Мінчанка Надзея і кіяўлянін Раман свой «мядовы месяц» праводзяць на Лепельшчыне

84 Далібог, забыўся запытацца ў Надзеі, ці любіць яна музыку, а калі любіць, то якую. І ці іграе сама. А гэта, між іншым, істотная дэталь. Бо не магло быць таго першага кахання, больш як дваццаць гадоў таму, без музыкі. Не, яна абавязкова павінна была гучаць на той дыскатэцы ў педвучылішчы ў Мінску, калі будучая настаўніца кружыла ў танцы з маладым прыгожым кадэтам. І тая музыка пасля абавязкова павінна была гучаць для іх абодвух усе наступныя гады да іх наступнай сустрэчы — ужо ў сталай сталасці. Гучаць наперакор усяму, што адбывалася з імі пасля.

Што толькі з імі не адбывалася!.. Кадэт той як узнік у яе жыцці, здавалася, на імгненне, як той прынц на белым кані, так і знік. Сустрэліся, бо сувораўскае вучылішча пабра­цімствавала з педагагічным. Знік яе Ромка. Дзе пасля насіў яго лёс?..

— Гэта вы лепей у яго самога пытайцеся, — махае рукою Надзея, перабіраючы паперкі на працоўным стале. Яна зараз саракагадовая дзелавая жанчына на пасадзе юрысконсульта-сакратара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. — Пытайцеся ў яго…

— І пасля тае сустрэчы ніхто з вас так і не быў у шлюбе?

— Ён — не. Я — была, смехам, месяцы са тры… Я ўсё чакала, чакала. А потым і ўвогуле яго «пахавалі». Маці яго пазвані­ла мне, сказала, што ён памёр. Што мне было рабіць? Пасля аказалася, што жывы, толькі цяжка паранены…

— Дзе?

— Не ведаю. Я ж кажу, у яго пытайцеся. Як ён будзе гэта вам распавядаць, у якой інтэрпрэтацыі…

Навошта мне варушыць туман? Дзе я буду зараз шукаць Рамана, які вунь зноў шукае працу недзе па Лепелі? А галоўнае, навошта, дзеля чаго буду варушыць яго раны, цяпер ужо душэўныя. Хай яно застаецца ўсё так, як яно ёсць. Хай я буду ведаць іх такімі, якімі іх ведаю. А ведаю я Рамана і Надзею Кандрацюкоў, як кажуць, «праз плот» і «на прыпынку», хоць жывём у адной вёсцы. Аднак ведаю іх светлымі людзьмі. Штораніцы яны, пабраўшыся за рукі, ідуць на аўтобус, каб ехаць на працу ў Лепель, а вечарамі, асабліва ж вечарамі летнімі, ся­дзяць ля вогнішча, смажаць шашлыкі на дворыку, які самі ж і акультурылі. А то бягуць да возера купацца, балазе возера за агародам. І збоку бачыцца іх каханне такім, што большага і не прыдумаць.

Па дворыку бегае іх сабака. Белы, лахматы,  велізарны — з добрае цяля, аднак ласкавы і сімпатычны. Надзея пра сабаку можа расказваць гадзінамі, і абавязкова паверыш ёй, што гэта эксклюзіўная асобіна сабачага роду. Рычард Лорд — так завуць сабаку пароды голдэн рэтрывер — поўны чэмпіён Беларусі. Інфармацыю пра яго можна нават знайсці на «сабачым сайце» реst.by. Дарэчы, па словах гаспадыні, з’ядае гэтая бела-бежавая істота ў месяц на сто долараў, але гэтага вартая. Сабака — праваднік, не можа без людзей. Сядзіць, чакае, пакуль тыя ўвечары вернуцца з працы.

*  *  *

Надзея і Раман Кандрацюкі прыехалі ў Чэрцы з год таму. Гэта ўжо на сталае жыхарства. А дагэтуль яны проста набылі тут дачу. Дарэчы, не першыя дачнікі, якія, скажу шчыра, дапамагаюць нашай вёсцы каардынальна мяняць сваё аблічча. Набылі хату, дзе дагэтуль жыла вельмі старэнькая бабулька. Пакуль мела сілы, тая даволі ўвішна завіхалася на агародзе, асаблі­ва ў кветніку. Раслі ў яе і ружы прыгожыя-прыгожыя, і гладыёлусы гордыя. Аднак кветак ніколі нікому не давала, як баялася, што звядуцца.

Надзея з Раманам далі старой хаце новае жыццё. Я, праўда, ні разу не быў у іх. Аднак і з вуліцы бачна, як памаладзеў той стары падворак. А ўсярэдзіне, па словах гаспадыні, давялося зрабіць ледзьве не рэвалюцыю. Памянялі драўляную падлогу, якую паеў грыбок, на цэментную сцяжку, заслаўшы лінолеумам. Паставілі новыя вокны, ды не модныя зараз пластыкавыя, а драўляныя. Адмылі столь, пасля чаго высветлілася, што яна даволі някепская і прыемнага салатавага колеру. Яны ўвогуле рабілі хату такой, якой ім, мінчанцы і кіяўляніну, уяўлялася вясковая хата. Сцены не шпалерамі клеілі, а… льном, у кветніку насадзілі любімых Надзеіных ірысаў. Вядома, у Мінску кветак не было, затое ў бабулі ў Дзяржынскім раёне красавала цэлае кветкавае царства: ружы, гладыёлусы. Ад бабулі ўнучцы перайшло захапленне прыгажосцю.

Пасадзілі градкі. Маглі б гараджане і ўвогуле гэтага не рабіць. Сядзелі б ды шашлычкі смажылі ўсё лета. Аднак наконт градак нават не абмяркоўвалася — трэба сваё! Тут і Раман быў не супраць. Зрэшты, як той паэт казаў: “Усе мы з хат”. І ў Рамана недзе там, пад Бярдзічавым, маці шэсцьдзясят сотак агарода трымае, хоць сама ўжо таксама зрабілася гарадской.

Лікбез па градках наладзілі Кандрацюкам суседзі.

— Ой, у нас такія добрыя суседзі, — захапляецца Надзя. — І Ніна Рысенка, і сын яе Саша, з якім мы так шчыра пасябравалі. І Каця з Пецем Шайтары, і Коля Трубека…

Для яе ўсе людзі добрыя. У добрага чалавека не бывае ворагаў. Градкі Надзея саджала пад дыктовачку суседкі Ніны, а ўраджай гародніны вырас някепскі. І цяпер ужо не яны са сталіцы возяць, а самі вязуць туды экалагічна чысты прадукт. Сваё — салодкае. У грыбочкі ўлетку дабягуць, аж да Зялёнага Вострава і далей, да дуба Тадулінскага. Для Надзеі, майстра спорту па лёгкай атлетыцы, — не круг! А для Рычарда Лорда і ўвогуле рай зямны — бегай па лесе колькі заўгодна. Вось так і жывуць гараджане ў Чэрцах. Па выхадных сядаюць на веласіпеды — і куды далей. Аб’ездзілі Лепель, любуючыся яго краявідамі, у госці едуць і самі вельмі рады гасцям. Не бывае, каб адны на выхадных дома сядзелі. Нават тэлевізар улетку на веранду выстаўляюць — бліжэй да прыроды. І самі бліжэй да натуральнага жыцця імкнуцца.

*  *  *

 Пажаніліся толькі летась. У сакавіку пабраліся шлюбам. Хаця яшчэ дваццаць гадоў таму Раман прапаноў­ваў.

— Абяцала падумаць, — усміхаецца Надзея. — Вось і думала… дваццаць гадоў… Зноў адшукалі адзін аднаго ў сеціве. Ён пасланне прыслаў: «Привет». Усяго адно слова.

Якім жа дарагім бывае слова!.. Затым яна ездзіла да яго ва Украіну, у горад Хмяльніцкі, на тры майскія дні. Пасля ў ліпені паехала на свята горада, а затрымалася на два месяцы. І ўрэшце ён прыехаў да яе ў Мінск, не захацеўшы ваяваць у сваёй краіне. Так і сказаў: “На чужыне ваяваў, а ў сваёй краіне не хачу…”

У вёску паехалі можа не столькі па рамантыку, колькі па банальнай прычыне таго, што на працу было ўладкавацца не так проста.

— Мне яшчэ прасцей, — кажа Надзя, — у мяне дзве адукацыі — педагог і юрыст. А Ромка што, ён вайсковец. Па палях бегаў увесь час ды ваяваў. А за Мінск мы ніколі не трымаліся. Я вырасла ў сям’і ваеннага энергетыка, шмат дзе пабывала. І ў Германіі была…

Пакуль што яны знайшлі сваё шчасце ў Чэрцах, дзе ўжо амаль на год зацягнуўся іх «мядовы месяц». Хто ведае, магчыма, гэты іх запознены май жыцця працягнецца гэтулькі, колькі яны яго чакалі?

Сустрэцца ў юнацтве, каб пабрацца ў сталасці і на ўсё жыццё працягнуць «мядовы месяц» — дзівосная гісторыя кахання!

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: «мядовы месяц» Надзеі і Рамана Кандрацюкоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.