Новый паспорт и искренние поздравления

img_2093Як дажыць да ста гадоў і пры гэтым захаваць яснасць розуму, прагу да жыцця? Гэтае пытанне шмат хто задае сабе і іншым, але лічаныя адзінкі знаходзяць адказ. На днях лепяльчанка з вуліцы Усходняй Марыя Фёдараўна Гайдар, здаецца, знайшла яго. Прынамсі, да стагадовага юбілею жанчына дажыла, нягледзячы на няпросты жыццёвы шлях, які выпаў на яе лёс.

img_2120У прызначаны час да дома на Усходняй прыехала невялікая дэлегацыя: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Іназемцава, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Іванова, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС маёр міліцыі Васіль Сушко, прадстаўніца раённага савета ветэранаў Валянціна Носік, калегі з раённага тэлебачання і аўтар гэтых радкоў.
— Марыі Фёдараўне пятага мая споўнілася роўна сто гадоў, — кажа Марына Аляксандраўна, — яна на сёння другі векавы грамадзянін Лепельшчыны. Акрамя яе такім шаноўным узростам можа пахваліцца толькі Яўгенія Семянько, якая пражывае ў Камені. Таксама жывуць у нас некалькі чалавек, якія набліжаюцца да гэтага юбілею. Шкада толькі, што ў большасці з іх праблемы са здароўем — гады.
Суразмоўцу падтрымала Наталля Віктараўна:
— Так, на лёс нашых доўгажыхароў прыпалі гады ваеннага ліхалецця, пасляваннай напружанай працы. Ветэранаў вайны засталіся лічаныя адзінкі, усім ім па 97-98 гадоў. Аднак яны стараюцца трымацца годна, некаторыя нават змаглі папрысутнічаць на святочных мерапрыемствах да Дня Перамогі.
Заходзім у дом. Там нас сустракаюць суседка юбіляркі Яўгенія Мушынская з праўнукам Майклам, які прыляцеў пагасцяваць да бабулі з Ізраіля, і сядзелка Таццяна Станкевіч. Дарэчы, толькі ў апошнія гады Марыя Фёдараўна пачала карыстацца дапамогай яе, а таксама сацыяльнага работніка Святланы Калітуха. Суседка нагадала, што гады тры таму жанчына сама працавала ў агародзе і парніку.
— Так, дзеткі, — кажа юбілярка, — па дзесяць вёдзер клубніц збірала! Каліну з маленькага дубчыка вырасціла, ягады з яе здымала, суседзям раздавала. А цяпер, шкада, не магу ўжо, не хапае мне моцы і здароўя, каб выйсці ў агарод ды папрацаваць у градках.
Госці ад душы павіншавалі Марыю Фёдараўну з дасягненнем такога важнага жыццёвага рубяжа, як стагадовы юбілей, пажадалі ёй не губляць аптымізму, жыццёвай энергіі і сустракацца зноў і зноў. Марына Іназемцава паведаміла, што з наступнага месяца жанчыне да пенсіі штомесяц будзе выплачвацца надбаўка ў пяць базавых велічынь. А Васіль Сушко выканаў прыемную місію — уручыў Марыі Фёдараўне новы пашпарт.
— Жэня, пакладзі яго надзейна, каб не згубіўся! — папрасіла яна суседку, паказаўшы тым самым правільныя адносіны да дакументаў.
Жыццёвы лёс у Марыі Фёдараўны складваўся месцамі вельмі трагічна. Нарадзілася, вырасла і часы Вялікай Айчыннай вайны яна правяла ў Казахстане, была працаўніцай тылу. Пасля Перамогі сустрэлася з франтавіком Давыдам Міхайлавічам, з якім пражыла ў далейшым амаль паўстагоддзя, 19 гадоў таму ён пайшоў у лепшы свет. Дачка ўжо сама пенсіянерка, жыве ў Ялце, а ўнучка прыязджала да бабулі з Масквы на юбілей.
Бабулю Марыю вызначаюць такія рысы характару, як цвёрдасць, упэўненасць у сабе і разам з тым спагадлівасць, удзячнасць людзям, якія жывуць побач, дапамагаюць.
— Наша бабуля Марыя — чалавек старога гарту, — так пра юбілярку выказваецца суседка Яўгенія Ерафееўна. — Ведаеце, я сама заўтра буду адзначасць свой дзень нараджэння — 75 гадоў, таму і Майкл да мяне ў госці прыляцеў, аднак і я хачу дажыць да такога ж узросту і гэтак жа захаваць жыццёвую энергію. Фёдараўна, нягледзячы на тое, што сама ўжо з цяжкасцю рухаецца, застаецца паўнавартаснай гаспадыняй у сваім доме. Яна нават чытае! А каб правесці ў пакоях рамонт ды памяняць які выключальнік, трэба яе спачатку ўгаварыць, пераканаць, каб яна дала згоду. І то не ўсялякаму майстру даверыць. Толькі майму сыну Пецю давярала, напрыклад, выключальнікі памяняць у пакоях.
Які ж сакрэт даўгалецця? На прыкладзе бабулі Марыі вывеў для сябе яго наступным чынам. Найперш гэта ўпэўненасць у тым, што займаешся працай, патрэбнай людзям, не лянуешся. Па-другое — працавітасць, бо, пакуль магла, Марыя Фёдараўна шчыравала вакол сваёй сядзібы. І нарэшце — адчуванне прыгожага, бо сёння яе дом патанае ў зеляніне дрэў, высаджаных шчырымі рукамі жанчыны і яе мужа Давыда Міхайлавіча.
На развітанне Марыя Фёдараўна сказала:
— Я вельмі рада, што да мяне сёння прыйшло столькі гасцей! Для мяне галоўнае — была б радасць добрых людзей сустрэць і пачаставаць. Нізка кланяюся людзям за іх працу!
С. БАЗЫЛЬ.
На здымках: Марыя Фёдараўна Гайдар у маладыя гады і зараз.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.