«Засекреченные» телефонные номера

pomenjat-telefon-v-sberbank-onlajnЗ раніцы атрымаў заданне даведацца падрабязнасці пра паломку на лініі электраперадач у Валосавіцкім сельсавеце, здаць заметку трэба праз гадзіну. Дзе хутка ўзяць кампетэнтную інфармацыю? Па дзяжурным тэлефоне раёна электрасетак. Бяру тэлефонны даведнік (няхай добра ікнецца таму, хто яго складаў!), набіраю ўказаныя там нумары дыспетчарскай, чую казённы голас: “Нумар, які вы набіраеце, не існуе. Калі ласка, патэлефануйце ў даведачную службу “Белтэлекам” па нумары “109”.
Рабіць няма чаго, набіраю “109”. У трубцы адказваюць: “Вы звярнуліся ў даведачную службу, паслуга ПЛАТНАЯ, цана паслугі — 25,2 капейкі”. Далі патрэбны тэлефон, хутка пагаварыў са спецыялістам, атрымаў неабходныя звесткі.
Дзень той выдаўся даволі напружаным, насычаным падзеямі. Шукаў навіны па арганізацыях і прадпрыемствах, яшчэ тройчы звяртаўся ў даведачную службу, за паслугі якой, няцяжка прыкінуць, налічылі больш за рубель. У прынцыпе, мяне пытанне аплаты мала хвалявала, тэлефон службовы. Толькі нязручнасць вялікая, што нумары тэлефонаў прадпрыемстваў, арганізацый, службаў, дамоў і кватэр памяняліся. Каб знайсці іх, трэба ледзьве не асобнае расследаванне праводзіць.
А ў другой палове дня ў рэдакцыю патэлефанаваў лепяльчанін, прадставіўся:
— Аляксандр Пшонка з вуліцы Будзённага, пенсіянер. Мне сёння патрэбна было патэлефанаваць у аптэку наконт лекавых прэпаратаў. Не магу, бо тэлефонны нумар, па якім звязваліся некалькі гадоў, змяніўся. Раней хацеў патэлефанаваць у краму — вынік нулявы. Не кажу ўжо пра нумары людзей. Я застаўся як на востраве. А паслуга даведкі нумароў — ПЛАТНАЯ. Я, паўтаруся, пенсіянер, не так шмат маю грошай, каб аддаваць іх яшчэ і “тэлефоннай даведцы”. Я, іншыя лепяльчане не прасілі тэлефаністаў, каб яны нам нумары мянялі. Раз гэта яны зрабілі па ўласнай ініцыятыве, то няхай бы на крайні выпадак наладзілі апавяшчэнне абанентаў аб зменах. БЯСПЛАТНАЕ!
Не пагадзіцца з суразмоўцам было немагчыма. Нарэшце і самому надакучыла рэгулярна праводзіць тэлефонныя расследаванні, шукаючы патрэбныя нумары. Таму накіраваўся да начальніка раённага вузла электрычнай сувязі Анатоля Купрэвіча.
— Анатоль Уладзіміравіч, з чым звязана кампанія па замене тэлефонных нумароў на шасцёрку? Людзі, абаненты, гэтага ж не прасілі.
— У Беларусі праводзяцца мерапрыемствы, якія можна было б назваць лічбавай рэвалюцыяй. Тэлефон у тым, старым, прывычным для старэйшых пакаленняў, разуменні саступае месца новым сродкам сувязі. Рэспубліка паступова, планамерна пераходзіць на новыя стандарты, у выніку чаго абаненты будуць мець не тэлефон, тэлебачанне, інтэрнэт паасобку, а сапраўды моцныя каналы сувязі, якія ўключаюць у сябе ўсе вышэй названыя паслугі і шмат што яшчэ. Напрыклад, вы чулі пра мяркуемую рэформу дакументаў, што на замену старому папяроваму пашпарту прыйдзе новы, лічбавы. Гэты новы дакумент будзе ўтрымліваць усе звесткі пра чалавека. Гэта будзе і пасведчанне асобы, і вадзіцельскае пасведчанне, там будуць усе звесткі пра чалавека. Уся інфармацыя будзе захоўвацца на цэнтральным камп’ютары, а картка будзе ключом доступу. Для гэтага таксама патрэбны магутныя, высокапрадукцыйныя каналы сувязі. Іх устаноўкай і наладжваннем мы і займаемся. Замена тэлефонных нумароў — спадарожны працэс, які будзе завершаны, па нашых падліках, у канцы 2020 года.
— Нічога сабе, “спадарожны працэс”! Як толькі змяніліся тэлефоны рэдакцыі, мы адразу змясцілі абнаўленне на старонках газеты. І ў кожным нумары на апошняй паласе мы іх абавязкова публікуем. Калі ж мне па працы патрэбен нумар тэлефона якога-небудзь прадпрыемства ці арганізацыі, я шукаю, часам ледзьве не расследаванне наладжваю. А як цяпер пры гэтым “спадарожным працэсе” знайсці патрэбны нумар простаму чалавеку, пенсіянеру, які не ведае механізмаў пошуку патрэбнай інфармацыі?
— Па-першае, пры замене тэлефоннага нумара на прадпрыемстве ці ў арганізацыі РУП “Белтэлекам” прапануе паслугу гукавога апавяшчэння. Напрыклад, абанент набірае стары, прывычны яму нумар, а ў слухаўцы яму падказваюць нумар новы. У другім выпадку можна набраць нумар даведачнай службы Белтэлекама “109”. Як толькі мы мяняем нумар тэлефона, то ў абавязковым парадку на наступны дзень змены ўносяцца ў даведачную камп’ютарную базу.
— Але гэтая паслуга платная. Кожны раз туды звяртацца — накладна, асабліва для пенсіянера, дарэчы, вашага галоўнага спажыўца. Па маіх назіраннях, большасць моладзі, людзей працоўнага ўзросту часцей карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі.
Нашы чытачы выказвалі наступную ідэю. Ці можна было б базу тэлефонных нумароў, у тым ліку змененых, змясціць у свабодным доступе ў інтэрнэце, скажам, на сайце газеты, а таксама нумары асабліва важных устаноў, дзяжурных службаў прадпрыемстваў і арганізацый, бальніцы, паліклінікі, аптэкі, крамаў, устаноў сацыяльнай абароны, культуры?
— У свой час базу нумароў РУП “Белтэлекам” выкупіла мінскае прадпрыемства “Друкарня Макарава і К”, якое і выпусціла тэлефонны даведнік. Яно валодае інфармацыяй, за доступ да якой трэба зноў жа плаціць грошы…
— Аднак абанентам памянялі нумары без іх заяў, без іх пажаданняў, а цяпер яны вымушаны плаціць, каб даведацца абноўленыя нумары. Дзе справядлівасць? На нашу думку, гэтыя выдаткі павінен несці ініцыятар працэсу, а не просты спажывец.
— Выдаваць і друкаваць усе наяўныя нумары не мае сэнсу, пакуль не скончыцца цалкам працэс замены. А як толькі праца будзе завершана, абноўлены тэлефонны даведнік будзе выдадзены. Прыносім нашым абанентам прабачэнні за дастаўленыя цяжкасці і нязручнасці. Яны часовыя, а выгады і камфорт, які будзе дасягнуты ў далейшым, перакрыюць усе часовыя выдаткі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.