Навагодняе пажаданне лепельскай васьмікласніцы гучыць вельмі проста…

IMG_9041 Новы год – свята сямейнае. Здаўна стала добрай звычкай збірацца родным і блізкім каля святочнай ёлачкі, вадзіць карагод, жадаць усяго самага светлага ў надыходзячым годзе. Аднак ёсць дзеці, якія сустрэнуць яго па — за межамі роднай сям’і.

Наведалі навагоднюю ёлку ў сацыяльна – педагагічным цэнтры разам з начальнікам Лепельскага аддзела   Дэпартамента аховы, маёрам міліцыі Аляксеем Пшонка і камандзірам узвода, лейтэнантам Арцёмам Баранавым. Выхаванцы цэнтра сустрэлі на парозе. Дзеці павіншавалі міліцыянераў першымі, у працягнутых дзіцячых далонях – прыгожыя папяровыя вырабы. Перадалі ў падарунак чайны сервіз, зрабілі фота на памяць.

Валанцёрскі атрад “Добрае сэрца – добрыя справы”  зладзіў цікавую імпрэзу. Навучэнцы дзяржпрафліцэя Лаліта Рубанік, Мікалай Лунёнак, Павел Насенік, Надзея Батура, Улад Гузянок, Сяргей Дзямко, Ірына Мілая, Ілона Кадэтава парадавалі дзяцей сваёй творчасцю. Дзеці кружаць карагод пад фінальную песню, а нам час паразмаўляць з дырэктарам сацыяльна – педагагічнага цэнтра Міхаілам Часнаковым.

Міхаіл Іванавіч, свет, вядома, не без добрых людзей. Якую фінансавую дапамогу вы атрымалі на сённяшні дзень?

 — Прафсаюзныя арганізацыі аддзела адукацыі, райвыканкама дапамаглі  набыць пасцельную бялізну, іншыя рэчы. Прадстаўнікі малочнакансервавага камбіната пералічылі грашовыя сродкі для набыцця школьных тавараў, гігіенічных сродкаў. Медыцынскі цэнтр “ЛАДЭ” аказвае кожны месяц дапамогу ў памеры тры мільёны беларускіх рублёў і да Новага года набыў дзецям падарункі.

Нашы выхаванцы пішуць пісьмы Дзеду Марозу са сваімі жаданнямі. У якасці “чараўніка” выступае 19-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада з Заслонава. Напрыклад, Каця “знайшла пад ёлкай” ролікі, Ваня – канструктар LEGO і г. д. Ваенныя таксама выдзелілі чатыры мільёны на мэблю і тумбу, 231-я артылерыйская брыгада  — мясарубку на харчблок, філіял Белаграпрамбанка – палас у гульнявы пакой, падатковая інспекцыя – набор посуду, ПМК – 75 – наборы цукерак. ПУП “Майстар — Шык” – сродкі асабістай гігіены і інш.

Індывідуальныя прадпрымальнікі Мікалай Лебедзеў і Людміла Кунчэўская набылі дзецям адзенне. Дапамогу ў афармленні навагодняй залы аказалі работнікі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, прадстаўнікі суда і натарыяльнай канторы падарылі дзецям ёлку і навагоднія цацкі. Неабыякавых людзей вельмі шмат.

Напрыканцы пацікавіўся у дзяцей, ці вераць яны ў Дзеда Мароза. Не дзіва, што верыць кожны. На пытанне аб жаданнях на Новы год рэагавалі па-рознаму. Нехта прасіў планшэт, нехта – новую цікавую ляльку. Дзяўчынка – васьмікласніца хвілінку памаўчала і адказала: “Я хачу вярнуцца дадому”.

Яўген МУДРЫ.

IMG_9047 IMG_9112

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.