Обелиск при дороге

2-udzelniki-ekspedycyi-kalya-partyzanskaj-lazniНягледзячы на спецыфіку дзейнасці Бярэзінскага біясфернага запаведніка як прыродаахоўнай установы, вялікая роля тут надаецца працы з дзецьмі.

Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, што ладзіць запаведнік — штогадовая веласіпедная эколага-краязнаўчая экспедыцыя “Бярэзінскае кальцо”. У гэтым годзе яна праводзілася ў трэці раз. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел турызму, экалагічнай асветы і інфармацыйнага забеспячэння Бярэзінскага біясфернага запаведніка і аддзел па адукацыі Лепельскага райвыканкама. Паўдзельнічалі ў экспедыцыі навучэнцы і педагогі дадатковай адукацыі турыстычных і краязнаўчых аб’яднанняў па інтарэсах, якія працуюць на базе Домжарыцкай, Заслонаўскай, Слабадской школ і Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Удзельнікі экспедыцыі не маглі абысці ўвагай той факт, што падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941- 1945 гг. Бярэзінскі запаведнік стаў цэнтрам партызанскага руху. З той ваеннай пары засталося шмат памятных месцаў. А партызанскі лес хавае ў сваіх гушчарах шмат таямніц ваеннай гісторыі краю. Ахвярамі той вайны сталі не толькі воіны і партызаны, што склалі свае галовы ў барацьбе з ворагам, але і сотні мясцовых жыхароў. Пра гэта нагадваюць шматлікія помнікі і абеліскі ў навакольных вёсках і ўрочышчах запаведніка.
Першы прыпынак зрабілі ў вёсцы Кветча, размешчанай на беразе Сергуцкага канала. На вясковых могілках пахаваны камандзір партызанскага атрада Кузьма Аўтушка. Улетку 1941-га, калі пачалася вайна, адразу распачаў актыўную дзейнасць па фарміраванні партызанскага атрада, куды ўступілі мясцовыя хлопцы і салдаты-акружэнцы. Кузьма Аўтушка загінуў у ліпені 1941 года ў баі з літоўскімі калабарантамі. На ўскрайку вёскі — брацкая магіла жыхароў Пастрэжжа, якія загінулі падчас карнай аперацыі “Котбус”.
Далейшы прыпынак — у Крайцах ля брацкай магілы, дзе сярод іншых воінаў і партызанаў пахаваны мінёр Віктар Кладзіеў. У 1945 годзе яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза за мужнасць, праяўленую пры ўзвядзенні пераправы праз Бярэзіну ў чэрвені 1944 года.
Узбоч дарогі, што вядзе з Крайцаў у Пастрэжжа, знаходзіцца магіла партызана Мікалая Калітніка з чашніцкай вёскі Латыгалічы.
Усталяваны помнік — скульптурная кампазіцыя партызана з аўтаматам у руках — і ва ўрочышчы Магілкі, недалёка ад былой вёскі Пастрэжжа. У брацкай магіле спачываюць дзясяткі партызанаў, якія загінулі падчас прарыву блакады ў домжарыцкіх балотах летам 1943 года. У асобнай магіле пахаваны Міхаіл Гнятко, камісар атрада “За радзіму”. У красавіку 1976 года магілу сына наведалі бацькі. Тая гістарычная падзея была зафіксавана на шэрагу фотаздымкаў, якія дайшлі да нашага часу.
Па абодва бакі канавы Сываратка ў гады Вялікай Айчыннай вайны базіраваліся партызанскія фарміраванні. Да цяперашняга часу захаваліся яміны ад колішніх зямлянак. На месцы дыслакацыі атраду “Лявонаўцы” ў 1960-я гг. усталяваны мемарыяльны знак.
У гады вайны ў наваколлях вёскі Нешкава дзейнічаў разведвальна-дыверсійны атрад Героя Савецкага Саюза Рыгора Лінькова, іншыя партызанскія фарміраванні. Напамін пра тое — бетонны слуп. Шэраг падобных бетонных слупоў быў усталяваны па ўсёй тэрыторыі запаведніка, у месцах дыслакацыі партызанскіх фарміраванняў.
На ўскрайку запаведнай вёскі Цярэшкі ў брацкай магіле пахаваны адзінаццаць партызанаў брыгад “Гроза” і Сенненская. У асобнай магіле спачывае партызанка Аляксандра Рабава. У 2018 годзе была праведзена рэканструкцыя воінскага пахавання. На памятнай шыльдзе з’явіліся імёны пахаваных партызанаў, якія былі ўстаноўлены слабадскімі следапытамі ў выніку архіўнага пошуку.
За пяць дзён восеньскіх канікулаў краязнаўцы праехалі на веласіпедах больш за 150 кіламетраў па тэрыторыі Крайцаўскага, Цярэшкінскага і Домжарыцкага лясніцтваў, сабралі матэрыял для распрацоўкі новых веласіпедных маршрутаў. Не сталі перашкодай ні восеньскі дождж, ні густы туман, ні цяжкапраходныя лясныя дарогі.
Хутка праляцелі дні, з карысцю праведзеныя на прыродзе. Удзельнікі экспедыцыі засвоілі новыя веды аб канкрэтных прыродных аб’ектах, атрымалі ўяўленні пра важнасць асабліва ахоўнай тэрыторыі і неабходнасці захавання запаведнага рэжыму, наведалі памятныя месцы мінулай вайны і аддалі даніну памяці загінулым землякам.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.