Только оставили пост, как место, где стояли, было буквально изрошечено осколками

img_6544Часта задумваешся, чаму людзі, якія вярнуліся з вайны ў Афганістане, так неахвотна ўспамінаюць сваё юнацтва? Часам і пару слоў з іх “выцягнуць” немагчыма. Ды ўспамінаю сваіх бацькоў. Вось маці была ў фашысцкім працоўным лагеры, бацька абараняў Маскву. Здавалася б, было ім пра што распавесці. А ці багата мы, дзеці, ведалі пра іх ваеннае мінулае? Не любілі бацькі варушыць успаміны — гэтаксама ж і цяперашнія “афганцы”.
Можа, таму што вайна не толькі бляск узнагарод, а і кроў, і бруд, і пот, і праяўленыя ў экстрэмальных сітуацыях самыя розныя рысы людзей. Твар у любой вайны непрывабны. Дык каму ж хочацца лішні раз душу вярэдзіць, асабліва калі сам ты праз усё гэта прайшоў і добра ведаеш…
Вось і Аляксанд Міллер са Старога Лядна без асаблівага энтузіязму пачынаў са мною гаворку.
— Небагата ён, відаць, вам раскажа, — папярэдзілі мяне, — самі спрабавалі “выцягнуць” з яго — нізашто. А ўсё ж хочацца, каб напісалі пра яго. Заслугоўвае. Добры працаўнік. Ён у нас кладаўшчык ГЗМ. І чалавек прыстойны.
Так што я і не разлічваў… Ды Аляксандр раптам узяў і разгаварыўся. Маўчаць, несці ў сабе праз усё жыццё, відаць, таксама цяжка.
І вось, як да далоні — яго звычайны хлапечы лёс, лёс нашага пакалення. Мы, зрэшты, равеснікі. Ён таксама ў шэсцьдзясят чацвёртым нарадзіўся, толькі ў Казахстане, дзе ў той час працавалі на Цаліне бацькі. Маці — з Беларусі, бацька — з казахскіх немцаў, адпаведнае і прозвішча. Мелі там уласны дом. Бацька баранку круціў, маці ў шпіталі працавала. Запомніў хлопчык з казахстанскага дзяцінства глыбокі снег і маразы суровыя, моцныя бураны. Памятае, як з бацькам катаўся на камбайне.
Прыехалі ў Беларусь, акурат Сашу настаў час у школу ісці. Пайшоў у Зялёнкаўскую пачатковую. Затым у СШ №2 вучыўся. Выдатнікам не быў, хутчэй сераднячком, аднак умеў прыгожа марыць і мары сваёй дабівацца. Хлопец вырашыў стаць вадзіцелем, як і бацька. І на правы здаў ужо ў дзясятым класе, балазе ў той час была такая магчымасць, бо вучылі ў вучэбна-вытворчым камбінаце розным працоўным прафесіям. У гідрамеліярацыйны тэхнікум паступаў, каб набыць яшчэ і прафесію механіка.
Аднак ужо пасля першага курса забралі ў армію. Багата каму з маіх равеснікаў давялося ў юнацтве панюхаць пораху, хоць і прыпала нашае юнацтва на мірны час. Не абмінуў Афганістана і Аляксандр Міллер. Спачатку павезлі ў Мар’іну Горку, там пераапрануліся, і эшалон беларусаў скіраваў на “туркес” — так звалі між сабой Туркестанскую вайсковую акругу. Прыбылі ў Тэрмез. Спыніліся на палігоне, непадалёк ад таго самага знакамітага моста, праз які некалькімі гадамі пазней будуць выводзіць савецкія войскі. Там размяшчалася вучэбка. Аляксандр вучыўся на старэйшага ўлікоўца ў артдывізіёне. Лічылі-вылічвалі. Дадуць табе каардынаты — і трэба вылічыць, які снарад патрэбен гармаце. Бегалі па сопках з аўтаматам. Спякота. Праўда, яна не надта даймала Аляксандра, як-ніяк з Казахстана. Вось сібіракі, кажа, са шпіталя не вылазілі.
Настаў дзень і ім ехаць на вайну. Сімвалічна, што гэта было 22 чэрвеня. Паселі. На верталёце не змаглі ўзляцець. Нехта залемантаваў: “Афганец, афганец!”. Аказалася, пыльны моцны вецер не дазволіў раскруціцца вінту. Давялося вярнуцца, каб пасля зрабіць другую спробу. Жартавалі, што вярнуцца — добрая прыкмета. Урэшце “вяртушкі” скіравалі на Кундуз і на Фейзабад. Гэта поўнач Афганістана, правінцыя Бадагшан. Трапіў Аляксандр у першую гаўбічную батарэю старэйшым улікоўцам. Служылі ў знешняй ахове палка.
Даводзілася стаяць на варце і пад час мінамётных абстрэлаў. Аднаго разу не паспелі змяніцца, як абстрэл пачаўся. Па правілах трэба было змяніць варту прыгожа, страявым крокам. Вырашылі гэтага не рабіць. Толькі пакінулі пост, як месца, дзе стаялі, было літаральна зрашэчана асколкамі. Лішні доказ, што не бывае на такіх маленькіх лакальных войнах ні дакладна акрэсленага тылу, ні перадавой. І няпраўда, што не бывае страшна, толькі страх увесь час імкнешся пераадольваць.
Пасля Аляксандра перавялі ў вадзіцелі. На ГАЗ-66 падвозіў ваду з рэчкі да аэрапорту і развозіў па пунктах аховы. Даводзілася ехаць і ў калоне, скажам, калі новую баявую кропку адкрывалі паблізу ад кішлака. Стаўлялі там зенітную ўстаноўку. Наперадзе — мінёры дарогу расчышчаюць, а следам калона ідзе. Кішлак быў багаты. Мясцовыя, вядома ж, былі супраць такога “суседства”, мулы прыходзілі на перамовы, прапаноўвалі сваім коштам абсталяваць кропку ў гарах. Ды нельга, бо там яе адразу знішчылі б.
Паўтара года адслужыў Аляксандр у Афганістане. Сустрэў там і землякоў — Аляксандра Канышава, Колю Гарабцова, Сяргея Чэбата з якімі да гэтага часу ведаецца, хаця Сяргей зараз жыве ў Італіі. Пісаў дадому кароткія лісты, як і большасць хлопцаў з вайны.
Крыху не даслужыў да дэмбеля. Захварэў на Боткіна ў цяжкой форме, лячыўся доўга ў шпіталі ў Чарджоу. Тым часам і падаспела дэмабілізацыя.
Пасля Афганістана Аляксандр зноў давучваўся ў тэхнікуме, працаваў на малакавозе ў калгасе імя Чапаева. Жаніўся на Галіне Воюш са Слабодкі. Атрымаў калгасны дом у Старым Лядне, вырасцілі двух сыноў. Ігар — дальнябойшчык, Алег працуе на “Нафтане”. Дзве ўнучкі падрастаюць — Ева і Даша.
Звычайнае вясковае жыццё ў Аляксандра — агарод, гаспадарка. За свіннямі, курамі, за агародам і працаю і часу вольнага не так шмат. Хіба што ўлетку вырвецца ў лес ў грыбы. А зімою пасядзіць за камп’ютарам, пашукае ў інтэрнэце баявых сяброў. Здаецца, і не ўспамінаў бы пра вайну, ды як яе забудзеш…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Аляксандр Міллер.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.