Рэцэптура хлеба
Цікавіць рэцэптура лепельскага хлеба.
Надзея Дзёмка, лепяльчанка.
Лепельскі хлебазавод пастаўляе ў продаж хлеб толькі па заяўках, якія дасылаюць на прадпрыемства гандлёвыя арганізацыі і прыватныя прадпрымальнікі. Цяпер у суткі выпякаецца і завозіцца ў гандлёвыя кропкі ў сярэднім 7 — 9 тон свежага смачнага вырабу павышанага попыту.
Рэцэптура на кожны від хлеба асобна зацвярджаецца Дэпартаментам хлебапрадуктаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па ўзгадненні з дзяржаўнай установай “Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”. Мы зацікаўлены ў прадстаўленні падрабязнай інфармацыі аб саставе вырабляемага прадукту для больш поўнага задавальнення самых разнастайных пажаданняў і густаў спажыўцоў. На нашых вырабах, якія паступаюць у продаж ва ўпакоўцы, указваюцца ўсе такія звесткі. Пры адсутнасці іх такую інфармацыю можна атрымаць непасрэдна ў магазіне або ў лабараторыі прадпрыемства. Скажам, буханка заварнога духмянага хлеба “Білеўскі” па 0,9 кілаграма. Пры выпечцы выкарыстоўваюцца мука сеяная ржаная і пшанічная першага гатунку, дрожжы хлебапякарныя прэсаваныя, соль харчовая ёдаваная, каляндра.
На прадпрыемстве выпякаюцца і дыетычныя вырабы, да ліку якіх, у прыватнасці, адносіцца хлеб іржаны з аўсянай мукой. У састаў прадукту ўваходзяць мука ржаная сеяная, аўсяная і пшанічная першага гатунку, солад, квас “Ячменны” з дабаўленнем цукру-пяску.
Трэба адзначыць, што чым таннейшы кошт хлеба, тым менш утрымліваецца ў ім розных кампанентаў.
Антаніна БЕЛЬСКАЯ, в. а. начальніка лабараторыі хлебазавода.