Найлепшы адпачынак
Адпачынак на Лепельшчыне не страчвае сваёй папулярнасці сярод жыхароў Беларусі і жыхароў блізкага замежжа. У перыяд з першага мая па дзявятага жніўня бягучага года ў Лепельскім ваенным санаторыі выдатна адпачылі і палепшылі сваё здароўе дзве тысячы 289 чалавек, з іх 50 працэнтаў — жыхары Беларусі, другая палова — нашы суседзі з Расіі. У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына” штогод адпачываюць каля сямі тысяч чалавек.
Новае абсталяванне
Для якаснага і дэталёвага абследавання хворых ва ўстанове аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” набываецца новае абсталяванне.
Не так даўно былі набыты дзве эндаскапічныя відэастойкі, выкарыстанне якіх дапамагае ў больш дакладнай пастаноўцы дыягназу.
58 малышоў
Лета стала ўраджайным і для работнікаў радзільнага аддзялення ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”. У чэрвені тут з’явіліся на свет 33 малышы, у ліпені — 21, а на працягу жніўня — чацвёра. У апошнім месяцы лета ў аддзяленні запланавана яшчэ больш за дваццаць родаў.
Прыцягваюць турыстаў
У дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Лепельскі лясгас” значная ўвага надаецца развіццю турыстычнага бізнэсу, вядзенню паляўнічай гаспадаркі. Турысты з задавальненнем праводзяць вольны час у доміку паляўнічага на жывапісным узбярэжжы возера Доўгае, што на тэрыторыі Заазерскага лясніцтва. У маі тут адпачылі 66 чалавек, з іх васьмёра масквічоў, у чэрвені — 55, ліпені — 87. Колькасць турыстаў за жнівень складзе 31 чалавек. Турыстычныя паслугі з пачатку мая па сённяшні дзень прынеслі лясгасу даход у суме 73 мільёны 808 тысяч рублёў. Даход ад вядзення паляўнічай дзейнасці за чэрвень і ліпень склаў 64,6 мільёна рублёў.