Сцена, творчество — дело жизни

semenko1Даведалася, што ў раённым Доме культуры працуюць два маладыя спецыялісты. Пра аднаго з іх, Станіслава Голубева, мы ўжо расказвалі на старонках газеты, а вось пра дзяўчыну Аляксандру Семянько спяшаюся распавесці.
Аляксандра Аляксандраўна, так цяпер яе называюць наведвальнікі гуртка, працуе ва ўстанове са жніўня бягучага года, але бачна, што хутка ўлілася ў калектыў і адчувае сябе там як рыба ў вадзе.
Адкуль жа такая ўпэўненасць на новым працоўным месцы? Аказваецца, Аляксандра ўжо раней выступала на сцэне РДК, знаёмая з работнікамі, бо ў час канікулаў працавала тут і разам з творчымі калектывамі ўдзельнічала ў многіх канцэртах.
Сама Аляксандра родам з вёскі Глінніца Лепельскага раёна, якая месціцца за два кіламетры ад аграгарадка Горкі. Наведвала Горскі яслі-сад Лепельскага раёна, пазней — Горскую базавую школу. Прыгожыя краявіды вёскі выхавалі ў дзяўчыны любоў да прыроды. Хоць там няма возера, аднак якія цудоўныя лясы… Збіранне грыбоў і ягад — адзін з любімых заняткаў Аляксандры ў летні перыяд. І вясной было чым заняцца — трэба ж дапамагчы нарыхтаваць бярозавага соку, які ўлетку так добра спаталяе смагу. Напэўна, дзеці з вялікіх гарадоў не зразумеюць тых, хто жыве ў вёсцы і большасць часу бавіць на прыродзе.
Паколькі дома была немалая гаспадарка, Саша з дзяцінства займалася нялёгкай вясковай працай.
— Я ўмею ўсё рабіць, нават касіць. Мой дзядуля мяне навучыў усяму. Напэўна, толькі не давялося дровы калоць.
У размове даведалася, што падчас вучобы ў школе ў вёсцы не было равеснікаў, таму вольны час дзяўчына бавіла больш за вучобай і любімымі заняткамі. Аляксандра ўмее добра вышываць, вязаць, вырабляе прыгожыя сувеніры. Як аказалася, самым любімым заняткам дзяўчыны былі спевы. Колькі сябе памятае, столькі спявае. Спачатку выконвала любімыя мелодыі для душы, а паступова гэта стала прафесійнай дзейнасцю. Гэта якраз той прыклад, калі хобі становіцца справай жыцця.
Аляксандра скончыла Заслонаўскую дзіцячую школу мастацтваў па класе баяна, спявала ў Горскім сельскім клубе. Пазней дзяўчына не толькі ўражвала гледачоў сваімі вакальнымі здольнасцямі на ўсіх мерапрыемствах, а яшчэ ўдзельнічала з сяброўкамі ў тэатральных мініяцюрах, харэаграфічных кампазіцыях. Аднойчы дзяўчаты нават самі паставілі танец. Аляксандра ўдзельнічала і ў раённым конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні “Белыя росы”.
Аднак сцэнічная творчасць — не адзінае захапленне дзяўчыны. Аляксандра яшчэ і спартсменка. Гэта адразу бачна па яе знешнім выглядзе і ўпэўненых рухах. У школе больш гуляла ў камандныя гульні, асабліва любіла валейбол. Акрамя гэтага, як любая дзяўчына, імкнулася быць у добрай форме, таму дома займалася фітнэсам.
Як сапраўднай гаспадыні, Аляксандры вельмі падабаецца не толькі выступаць на сцэне, а і гатаваць ежу, займацца вепечкай.
— Любіш гатаваць, а сама такая стройная…
— Гатаваць люблю толькі для іншых. Заўсёды хочацца парадаваць сваіх родных і сяброў смачнай выпечкай. Нават пэўны час збіралася абраць прафесію повара.
Аднак, як бачна, лёс распарадзіўся быць на сцэне і радаваць гледачоў сваімі выступленнямі.
Пасля школы Аляксандра паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж на аддзяленне дырыжыравання (народны хор), дзе адвучылася амаль чатыры гады. Падчас вучобы хапала часу не толькі на заняткі, а і наведванне Цэнтра культуры горада Наваполацка. Удзельнічала ў народным ансамблі “Вяселейка”, а таксама ансамблі танца і песні “Прыдзвінскія россыпы”. Стаць удзельніцай творчых калектываў пажадала пасля таго, як наведала адно з іх выступленняў. Звычайна навучэнцы ўваходзяць у такія калектывы на апошніх курсах. Наша ж Аляксандра пачала там сваю дзейнасць раней, бо педагог каледжа адначасова працавала ў Цэнтры і ацаніла здольнасці дзяўчыны.
На гэтым пазаўрочная дзейнасць у каледжы не заканчвалася. Аляксандра яшчэ паспявала і працаваць у бібліятэцы.
— Грошы ніколі не зашкодзяць, ды і вельмі люблю чытаць. А там такая выдатная магчымасць! Заўсёды знаходзішся сярод кніг, можаш любую ўзяць і пачытаць. Акрамя гэтага, удзельнічала ў розных выставах.
— Калі ж ты паспявала працаваць?
— У выхадныя ад вучобы дні.
Сябе Аляксандра чамусьці называе нефармалам, але, размаўляючы з ёй, зрабіла выснову, што гэта чалавек са светлай душой і адкрытым сэрцам. Ад яе ўсмешкі як быццам зыходзіць цяпло. Ад нефармальнага, напэўна, толькі любімы колер — чорны. Аднак на Аляксандры такое адзенне выглядае вельмі стыльна, толькі дадае стройнасці і сур’ёзнасці.
А вось музыку дзяўчына любіць розную. З задавальненнем слухае поп, рок, метал… Любіць наведваць рок-канцэрты. Аднак здзівіла больш за ўсё тое, што Саша з задавальненнем слухае фолк-рок, які аб’ядноўвае ў сабе элементы народнай музыкі і року. У дзяўчыны нават ёсць мара стварыць сваю групу з такім накірункам.
Аляксандра Аляксандраўна ў раённым Доме культуры працуе хармайстрам у эстраднай студыі “Святлана”, з’яўляецца кіраўніком гуртка “Непаседы” і народнага ансамбля жартоўнай песні “Грымзолі”. Можа і складана фізічна так актыўна пачынаць сваю працоўную дзейнасць, але адчуваецца, што дзяўчына займаецца справай жыцця.
— Пакуль няма сям’і, — кажа мая суразмоўца, — час на працы пралятае незаўважна. Ды і што адной дома рабіць вечарам.
У канцы размовы даведалася, што Аляксандра яшчэ захапляецца і скейтбордам. Палюбіла ж гэты занятак на апошнім курсе каледжа. Заўсёды захаплялася людзьмі, якія ўмеюць рабіць розныя трукі. І гэта яшчэ не ўсё. Заўсёды, з самага маленства, дзяўчынцы падабаліся матацыклы. У будучым яна плануе атрымаць правы і набыць чопер.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.