Человек года Витебщины-2019 Зинаида Симако нашла своё призвание в работе с людьми

simako-zinaida-viktorovnaЗ Зінаідай Сімака, загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна”, мы знаёмыя ўжо не адзін год.

Наведвальнікі аддзялення ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў нашым раёне. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі рыхтуюць яркія, запамінальныя выставы, якія ўражваюць гледачоў, захапляюць сваім артыстызмам і вакальнымі здольнасцямі ў час правядзення творчых конкурсаў, фестываляў, выступаюць на турыстычных злётах, прымаюць удзел у святкаванні Дня горада, займаюцца кулінарыяй, раслінаводствам, працуюць за камп’ютарам — і гэта далёка не ўвесь пералік заняткаў падапечных Зінаіды Віктараўны. Самае ж галоўнае тое, што людзі з інваліднасцю не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, а пастаянна адчуваюць клопат, увагу і цёплую падтрымку. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яны цікава і змястоўна праводзяць свой час.
— Прызнаюся шчыра: наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў з’яўляюцца для мяне адной вялікай і дружнай сям’ёй. Гэта родныя людзі, за якіх заўсёды турбуюся, перажываю, імкнуся падтрымаць у хвалюючы момант. Вядома, што не ў кожнага адразу атрымліваецца знайсці агульную мову з іншымі, праявіць свае здольнасці. Разам з работнікамі аддзялення мы робім усё для таго, каб чалавек паверыў у свае сілы, знайшоў блізкіх па духу людзей і адчуў, што ён вельмі патрэбны грамадству, — кажа Зінаіда Віктараўна, і я ў чарговы раз упэўніваюся, наколькі шчырае і адкрытае сэрца гэтай жанчыны. Сваё прызванне яна знайшла ў рабоце з людзьмі.
Калі я даведалася, што па выніках работы за 2019 год Зінаіда Сімака атрымала ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”, ніколькі не здзівілася. Выдатны работнік, які цалкам аддае сябе любімай справе, заслугоўвае самай высокай узнагароды.
Зінаіда Віктараўна ажыўлена расказвае мне пра яркія будні наведвальнікаў аддзялення, іх творчыя поспехі і далейшыя планы, а я ў думках вяртаюся на васямнаццаць год назад і ўзгадваю мілую медсястру, якая толькі пачала свой працоўны шлях пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага вучылішча. Прыйшоўшы ў кабінет фізпрацэдур амбулаторыі ўрача агульнай практыкі №1, адразу звярнула ўвагу, з якім клопатам і цеплынёй Зінаіда адносіцца да пажылога пацыента. Уважліва выслухаўшы дзядулю, яна дапамагла яму прылегчы на кушэтку.
— Не хвалюйцеся, калі ласка, усё будзе добра. Бачыце, які вы малайчына! Хутка пойдзеце на папраўку, — супакойвала пацыента маладая медсястра.
З цікавасцю назірала за гэтым — і зразумела, што цёплыя словы здольныя вылечыць лепш за любыя лякарствы.
— А дзе такіх работнікаў вучаць? — спытаў дзядуля ў Зінаіды.
— У Віцебску вучаць, — адказала дзяўчына.
Так, у навучальнай установе рыхтуюць спецыялістаў, але ж хіба можна навучыць любові да сваёй справы, чуласці і бясконцаму жаданню дапамагаць чалавеку? Такія якасці нараджаюцца ў сэрцы.
Душэўную цеплыню Зінаіды адчулі і работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сюды дзяўчына была накіравана для праходжання практыкі падчас навучання ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава па спецыяльнасці “Сацыя-медыка-псіхалагічная дзейнасць”. У 2007 годзе Зінаіда Віктараўна была прынята на працу сацыяльным педагогам аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра. У абавязкі жанчыны ўваходзіла работа з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Зінаіда праводзіла прафілактычныя гутаркі з бацькамі, якія з-за злоўжывання спіртным забывалі пра самае дарагое ў жыцці — сваіх дзяцей. Дзякуючы рашучасці, мэтанакіраванасці і ўменню знаходзіць да людзей індывідуальны падыход Зінаідзе ўдалося дасягнуць галоўнай мэты. Многія сем’і, якія былі ўзяты на кантроль па прычыне п’янства, выйшлі на шлях выпраўлення.
У 2012 годзе адказная работніца была прызначана загадчыкам аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Работнікі аддзялення за невялікую аплату дапамагалі пажылым людзям у правядзенні шэрага хатніх работ — колцы дроў, паклейцы шпалераў і г.д. Тут жа аказваліся і паслугі сядзелкі.
Працоўная энергія і ініцыятыва Зінаіды Віктараўны хутка былі адзначаны кіраўніцтвам цэнтра. Не выпадкова ў 2017 годзе менавіта яна была прызначана загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Літаральна кожны дзень наведвальнікаў цэнтра распісаны па хвілінах. Цікавыя экскурсіі па памятных мясцінах, турыстычныя паходы, творчыя сустрэчы, выступленні ў конкурсах, фестывалях… Мерапрыемствы, якія былі арганізаваны маладым ініцыятыўным загадчыкам, дапамаглі людзям з фізічнымі недахопамі забыць пра свае праблемы і пазнаць жыццё ва ўсёй яго прыгажосці і разнастайнасці. У 2018 годзе па вуліцы Лабанка, д. 30 ў г. Лепелі быў адкрыты Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна, на базе якога працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Цэнтр быў пабудаваны па сумесным праекце Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЭкаБудаўнік” (г. Мінск), нямецкай дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля” (Германія) і Лепельскага райвыканкама, які быў рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Федэральнага міністэрства па эканамічным супрацоўніцтве Германіі. Для людзей з інваліднасцю адкрыццё Цэнтра стала сапраўдным падарункам. Ва ўтульных, добраўпарадкаваных кабінетах установы арганізавана работа кабінетаў працоўных проб, дзе кожны з наведвальнікаў знойдзе для сябе занятак па душы. Так, у кабінеце працоўных проб па доглядзе за раслінамі і заняткаў фларыстыкай арганізавана дзейнасць працоўнай майстэрні па раслінаводстве. У кабінеце прыгатавання ежы наведвальнікі вучацца кухарыць, у кабінеце працоўных проб па вырабе сувеніраў і бісерапляценні жадаючыя з задавальненнем займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Тут жа арганізавана работа гуртка “Вясёлка”. Жанчыны ахвотна займаюцца ў кабінеце працоўных проб швейнай справай і рамонтам бялізны. Працуе і раскроечны цэх. У цэнтры ёсць таксама памяшканне для навучання мыццю бялізны. Госці з задавальненнем праводзяць час у кабінеце фізічнай рэабілітацыі, камп’ютарным класе, дзе створаны кол-цэнтр для людзей, пазбаўленых слыху. Для таго, каб атрымаць асалоду ад прыемнай мелодыі або проста прысесці і адпачыць, можна наведаць кабінет рэлаксацыі.
Двойчы ў тыдзень Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў наведваюць выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Такім чынам наладжваецца пераемнасць паміж двума пакаленнямі, дзецьмі і дарослымі. Аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў наладжана таксама цеснае супрацоўніцтва з дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Жамчужына”. У рамках сумеснага праекта “Аздараўленне без лекаў” для маладых інвалідаў арганізавана бясплатнае наведванне фізпрацэдур, прыняцце лячэбных ваннаў. Летась такія працэдуры ў “Жамчужыне” атрымалі трынаццаць чалавек.
— Мы клапоцімся не толькі пра наведвальнікаў цэнтра, а і іх бацькоў. У выхадныя дні татам і мамам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, аказваюцца паслугі сацыяльнай перадышкі. Для таго, каб бацькі маглі хоць некаторы час адпачыць, заняцца ўласнымі справамі, мы клапоцімся пра змястоўны адпачынак іх дзяцей, — працягвае Зінаіда Віктараўна. — У мінулым годзе ў Цэнтры сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў адкрыты тры новыя майстэрні — па вырабе рэчаў з папяровых трубачак, па вырабе свечак і мыла, а таксама па вырабе штэпсельнай вілкі. З 2019 года ў Цэнтры працуе таксама ўпаковачны цэх. На будучае запланавана адкрыццё кулінарнай майстэрні, дзе будуць вырабляцца поп-корн, салодкая вата, пончыкі з цукровай пудрай, гатавацца чай і кава. Плануем таксама адкрыццё садаводчай майстэрні, дзе будзе вырошчвацца расада кветак, туі, гародніны і г.д. Для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра мы працуем над праектам працоўнай майстэрні па паліграфіі.
Для павелічэння спектра магчымасцяў людзей з інваліднасцю, іх дадатковага навучання дзяржаўнай установай “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” арганізавана супрацоўніцтва з шэрагам устаноў. Сёлета пачне сваю работу міжнародная школа для загадчыкаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, псіхолагаў, інвалідаў, іх бацькоў, а таксама апекуноў, выхавальнікаў дзяцей-інвалідаў. Цэнтр наведаюць прадстаўнікі Смаленскай абласной дзяржаўнай установы “Рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей і падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі” “Вішанькі”, Торунскага завода перавязачных матэрыялаў (Польшча), а таксама выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта і ВДУ імя П. Машэрава. Прадстаўнікі ўстаноў выступяць са змястоўнымі лекцыямі.
З цікавасцю слухаю Зінаіду Віктараўну.
— Колькі ж у вас жыццёвай энергіі, умення ўсюды паспяваць і бясконцай любові да абранай прафесіі!
— Крыніцай майго натхнення ў рабоце з’яўляецца мая сям’я, — шчыра прызнаецца суразмоўца. — Лічу сябе шчаслівым чалавекам, таму што заўсёды па жыцці адчуваю падтрымку сваіх родных. Муж Сяргей працуе кіроўцам у Барсукоўскім лясніцтве эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі “Барсукі”. Старэйшая дачушка Марыя вучыцца ў восьмым класе сярэдняй школы №3, а Дана, якой споўнілася пяць год, наведвае дзіцячы сад.
Калі ж у Зінаіды Віктараўны з’яўляецца вольная хвілінка, для сваіх родных яна выпякае смачныя торты, гатуе шмат апетытных страў, захапляецца вырошчваннем архідэй. Яркія россыпы любімых кветак упрыгожваюць утульныя пакоі кватэры. Дачушкі даглядаюць і хатняга любімца — папугайчыка Рычарда. У летні час сям’я з задавальненнем падарожнічае. Бацькі разам з любімымі дачушкамі пабывалі ў Егіпце, Турцыі, наведалі шмат памятных мясцін Беларусі.
Такія якасці, як шчырасць, адказнасць і адданасць любімай прафесіі, Зінаіда Віктараўна пераняла ў сваіх бацькоў. Тата, Віктар Пятровіч Іванкіў, не адзін дзясятак год аддаў службе ў міліцыі, больш за дзесяць гадоў узначальваў Лепельскі гарадскі аддзел Дэпартамента аховы.
Прафесіяналізм і адказнасць Зінаіды Віктараўны былі неаднаразова адзначаны шэрагам заслужаных узнагарод. У 2018 годзе дзяўчына была ўзнагароджана Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама за добрасумленную, эфектыўную работу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі па сацыяльнай абароне насельніцтва. У свой час Зінаіда Віктараўна была занесена на Дошку гонару лепшых работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра, а па выніках работы за 2018 год занесена на раённую Дошку гонару. Прыемным сюрпрызам для адказнай работніцы стала атрыманне ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2019”.
Наша Зінаіда Віктараўна — самая добрая, мілая, спагадлівая, яна для нас быццам родная матуля, — так кажуць пра Зінаіду Сімака ўдзячныя наведвальнікі аддзялення для інвалідаў.
— Я вас таксама вельмі люблю, мае дарагія, — шчыра прызнаецца жанчына і пяшчотна прытуляе да сябе сваіх падапечных. Шчырасць і душэўная цеплыня Зінаіды Віктараўны саграваюць сэрцы людзей, і робяць наша жыццё прыгажэйшым.
Святлана ВАЗНЯК.

One thought on “Человек года Витебщины-2019 Зинаида Симако нашла своё призвание в работе с людьми

  • 22.02.2020 в 8:47 дп
    Permalink

    Уважаемая Зинаида. Надеюсь моя личная просьба не останется без внимания. Я житель крайнего Севера. Ищу в вашем городе человека. Убедительно прошу зайти на мою электронку pli-51@bk.ru
    дайте знать что вы меня услышали. Я в личном обращении к вам ,опишу свою проблему. уважением Лидия .

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.