічна, на сцэне застаецца толькі Яр, які людзі вось-вось гатовыя засыпаць зямлёй дзеля далейшай будоўлі. Іх не хвалюе нічога, акрамя іх уласнага дабрабыту, прыбытку. Такія каштоўнасці, як сяброўства, спагада, губляюць сваю вартасць.
Пасля заканчэння спектакля многія дзеці і дарослыя выходзілі з залы са слязамі на вачах.
Распавядае Максім Тарасаў, які прыйшоў з усёй сям’ёй:
— Калі мая дачка пачала займацца ў тэатральнай студыі, я стаў хадзіць на спектаклі. Спадабалася настолькі, што прыходжу і тады, калі яна не ўдзельнічае, проста для свайго задавальнення.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: сцэны са спектакля.
Фота аўтара.