Акцыя “Беларусь супраць курэння”
Шкодная “мода”
У Бароўскай СШ сцвярджаюць, што мода на курэнне ў мінулым часе. Хлопцы-старшакласнікі тут амаль не кураць, але, на жаль, больш гэтым “грашаць” дзяўчаты і дзеці ў пераходным узросце — маўляў, паспрабуй хоць раз.
Школа актыўна змагаецца з гэтай згубнай звычкай. Ва ўсіх класах прайшлі адзіныя інфармацыйныя гадзіны на тэмы “Не — тытуню!”, “Прадоўжы сваё жыццё”, “Курэнне — прычына ракавых захворванняў” і г.д. Здароваму ладу жыцця быў прысвечаны конкурс школьных агітбрыгад.
Для гутарак аб шкодзе курэння запрасілі вядомых спартсменаў футбаліста Генадзя Тухто, мнагаборца Сяргея Новікава. Школа аб’яўлена зонай, свабоднай ад курэння.
Прафілактыка
Насычанымі мерапрыемствамі стануць апошнія тыдні навучальнага года ў СШ №3. Усе яны пройдуць у межах акцыі “Беларусь супраць курэння”. Барацьба з цыгарэтаю прадоўжыцца на тэматычных класных гадзінах. Старшакласнікі паглядзяць дакументальны фільм “Прафілактыка тытунекурэння, алкагалізма і наркаманіі”. Вучні малодшых класаў пазнаёмяцца з гэтай тэматыкай у выглядзе мульцікаў. Інфармацыйныя гадзіны запланаваныя з канферэнцый, “круглых сталоў” і г.д. Па традыцыі штогод школа запрашае для прафілактычнай гутаркі з дзецьмі ўрача Зою Курсо. Прапагандзе здаровага ладу жыцця прысвечаныя і трэнінгі ў псіхолага, і размовы з бацькамі, і саветы прафілактыкі, і “Прамая лінія з мамай”. Апафеозам акцыі стане спартыўнае свята “Дзень здароўя”.
Кіно на перапынках
Перапынкі паміж заняткамі ў дзяржпрафліцэі не праходзяць дарэмна. Тут у фае размясцілі мультымедыяўстаноўку, праз якую даводзяць да навучэнцаў неабходную інфармацыю. У гэтыя дні ў ліцэі дэманструюць кароткія пяціхвілінныя відэаролікі, якія засцерагаюць ад шкодных звычак і прапагандуюць здаровы лад жыцця. Як новы перапынак — так новы ролік.
Пад эгідай БРСМ ліцэй праводзіць акцыю “Мяняем цыгарэту на цукерку”. А напрыканцы месяца плануюць запрасіць шэраг школ раёна на спартыўнае свята “Актыўны рух супраць курэння”. Падлеткі паўдзельнічаюць у спаборніцтвах па розных відах спорту. Антынікацінавай тэматыцы прысвечаны таксама класныя гадзіны і дыскатэка.
Намалюем і пазбавімся…
Чарговыя выставы-конкурсы ў Заслонаўскай СШ прысвяцілі здароваму ладу жыцця. Дзеці малявалі карцінкі і плакаты аб шкодных звычках, каб ад іх пазбавіцца. У конкурсах узялі ўдзел вучні 5 — 11 класаў. Тэме алкагалізму, табакакурэння і г.д. быў прысвечаны конкурс школьных агітбрыгад, які праходзіў па паралелях. Акцыю “Беларусь супраць курэння” ў Заслонаве сустрэлі лёгкаатлетычнай эстафетай, удзельнікамі якой сталі вучні сярэдняга і старэйшага школьнага звяна. На тэму здаровага ладу жыцця прайшлі тэматычныя класныя гадзіны і прагляд дакументальнага фільма.
Наш кар.