Стаўка на эфектыўнасць галіны

На абмеркаванне ўдзельнікаў пазачарговай сесіі Лепельскага раённага Савета дэпутатаў быў вынесены шэраг пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна. Першае з іх было прысвечана тэме выканання прагнозных паказчыкаў у сельскай гаспадарцы за студзень — сакавік 2013 года.

Усебакова асвяціў гэту тэму ў сваім выступленні першы намеснік старшыні райвыканкама Васіль Чарэднік. Аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі жывёлагадоўлі ў сельскагаспадарчых аргані­зацыях раёна ўсіх формаў уласнасці за студзень — сакавік бягучага года склаў 27 мільярдаў 261 тысячу рублёў, што на 5,8 працэнта больш за адпаведны перыяд мінулага года.

Найбольшую ўдзельную вагу ў структуры валавой прадукцыі жывёлагадоўлі займае вытворчасць малака, якая складае 34,9 працэнта, мяса птушкі — 26,4, свіней — 24, 6 працэнта.

 За першы квартал узровень валавой прадукцыі вырошчвання жывёлы склаў 112,2 працэнта, у тым ліку вырошчвання буйной рагатай жывёлы — 100,7, свіней — 103,1, мяса птушкі — 130,8 працэнта. Вытворчасць малака скарацілася і склала да ўзроўню мінулага года 95,8 працэнта.

 Самы высокі ўзровень вытворчасці валавой прадукцыі за студзень — сакавік атрыманы ў цэху па вырошчванні куранят-бройлераў сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Віткомпрадукт” — 130,8 працэнта, філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” — 109,2 працэнта.

 Разам з тым было адзначана, што большасцю сельскагаспадарчых арганізацый раёна не забяспечана выкананне вытворчасці валавой прадукцыі жывёлагадоўлі нават на ўзроўні мінулага года.

 Так, у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Чарэйшчына” за справаздачны перыяд выпушчана валавой прадукцыі жывёлагадоўлі толькі 82,6 працэнта да мінулага года, у ААТ “Ладасна” — 95 працэнтаў, ААТ “Лепельаграсэрвіс” — 97,6 працэнта, на сельгаспрадпрыемствах “Лепельскае” — 89,9 працэнта, “Баброва” — 87,6 працэнта, а на Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі — 89,5 працэнта.

 Пяць сельскагаспадарчых арганізацый скарацілі вытворчасць малака. Найбольшае зніжэнне дапушчана ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Чарэйшчына”, дзе да ўзроўню мінулага года выпушчана малака толькі 79,7 працэнта, надой на карову знізіўся на 226 кілаграмаў і склаў 749 кг. У сельгаспрадпрыемстве “Баброва” вытворчасць малака склала 79 працэнтаў, надой знізіўся на 189 кг і склаў 712 кілаграмаў. Гэта самы нізкі надой на карову па раёне.

 У шасці сельскагаспадарчых арганізацыях скарацілася вырошчванне мяса буйной рагатай жывёлы: у ААТ “Чарэйшчына” яна склала 89,6 працэнта, у ААТ “Ладасна” — 92,1, СВП “Пражэктар” — 90,8 працэнта, сельгаспрадпрыемстве “Лепельскае” — 95,6, а ў ААТ “Лепельаграсэрвіс” — 88,6 працэнта. Менш за 500 грамаў атрыманы сярэднясутачныя прывагі на маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Ладасна” — 467 грамаў, сельгаспрадпрыемстве “Баброва” — 474, а таксама ў ААТ “Лепельаграсэрвіс” — 464 грамы.

 Кантрольныя мерапрыемствы і работа спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на месцах паказалі, што асноўнымі прычынамі, якія паўплывалі на аб’ёмы вытворчасці мяса і малака, рэалізацыі малака дзяржаве, з’яўляюцца незахаванне тэхналогіі пры нарыхтоўцы кармоў, што прывяло да зніжэння якасці і пажыўнасці нарыхтаваных кармоў, недахоп сочных кармоў (кукурузнага сіласу) для кармлення дойнага статка, парушэнне тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы, а таксама змяншэнне колькасці ацёлаў і атрыманага прыплоду.

 У цяперашні час адсутнічаюць уласныя сочныя кармы ў адкрытых акцыянерных таварыствах “Чарэйшчына”, “Ладасна”, а таму яны прывозяцца з іншых гаспадарак раёна. Заканчваецца кукурузны сілас у сельгаспрадпрыемстве “Лепельскае”. Такое становішча склалася ў выніку таго, што ў гаспадарках зроблены няправільныя падыходы выкарыстання кармоў праз прыгатаванне кормасумесяў, пры гэтым не былі ўлічаны патрабаванні і рэкамендацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. У шэрагу гаспадарак, такіх як КУВСГП “Баброва”, ААТ “Лепельаграсэрвіс”, і ў цяперашні час дойны статак часта корміцца не кормасумессю і адным відам корму, сенажом або сіласам.

 У сельскагаспадарчых арганізацыях, якія маюць недахоп кармоў, рацыёны кармлення не балансуюцца па пажыўных рэчывах — бялку, цукру, сухім рэчыве і мікраэлементах.

 ПРАКТЫЧНА ЎСЮДЫ ДАПУСКАЕЦЦА ЭЛЕМЕНТАРНАЯ БЕЗГАСПАДАРЧАСЦЬ, адсутнічае кантроль з боку службовых асоб гаспадаркі за тэхналогіяй кармлення жывёл, а таксама рацыянальным выкарыстаннем кармоў. Толькі ў адзінкавых гаспадарках на змяшальніках-раздатчыках кармоў устаноўлены вагі. Кармы, якія завозяцца на кармавую пляцоўку або загружаюцца ў раздатчыкі кармоў, часта паступаюць да жывёлы з рэшткамі нехарчовых матэрыялаў — поліэтыленавай плёнкі і саломы.

 Толькі пастаянная, штодзённая работа кіраўніка і спецыялістаў усіх узроўняў на фермах дасць жаданы вынік.

 У сваім выступленні Васіль Чарэднік указаў на недахопы ў рабоце кіраўніцтва ААТ “Лепельаграсэрвіс”, дзе стрымліваецца вытворчасць малака, не закупляюцца пад поўную патрэбу канцэнтраваныя кармы, і за гэта трэба несці адказнасць.

 Вытворчасць малака непарыўна звязана з вытворчасцю статка. У сусветнай практыцы ўстаноўлена, што малочная прадукцыйнасць кароў залежыць на 50 — 60 працэнтаў ад узроўню карм­лення і якасці кармоў, на 20 — 25 працэнтаў — ад селекцыйнай работы і вытворчасці статка і на 20 — 25 працэнтаў — ад умоў утрымання і тэхналогіі даення.

 Правал большасці сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці малака ў першым квартале бягучага года непасрэдна звязаны з праблемамі ў асемяненні кароў і цёлак у красавіку — чэрвені мінулага года. У цэлым па раёне за справаздачны перыяд недаатрымана да мінулага года 264 галавы прыплоду цялят. Гэта значыць, што за лік зніжэння навацельных кароў раён штодзень недабірае 4,7 тоны малака.

 На першага красавіка ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” недаатрымана да мінулага года 103 расцёлы кароў і нецеляў. У выніку гаспадарка ледзь утрымліваецца па вытворчасці малака на ўзроўні мінулага года — 100,4 працэнта пры павелічэнні колькасці пагалоўя кароў на 8,2 працэнта. У ААТ “Лепель­аграсэрвіс” атрымана на 97 ацёлаў менш, а таму што­дзённая вытворчасць малака складае 87,8 працэнта да мінулага года, а пры ўдоі на карову — 8,6 кілаграма (-1,7 кілаграма).

 Аналагічная сітуацыя склалася ў ААТ “Чарэйшчына”: недаатрымана 63 расцёлы кароў і нецеляў, вытворчасць малака складае да мінулага года 74,1 працэнта штодзённа, у сельгаспрадпрыемстве “Баброва” — 78,6 працэнта пры ўдоі на карову 8,3 кілаграма (-2,8 кг).

 Са станоўчага боку было адзначана, што большасць сельскагаспадарчых арганізацый улі­чыла недапрацоўкі мінулага года і паглыбіла сваю работу па асемяненні кароў і цёлак сёлета. Па выніках работы за студзень — сакавік па раёне прайшло асемяненне больш на 107 галоў кароў, цёлак — на 131 галаву. Разам з тым у ААТ “Лепельаграсэрвіс” і ў цяперашні час асемяненне жывёлы арганізавана дрэнна. За першы квартал прайшло асемяненне кароў і цёлак на 23 галавы менш, на прагулку каровы выганяюцца не ў дастатковай колькасці. На фермах Цаліна, Грыгаравічы асемяненне кароў аднаразовае, часта каровы не асемяняюцца па прычыне адсутнасці транспарту па дастаўцы тэхніка-асемянатара.

 ПА-РАНЕЙШАМУ Ў РАЁНЕ З’ЯЎЛЯЕЦЦА АКТУАЛЬНай ЗАХАВАНАСЦь БУЙНОЙ РАГАТАЙ ЖЫВЁЛЫ. За першы квартал бягучага года пасля вымушанага і забою здаровай жывёлы, падзяжу выбыла 380 галоў буйной рагатай жывёлы, а ў насельніцтва было закуплена толькі 30 галоў.

 У сельскагаспадарчых арганізацыях Лепельскага раёна за тры месяцы бягучага года страцілі 33 галавы буйной рагатай жывёлы, што на тры галавы менш да аналагічнага перыяду мінулага года.

 Аналізуючы прычыны вытворчага выбыцця жывёлы па раёне, трэба адзначыць, што хваробы стрававальнай сістэмы складаюць 72 працэнты, дыхальнай — 21 працэнт, абмену рэчываў — тры працэнты і г.д.

 У час праведзеных праверак на месцах быў заўважаны шэраг недахопаў у арганізацыі вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы. Так, у ААТ “Ладасна” не выкарыстоўваюцца па прызначэнні радзільныя боксы — у іх утрымліваюцца цяляты. Назіраецца скучанасць жывёлы. Нованароджаныя цяляты несвое­часова пераво­дзяцца ў групу дарошчвання, парушаны схемы выпайкі малака, работнікамі не выконваюцца працоўныя абавязкі.

 У ААТ “Лепельаграсэрвіс” адсутнічаюць радзільныя боксы, нованароджаныя цяляты ўтрымліваюцца ў групавых клетках у антысанітарных умовах (немагчыма правесці дэзінфекцыю і вапнаванне), не захоў­ваецца прынцып “пуста-занята”, адсутнічае падсцілачны матэрыял, назіраецца скучанасць. У гаспадарцы адзначаюцца парушэнні ў тэхналогіі кармлення цялят, адсутнічаюць мінеральныя дабаўкі, ёсць месца парушэння працоўнай дысцыпліны сярод аператараў машыннага даення. Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў КУВСГП “Лепельскае”. Асноўнымі прычынамі непрадукцыйнага выбыцця жывёлы з’яўляюцца парушэнне тэхналогіі кармлення, незахаванне рацыёнаў, якія распрацаваны ў кожнай гаспадарцы.  У адкрытых акцыянерных таварыствах “Ладасна”, “Лепель­аграсэрвіс”, КУВСГП “Лепельскае” асноўны працэнт непрадукцыйнага выбыцця адзначаецца ў групе цялят да 20-дзённага ўзросту.

 Аператары машыннага даення фізічна не могуць даіць 40 — 50 кароў і карміць нованароджаных цялят у колькасці восем — чатырнаццаць галоў з захаваннем гігіены, рэгулярнасці кармлення.

 Практыка паказвае, што калі абслугоўванне нованароджаных цялят ажыццяўляе асобна замацаваны чалавек, то паказчыкі (у прыватнасці, працэнт захворвання страўнікава-кішачнага тракту сярод нованароджаных цялят) змяншаюцца. Паляпшаецца якасць абслугоўвання, паколькі адказнасць становіцца ў максімальнай ступені канкрэтнай і індывідуальнай. Гэта бачна на прыкладах у СВФ “Заазер’е”. На робатызаваным комплексе Юркоўшчына назіраюцца толькі адзінкавыя выпадкі па­дзяжу маладняку да 20-дзённага ўзросту, у КУВСГП “Баброва” выбыла чатыры галавы цялят 20-дзённага ўзросту за тры месяцы бягучага года.

 У завяршэнне Васіль Чарэднік адзначыў, што ў кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі павінна быць запланавана і зроблена рэканструкцыя вытворчага памяшкання для ўтрымання цялят на глыбокай посцілцы з прымяненнем аўтамам і малочных “таксі”.

 Гаспадаркам раёна неабходна ўдзяляць больш увагі на якасць кармоў. Прадуктыўнасць і здароўе жывёл залежыць не толькі ад колькасці кармоў, але і ад іх якасці.

 У гаспадарках ёсць і працуюць аэразольныя генератары для прафілактыкі рэспіраторных захворванняў, закуплены маразільныя камеры для замарозкі малозіва. Для зніжэння непрадукцыйнага выбыцця жывёлы ў раёне за месяц пабудаваны прафілакторыі, радзільныя боксы. За тры месяцы бягучага года кампенсаваны нанесены ўрон за падзеж жывёлы па ініцыятыве КУВСГП “Баброва” — адзін мільярд 578 тысяч 80 рублёў, а па ініцыятыве КУВСГП “Лепельскае” — 842 тысячы 200 рублёў. Для паляпшэння захаванасці жывёлы неабходны аптымі­зацыя кармлення, утрыманне матачнага пагалоўя і прыплоду, строгі кантроль за якасцю кармоў і збалансаванасцю рацыёну, арганізацыя прагулак у зімне-стойлавы перыяд, падтрыманне на фермах, прафілакторыях і цялятніках высокай санітарнай культуры, а таксама рэгуляванне параметраў мікраклімату ў памяшканнях згодна з заатэхнічнымі нормамі.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.