Дзяржаўная сельскагаспадарчая ўстанова “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” – адна з дзвюх сельгасарганізацый, якія вырошчваюць бульбу

img_0713Дзяржаўная сельскагаспадарчая ўстанова “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” – адна з дзвюх сельгасарганізацый, якія вырошчваюць бульбу.
Палеткі размяшчаюцца адразу за вёскай Чэрцы, адразу з дарогі Лепель — Орша былі бачныя трактары з капалкамі, бульбакамбайнамі. Людзі збіралі бульбу і засыпалі яе ў трактарны прычэп.
93-я група Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя ў поўным складзе (22 хлопцы) падбірала бульбу. Кіраваў імі выкладчык навучальнай установы Вацлаў Вільчынскі. Пытаюся ў хлопцаў:
— Як бульба?
— Сярэдняя, — адказваюць, — на ранейшым полі значна лепшая была. Тут даволі часта трапляецца падгнілая. Таварны выгляд слабаваты, ды і колькасць клубняў не дужа вялікая.
Навучэнцы раз-пораз падбягалі да прычэпа, высыпалі вёдры.
— Які рэжым працы? — звяртаюся да Вацлава Іосіфавіча.
— Група працуе зранку да абеда. Пасля на змену прыбывае іншая. За адну змену паспяваем набраць два прычэпы клубняў, за дзень — чатыры.
— Як хлопцы ўспрымаюць такую “вытворчую практыку”?
— З разуменнем, трэба — значыць трэба. Група набраная з выпускнікоў сярэдніх школ, таму хлопцы больш самастойныя і адказныя, чым выпускнікі школ базавых. Справа ім у будучым патрэбная, бо вучацца на вадзіцеляў аўтамашын і механізатараў.
На суседнім полі працуе бульбаўборачны камбайн, скіроўваюся да яго. Трактар з агрэгатам прыпыніўся, трактарыст Віктар Семянько корпаецца ў транспарцеры. Унутр патрапіў камень, на якія надта багатае чэрскае наваколле. Некалькі маніпуляцый, зразумелых толькі дасведчанаму механізатару, і тэхніка зноў скіроўваецца на працу.
Увогуле, на Віктара Іванавіча ўскладзена практычна ўсё вырошчванне бульбы ў сартастанцыі. З вясны ён рыхтуе пад пасадку глебу, сам наразае гранкі, потым чапляе саджалку. Лета — пара акучвання і апрацоўкі хімікатамі супраць фітафторы і каларадскіх жукоў. А восенню — уборачны прыпар.
У дзень прыезду карэспандэнта на бульбакамбайне працавала бухгалтар-касір сартастанцыі Раіса Радчанка. Асноўны абавязак — выбіраць з транспарцёра каменне, карані пустазелля, камякі зямлі, каб не траплялі ў бункер. На пытанне аб сваёй працы распавяла:
img_0729— Зараз на сартастанцыі вельмі гарачая пара. Таму і нам даводзіцца ісці ў поле, на склады. Акрамя ўборкі бульбы ў сартастанцыі сеюць азімыя збожжавыя, рэалізуюць гаспадаркам насенне азімых культур. У сувязі з гэтым трэба праводзіць пратручванне насення, затарваць яго ў мяхі — спраў усім хапае.
Крыху далей доследныя ўчасткі, дзе адбываецца выпрабаванне сартоў. Там каля 15 чалавек за капалкай падбіралі клубні і складвалі іх дакладна на вызначаныя месцы. Атрымалася некалькі дзясяткаў грудкоў, па якіх можна дакладна вызначыць урадлівасць таго ці іншага сорту. Кіравала працэсам аграном Вольга Петухова.
— Як ацэньваеце ўраджайнасць другога хлеба?
— Сярэдняя. Я б нават сказала, вышэй за сярэднюю. Аднак звярну ўвагу на наступную акалічнасць: малавата бульбы таварнага выгляду. Даволі шмат парэпанай. Гэта адбылося, на мой погляд, з-за перападаў надвор’я летам, калі на змену сухім спякотным дням прыходзілі дажджлівыя, золкія. Бульба такога не надта любіць. А ў астатнім — нармальна.
— З кім працуеце?
— На доследных участках працуюць шасцёра аграномаў сартастанцыі і жыхары вёсак Чэрцы і Адамаўка. Усе яны ўжо не адзін год займаюцца гэтай справай, ім вядомыя тонкасці, таму цяжкасцяў у працы не ўзнікае.
На завяршэнне кароткую інфармацыю даў галоўны аграном сортавыпрабавальнай станцыі Міхаіл Кульба:
— Сёлета пасадзілі 25 гектараў бульбы. Усе пасадкі добра выраслі, ні адзін гектар не загінуў. Самым ураджайным аказаўся сорт “маніфест”, які даў 330 цэнтнераў з гектара. Сорт гэты беларускай селекцыі, чатыры тоны насення суперэлітнай рэпрадукцыі мы ўвесну прывезлі з даследчага інстытута бульбаводства — з Самахвалавічаў. На наступны год плануем засадзіць гэтай бульбай дзесяць гектараў, і далей ужо рэалізоўваць пасадачны матэрыял. Дарэчы, менавіта “маніфест” капалі навучэнцы дзяржпрафліцэя некалькі дзён таму. Зараз яны капаюць сорт “лілея” рэпрадукцыі суперэліта, які дае каля 200 цэнтнераў з гектара. “Уладар” першай рэпрадукцыі даў толькі 140 — 150 ц/га, будзем, напэўна, зводзіць яго.
— Якія цяжкасці ва ўборцы? Паліва, запчасткі?
— Сёлетняя ўборка адбываецца надзіва спакойна. Наш дырэктар Міхаіл Кісялевіч загадзя паклапаціўся, каб дызельным палівам былі забяспечаны пад патрэбу. Калі раптам узнікае патрэба набыць і прывезці неабходную запчастку, ён на сваім аўтамабілі можа з’ездзіць і ў Мінск, і ў Віцебск, і ў Барысаў. Так што працэс не перапыняецца.
— Што пасля бульбы на чарзе?
— Капаць бульбу пачалі сёмага верасня, думаю, да 20-22 верасня скончым. Паралельна сеем азімыя культуры. Выкапаем бульбу, будзе дзянёк адпачынку, а потым — на ўборку кукурузы. У сельскай гаспадарцы працы хопіць аж пакуль не выпадзе снег.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: кіпіць праца.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.